Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хочаш купіць даляры? Пакажы даведку, што за мяжою памёр сваяк


Праўленьне ААТ "ААБ Беларусбанк" зацьвердзіла парадак продажу замежнай валюты грамадзянам Беларусі на сацыяльна-значныя патрэбы, паведаміла агенцтву "Інтэрфакс-Захад" прэс-сакратар банка Ларыса Грынько.

"Пералік мэтаў, на якія будзе прадавацца валюта ў рамках гэтага рашэньня, складаецца з чатырох пазыцый: сьмерць блізкіх сваякоў за мяжой, суправаджэньне інвалідаў, лячэньне, вучоба", -- сказала Л.Грынько. Пры гэтым яна адзначыла, што не выключаецца і разгляд магчымасьцяў продажу замежнай валюты і на іншыя сацыяльныя мэты. "Усё будзе па-чалавечы", -- сьцьвярджае прэс-сакратар.

Паводле яе слоў, прадугледжаны наступны парадак: заяўнік зьвяртаецца па замежную валюту на сацыяльныя мэты ў бліжэйшае аддзяленьне Беларусбанку, прыкладаючы да заявы дакумэнты, якія пацьвярджаюць патрэбу, і ўказваючы неабходную суму замежнай валюты. Затым заява перадаецца ў цэнтральны апарат банку, дзе яе разглядае калегіяльны орган -- фінансавы камітэт. У выпадку станоўчага рашэньня камітэт інфармуе адпаведнае аддзяленьне, адтуль паведамляюць заяўніку і ён атрымлівае магчымасьць купіць замежную валюту ў гэтым жа аддзяленьні па-за чаргой. Пры гэтым заяўніку ў любым выпадку паведамяць аб рашэньні камітэту, адзначыла Л. Грынько.

Акрамя таго, "у экстраных выпадках, напрыклад у выпадку сьмерці блізкага сваяка, які жыў за мяжой, рашэньне аб продажы замежнай валюты па-за чаргой можа быць прынята на месцы кіраўніком філіяла", -- дадала яна.

Як паведамлялася, у канцы красавіка Нацбанк даручыў Беларусбанку прадаваць фізасобам наяўную замежную валюту на сацыяльныя мэты ва ўмовах яе вострага дэфіцыту на ўнутраным валютным рынку. На гэтыя мэты валюта будзе прадавацца ў пунктах абмену валют па бягучым абменным курсе, які на 14 траўня складае 4 тысячы рублёў за даляр.

Каб сабраць валюту на сацыяльныя мэты, Нацбанк дазволіў Беларусбанку не прадаваць на месцы валюту, выкупленую ў фізычных асоб у 29 абменьніках банка, якія разьмешчаныя на памежных пераходах.

З 11 траўня Нацбанк дэкляраваў зьняцьце абмежаваньняў па курсаўтварэньне на рынку наяўнай валюты, але на яго просьбу ўсе беларускія банкі пакуль не перавышаюць курс продажу 4 тыс. за даляр. Маніторынг менскіх абменьнікаў сьведчыць, што нягледзячы на фактычную дэвальвацыю беларускага рубля на 30%, захоўваецца ажыятажны попыт на замежную валюту з боку фізычных асоб, які праяўляецца ў выглядзе самаўтвораных чэргаў з "нумаркамі" і лімітам пакупкі.

Нацбанк з 22 сакавіка адмовіўся прадаваць валюту банкам для падмацаваньня абменьнікаў і ня мае намеру аднаўляць інтэрвэнцыі пасьля дэкляраванай лібэралізацыі курсаўтварэньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG