Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці: Васіль Шчэцька


У Злучаных Штатах Амэрыкі 27 траўня на 89-м годзе жыцьця памёр беларускі патрыёт і грамадзкі дзеяч, сябра Рады БНР Васіль Шчэцька.


Нарадзіўся ён у вёсцы Апечкі, што каля Стоўпцаў. Васіль Шчэцька прайшоў праз жыцьцё складанымі шляхамі й сьцежкамі часоў польскай і савецкай акупацыяў, бадзяжнага пражываньня ў паваеннай Нямеччыне, працы й навукі ў Вялікабрытаніі, Бэльгіі ды Амэрыцы.

На працягу даўгіх гадоў жыцьця на чужыне Васіль Шчэцька трымаўся свае грамады, дзякуючы чаму здолеў працягваць асьвету ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне, а пасьля – у Лювэнскім унівэрсытэце ў Бэльгіі. Быў актыўным удзельнікам беларускага скаўцкага руху, здабыў сабе ступень скаўтмайстра. Пасьля заканчэньня гімназіі два зь лішнім гады адпрацаваў у ангельскіх вугальных капальнях. У Англіі належаў да так званае Дванаццаткі – групы выпускнікоў Купалаўскай гімназіі, што таксама працавалі ў шахтах. Дванаццаткаўцы за свае заробленыя грошы выдавалі месячны часапіс “Наперад!”. У 1950 годзе дзевяцём зь іх, у тым ліку Васілю Шчэцьку, пашчасьціла атрымаць стыпэндыі й стацца студэнтамі Лювэнскага ўнівэрсытэту. Гісторыя гэтай групы хлапцоў-бязбацькавічаў апісаная ў кнізе “Дванаццатка”. Кніга выйшла ў Нью-Ёрку ў 2002 годзе ў выдавецтве Беларускага інстытуту навукі й мастацтва.

З Бэльгіі Васіль Шчэцька, закончыўшы факультэт палітычных і сацыяльных навук і ажаніўшыся з бэльгійкай Жанэт Дэляп’ер, выехаў у Амэрыку. Пасьля кароткага часу ўладзіўся на працу ў бібліятэцы Калюмбійскага ўнівэрсытэту ў Нью-Ёрку. Там адпрацаваў дваццаць дзевяць гадоў.

Пасьля выхаду на пэнсію жыў у Нью-Ёрку, займаўся грамадзкай працай. У 1995 годзе аўдавеў. Дзяцей у яго ня было. У 1997 годзе ажаніўся з былой настаўніцай зь Менску Алай Кузьміцкай. Яна й дагледзела яго да канца жыцьцёвай дарогі.

Васіль Шчэцька быў чалавекам лагоднай натуры. Беларус-патрыёт, шчыра адданы сям’і, сябрам, грамадзе, ён заўсёды быў гатовы, пакуль дазваляла здароўе, браць удзел у грамадзкіх, рэлігійных ды нацыянальных справах. Моцна цікавіўся падзеямі ў Беларусі, дзе ў яго засталіся сваякі.

Пахаваны ён будзе на беларускім праваслаўным могільніку ў Іст-Брансўіку ў штаце Нью-Джэрзі. Вечная памяць вернаму сыну Беларусі Васілю Шчэцьку, а сваякам і сябрам шчырае спачуваньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG