Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайсковая пракуратура правярае заявы пра катаваньні ў КДБ


СІЗА КДБ
СІЗА КДБ
10 чэрвеня жонку палітвязьня Алеся Атрошчанкава Дар'ю Корсак выклікалі ў вайсковую пракуратуру для дачы паказаньняў адносна вядомых ёй фактаў катаваньняў у КДБ.

Раней Дар'я Корсак заявіла пра катаваньні ў КДБ пасьля размовы са сваім мужам Алесем Атрошчанкавым, якога да суду больш за тры месяцы трымалі ў СІЗА КДБ і, паводле ягоных слоў, катавалі і абыходзіліся зь ім бесчалавечна.

Допыт Дар'і Корсак, аднак, не адбыўся. Жонка палітвязьня прыйшла ў вайсковую пракуратуру з прадстаўніком — незалежнай юрысткай Аленай Танкачовай, але сьледчы адмовіўся весьці допыт у прысутнасьці Танкачовай.

"У выніку мы дамовіліся, што допыт адбудзецца ў аўторак, 14 чэрвеня, і я буду з адвакатам", — сказала Дар'я Корсак.

Як паведаміла "Свабодзе" кіраўнік Цэнтру прававых трансфармацый Алена Танкачова, яна накіравала ў вайсковую пракуратуру афіцыйныя заявы пра вядомыя ёй факты катаваньняў і бесчалавечнага абыходжаньня ў СІЗА КДБ, на дадатак да тых, пра якія паведаміла Дар'я Корсак.

"Гэта факты, пра якія казалі экс-кандыдаты на прэзыдэнта Алесь Міхалевіч і Ўладзімер Някляеў. Мяркую, вайсковай пракуратуры трэба разьбірацца і зь імі, як і з паказаньнямі Алеся Атрошчанкава. Таксама не выключаю, што зьявяцца іншыя факты, бо мы заклікалі пацярпелых паведамляць пра такія факты", — сказала Алена Танкачова.

У сакавіку, пасьля заяваў пра катаваньні ў СІЗА КДБ, сьледчыя спрабавалі ўзяць пра гэта паказаньні ў Алеся Атрошчанкава, якога пасьля суду яшчэ трымалі ў "амэрыканцы". Тады вязень адмовіўся гаварыць са сьледчым без адваката. Дар'я Корсак кажа, што ў вайсковай пракуратуры ёй паведамілі пра намер дапытаць Алеся Атрошчанкава ў калёніі адносна ягоных заяваў пра катаваньні ў КДБ.

Алеся Атрошчанкава трымаюць у калёніі "Віцьба-3" пад Віцебскам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG