Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рымашэўскі: «Гэта зацішша перад бурай. Пытаньне толькі — калі яна будзе?»


Так супала, што 19 сакавіка спаўняецца 5 гадоў прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году і тры месяцы пасьля апошніх выбараў 2010 году. Ці зьмянілася краіна за апошнія пяць гадоў, ці ёсьць зьмены пасьля 19 сьнежня?

На прэзыдэнцкіх выбарах 2006 года было 4 кандыдаты ў прэзыдэнты — Аляксандар Лукашэнка, Аляксандар Казулін, Сяргей Гайдукевіч і Аляксандар Мілінкевіч. Паводле ЦВК, у 2006-м за Лукашэшку прагаласавала 82,6%, за Мілінкевіча — 6%, за Гайдукевіча — 3,5%, за Казуліна — 2,3%.

Аляксандар Мілінкевіч
На думку спадара Мілінкевіча, выбары 2006 году і намётавы гарадок на Кастрычніцкай плошчы ўпершыню вельмі жорстка паказалі ўладзе, што яна мусіць мяняцца. І зьмены ёсьць:

«Улада паказала за гэтыя гады, што эканамічна яна пачынае рэформы, хаця рэформы і непасьлядоўныя. І ўлада яшчэ раз паказала, што палітычна яна ня можа і ня хоча рабіць лібэралізацыю. Я думаю, што выбары ўладзе паказалі, што ёсьць сілы — гэта моладзь, гэта больш адукаваныя людзі, больш прадпрымальныя, гэта інтэлігенцыя, якая жадае жыць інакш. І гэтыя выбары паказалі — можна крытыкаваць кандыдатаў, што не аб’ядналіся, але ўсё роўна людзі выйшлі. І не з эканамічным пратэстам, а выйшлі з маральным пратэстам: мы ня хочам у хлусні, мы ня хочам у страху жыць…»

Сяргей Гайдукевіч
Сяргей Гайдукевіч, кандыдат на выбарах-2006, які заяўляў і ў 2010-м, што пойдзе на выбары, а потым адмовіўся ад свайго намеру, кажа:

«Зьмянілася ўсе, настолькі зьмянілася, што, па-мойму, ужо няма ніводнага чалавека ў краіне, які гэта не разумее. Зараз ясна і зразумела ўсім, у тым ліку і тым, якія ўвесь гэты час называлі сябе самай моцнай і магутнай апазцыяй. І ў краіне ўжо не засталося, акрамя палітыкаў, палітолягаў і журналістаў, апазыцыі. Няма ў краіне ўжо апазыцыі. Нават дысыдэнтаў няма…»

На выбарах 2010 году было 10 кандыдатаў у прэзыдэнты.

Паводле афіцыйных зьвестак, Лукашэнка набраў 79,65% галасоў выбарцаў. Усясьветная дэмакратычная супольнасьць не прызнала вынікі выбараў, заявіўшы пра фальшаваньні.

19 сьнежня ўлады жорстка разагналі акцыю пратэсту супраць афіцыйных вынікаў выбараў. Сотні людзей былі асуджаныя на адміністратыўныя арышты. Амаль паўсотні чалавек зьвінаваліцілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Сьледзтва па бальшыні крымінальных справаў працягваецца.

Віталь Рымашэўскі
Але за апошнія 3 месяцы краіна зьмянілася. Ёсьць як станоўчыя, так і адмоўныя моманты ў гэтых зьменах, лічыць кандыдат у прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі:

«Адмоўныя — гэта, безумоўна, страх. Тое, чаго беларускія ўлады альбо беларускія сілавыя структуры хацелі, яны ў пэўным сэнсе дамагліся. Гэта значыць, грамадзкая актыўнасьць насельніцтва зьменшылася. Але я б назваў гэта зацішшам перад бурай. Вось такімі жорсткімі рэпрэсіямі ўлада скампрамэтавала сябе. Многія людзі не падтрымалі ўладу. Многія падтрымалі дэмакратычных кандыдатаў. Многім апошнія падзеі дапамаглі зрабіць канчатковы выбар. Пакуль што гэтыя людзі пасіўныя. Запалоханыя. Але я перакананы, што гэта міна запаволенага дзеяньня. Гэта зацішша перад бурай. Пытаньне толькі — калі яна будзе?»

На думку старшыні руху «За свабоду» Аляксандра Мілінкевіча, за апошнія 3 месяцы адбыліся зьмены ня столькі ў краіне, колькі ў сьвядомасьці грамадзтва:

«Адбываецца працьверажэньне і сярод апазыцыі, і сярод многіх людзей, якім не абыякава, якім будзе заўтра краіны. Усе разумеюць, што гэтыя падзеі не спрыяюць прагрэсу, не спрыяюць разьвіцьцю эканомікі, не спрыяюць умацаваньню незалежнасьці. І паўстае самае важнае пытаньне, акрамя вызваленьня палітвязняў: якой мы бачым краіну? А яшчэ важней — як дамагчыся гэтага?»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG