Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даўжнік бюджэту — гарадзенскі музэй Васіля Быкава


Будынак, дзе месьціцца музэй.
Будынак, дзе месьціцца музэй.
Грамадзкі музэй Васіля Быкава ў Горадні вымушаны адмовіцца ад пакою, які яму выдзелілі ўлады. Прычына — вялікія камунальныя плацяжы.

Стваральнік музэю Мікалай Мельнікаў паведаміў “Свабодзе”, што зьбіраецца паслаць тэлеграму ў Міністэрства культуры з просьбай аб дапамозе.

Грамадзкі музэй Васіля Быкава створаны пераважна пажылымі людзьмі пры арганізацыі вэтэранаў вайны і працы. Музэйны збор месьціцца ў пакойчыку памерам дванаццаць квадратных мэтраў. Гарадзкія ўлады выдзелілі новае памяшканьне — у два разы большае, каб можна было разьмясьціць экспазыцыю. Але вэтэраны не пасьпелі выкарыстаць новы пакой, толькі замовілі мастаку плян экспазыцыі.

Сябра музэйнай рады Алесь Госьцеў: "Што тут можна сказаць? Зразумела, як можа вэтэранская арганізацыя ўтрымліваць у такіх умовах, калі ніякай падтрымкі няма? Для мяне самога гэта было як цэбар халоднай вады, можна сказаць. Быццам бы ўсё ішло добра, абяцалі, што ледзь ня ўсё ўтрымліваць будуць ці будзе гэта танна. Ня ведаю, чаму так атрымліваецца".

Бухгальтарка вэтэранскай арганізацыі Яўгенія Багданава бярэ не аплочаны за студзень рахунак:

"Шэсьцьдзясят пяць тысяч была арэнда за два пакоі, вада і электраэнэргія —шэсьцьдзясят чатыры тысячы і ацяпленьне — сто дзевяноста шэсьць. І тое ж самае будзе за люты. Атрымліваецца шэсьцьсот пяцьдзясят тысяч, амаль сямсот. За сьнежань мы заплацілі дзьвесьце тысяч за ацяпленьне. А за студзень нам няма чым плаціць. Тэлефануем, тэлефануем, і ніхто нічога нам не дае. Пачаўся новы год: грошай ані грама".

У такіх умовах бухгальтарка Яўгенія Багданава мусіла наведаць жыльлёва-камунальную ўправу Ленінскага раёну гораду, каб адмовіцца ад пакоя пад музэй.

"Сама арэнда нармальная, яшчэ сказалі — нам зьнізяць, каэфіцыент "3" прыбяруць, там будзе мала зусім. А вось ацяпленьне шмат бярэ — самае галоўнае. Мы ня можам плаціць, і мы адмовіліся з гэтага месяца ад гэтага пакоя, таму што, лічы, будзе сямсот тысяч запазычанасьць. Застаўся маленькі пакой, дванаццаць мэтраў. Бо сказалі, калі будзе запазычанасьць за тры месяцы, то могуць скасаваць дамову на арэнду. А зь лютага даражэе, будзе яшчэ большая сума".

У адным будынку з музэем Васіля Быкава атрымала памяшканьне яшчэ адна грамадзкая арганізацыя — абласная філія праўладнага Саюзу пісьменьнікаў. У абласным бюджэце на гэты год на яго ўтрыманьне прадугледжаны семдзесят мільёнаў рублёў. Загадчык аддзелу культуры Гарадзенскага гарвыканкаму Віктар Мамачкін згаджаецца, што ў некаторых выпадках грамадзкія арганізацыі могуць разьлічваць на дзяржаўную датацыю, у астатніх — павінны зьвяртацца да мэцэнатаў, кажа ён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG