Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магчымая цана крэдыту


Аляксандар Лукашэнка напярэдадні заявіў, што Расея неўзабаве можа прадставіць Беларусі фінансавую пазыку агулам на 6 мільярдаў даляраў – у выглядзе стабілізацыйнага крэдыту і пад будучы продаж беларускіх тавараў. Частка гэтых грошай, мяркуе кіраўнік краіны, магла б пайсьці на падтрымку беларускага рубля, які за два тыдні абясцэніўся на 50%, а на чорным рынку – болей, чым удвая. Аднак які рэальна кошт давядзецца заплаціць за такую падтрымку?

Аляксандар Лукашэнка ня стаў распавядаць, чым давядзецца плаціць за шчодрасьць. Маскоўскія ж крыніцы ўдакладнілі: Расея хоча набыць кантрольны пакет акцыяў, ці нават увесь "Белтрансгаз".

Але і гэтым, як мяркуюць аналітыкі, справа можа не завершыцца. Кандыдат эканамічных навук Уладзімер Ганчарык згадвае, як ня так даўно кіраўнік расейскай амбасады ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў прапаноўваў вярнуцца да "замарожанага" сцэнару ўратаваньня беларускай эканомікі – увядзеньня расейскага рубля:

"Гэта яшчэ адзін крок да таго, што Масква спрабуе дасягнуць пэўных мэтаў у эканамічным пляне. Магчыма, праз найбольш выгадныя і прыбытковыя прадпрыемствы – як у выпадку з "Белтрансгазам", ці МАЗам. Але самая галоўная тэма, на мой погляд, — гэта ўсё ж увядзеньне расейскага рубля. Пра што, дарэчы, ня так даўно адкрыта гаварыў амбасадар Расеі Сурыкаў".

Карэспандэнт: "То бок, спрабуюць выгандляваць з сытуацыі максымум?"

"Не мыцьцём, дык катаньнем, як той казаў. У любым выпадку, калі гаварыць адкрыта, гэта ціск, і прычым ціск досыць безапэляцыйны.
самая галоўная тэма, на мой погляд, — гэта ўсё ж увядзеньне расейскага рубля
Дрэнна, што ў выніку гэта на ўсіх нас адбіваецца. Але да такога варыянту прыклала руку само кіраўніцтва Беларусі. Усе даўно гаварылі: патрэбная дэвальвацыя, трэба ўсе выдаткі перагледзець, а яны толькі на словах нібыта нешта робяць. А насамрэч усё нешта шукаюць – то зброю, то парушальнікаў дысцыпліны. Адным словам, робіцца ня тое, што трэба ў эканамічным пляне, гэта факт".

Чым выкліканая рэзкая зьмена настрояў у Крамлі? 11 траўня расейскі віцэ-прэм'ер Аляксей Кудрын казаў, што Беларусь можа атрымаць часткамі сродкі з антыкрызыснага фонду ЭўрАзЭС, але магчымасьць прадстаўленьня пазыкі з боку Расеі не разглядаецца. Кудрын тады параіў беларускаму кіраўніцтву зьвярнуцца па грошы ў МВФ ці да асобных краінаў, але галоўнае -- правесьці прыватызацыю.

Пакуль экспэрты шукаюць тлумачэньне новаму павароту ў беларуска-расейскіх адносінах, фактам становіцца тое, што сярэдні заробак беларусаў ужо далёка не складае 500 даляраў.

Антыкрызысны кансультант Мечыслаў Бурак прадбачыў такую сытуацыю, бо ад сярэдзіны 1990-х у краіне не праведзена ніякіх структурных рэформаў:

"Такія дробныя пытаньні, як незаробленыя грошы, нікога не павінны цікавіць. Ну і што? Няхай будзе, колькі хоча. Заробак будзе такі, колькі яму і патрэбна быць. Баіцца – так, бо папуліст, і бачыць, да чаго ўсе неабгрунтаваныя абяцаньні ўрэшце давялі. Ягоная пазыцыя – гэта пазыцыя ваяўнічага папулізму. І адсюль трэба зрабіць шмат якія высновы".

Карэспандэнт: "Але ж сытуацыю неяк трэба выпраўляць?"

"Гэтыя захады павінны рабіць урад і Лукашэнка, тыя, хто над намі стаяць. Калі я стану на іх месца, буду гаварыць. Але з пазыцыі кансультанта магу сказаць, што гэтыя захады даўно ўсе прапісаныя. Трэба займацца эканомікай, трэба займацца прыватызацыяй. Каб бізнэс займаўся бізнэсам, каб упраўленьне займалася кіраваньнем, а ня тое, што Лукашэнка рыбай
Трэба займацца эканомікай, трэба займацца прыватызацыяй
гандлюе. Няўжо незразумелыя простыя рэчы? Цяпер трэба рабіць тое ж, пра што я казаў яшчэ 15-20 гадоў таму, больш тут дадаць няма чаго".

Многія экспэрты сыходзяцца ў меркаваньні, што кіраўніцтва Беларусі, заяўляючы пра пасьпяховыя дамоўленасьці адносна атрыманьня шматмільярднага крэдыту, хоча выдаць намеры за рэальнасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG