Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ляўчук працягвае змагацца ў судах з газэтай "Знамя юности"


Алесь Ляўчук каля суду Маскоўскага раёну Берасьця
Алесь Ляўчук каля суду Маскоўскага раёну Берасьця
Сёньня былы карэспандэнт дзяржаўнага выданьня "Знамя юности" ў Берасьці Алесь Ляўчук падаў у Берасьцейскі абласны суд скаргу на рашэньне суду Маскоўскага раёну.

Раённы суд, разглядаючы пазоў дзяржаўнай газэты, стаў на бок выданьня ў спрэчцы паміж журналістам і рэдакцыяй. Яшчэ ў сьнежні 2010-га рэдакцыя запатрабавала ад Алеся Леўчука напісаць артыкул з асуджэньнем падзеяў 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці ў Менску. Журналіст адмовіўся. Пасьля гэтага з рэдакцыі прыйшло паведамленьне пра звальненьне.

Ляўчук палічыў такое рашэньне палітычна матываваным. Свае меркаваньні ён выказаў на Радыё Свабода і ва ўласным блогу. Тады "Знамя Юности" вырашыла, што выказваньні Алеся Леўчука наносяць шкоду дзелавой рэпутацыі і іміджу выданьня, і зьвярнулася ў суд. Суд Маскоўскага раёну Берасьця стаў на бок газэты, кажа Алесь Ляўчук:

"Я павінен прынесьці словы прабачэньня гэтай газэце на іх старонках за свой кошт. Гэта мне будзе каштаваць каля мільёна рублёў. Але сёньня я накіраваў скаргу ў абласны суд Берасьцейскай вобласьці".

Суд Маскоўскага раёну абавязаў былога карэспандэнта газэты "Знамя юности" аплаціць, акрамя публікацыі, і дарожныя выдаткі прадстаўнікоў рэдакцыі, якія прыяжджалі на судовыя паседжаньні:

"Я прашу ў скарзе, каб рашэньне Маскоўскага суду было цалкам анулявана, каб была прызнана мая правата".

Тым часам гісторыю Алеся Леўчука пачалі вывучаць у Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Пушкіна. Студэнт журфаку гэтай ВНУ, які папрасіў не называць ягонага імя, паведаміў: канфлікт Ляўчука і газэты "Знамя юности" разьбіраецца на занятках па журналісцкай этыцы. Выкладчык распавёў студэнтам, што рэдакцыйныя заданьні абавязкова павінны выконвацца, кажа адзін са студэнтаў:

"Гэта быў прыклад таго, як нельга паступаць журналістам. Выкладчык на занятках па журналісцкай этыцы распавядаў пра суд, пра нежаданьне Алеся Ляўчука пісаць матэрыялы ў той форме, якая пажадана рэдакцыі. Большасьць студэнтаў ня ведаюць пра акалічнасьці справы, таму практычна ніяк не адрэагавалі. Я ж мяркую, што выкладчыку ня варта было ўзгадваць пра гэты выпадак, тым больш што ў нас быў першы занятак менавіта па гэтым прадмеце".

Юрыст газэты "Знамя юности" Глеб Ганчароў кажа, што ў рэдакцыю яшчэ не прыйшлі дакумэнты, таму камэнтаваць пакуль няма чаго:

"Рэдакцыя захоўвае сваю пазыцыю, мы яе будзем адстойваць у судзе і надалей".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG