Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міколу Чарткова аштрафавалі на 700 тысяч рублёў


18 ліпеня Наваполацкі суд аштрафаваў сябра аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Міколу Чарткова за распаўсюд незалежнай прэсы.

У пастанове па справе аб адміністрацыйным правапарушэньні гаворыцца, што Мікола Чарткоў у Наваполацку «шляхам раскідваньня ў паштовыя скрыні незаконна распаўсюджваў прадукцыю сродкаў масавай інфармацыі. А менавіта газэту „Тут і цяпер“ — з пазначаным накладам 299 асобнікаў і маючы пры сабе 370 асобнікаў — якая ня мае дзяржаўнай рэгістрацыі. І гэтым парушыў палажэньні закону аб СМІ».

Сярод сьведак, якія выступілі ў судзе, быў намесьнік дырэктара «Паліміра» па ідэалягічнай працы Сяргей Бракун.

Мікола Чарткоў сваёй віны не прызнаў і сказаў, што ня ведае наогул пра газэту «Тут і цяпер», і што ён яе не распаўсюджваў.

Міколу Чарткова затрымалі 10 ліпеня, завезьлі ў пастарунак.

Сёньня спадар Чарткоў распавёў Радыё Свабода: «Я ішоў у краму, мяне затрымалі і адвезьлі ў міліцыю. Потым мяне павезьлі ў суд, які мяне аштрафаваў на 70 тысяч рублёў за тое, што я нібыта лаяўся ля дзьвярэй пастарунку. А потым на мяне склалі новы пратакол, дзе мяне вінавацяць у распаўсюдзе незалежнай прэсы. Але я гэтага не рабіў. Спачатку суд прызначылі на 12 ліпеня, а потым перанесьлі на 18 ліпеня, бо шукалі нейкіх сьведак».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG