Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Юркоў: Грэчка пала ў барацьбе за 10 млн. тон


Госьць «Начной Свабоды» – экспэрт у галіне сельскай гаспадаркі Андрэй Юркоў.

Соўсь: Эканоміка сельскай гаспадаркі знаходзіцца ў агідным стане, заявіў прэм'ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч сёньня на пасяджэньні прэзыдыюму Саўміну па пытаньнях разьвіцьця аграпрамысловага комплексу. Што сельская гаспадарка ў агідным стане, гэта не навіна, навіна хутчэй ў тым, што пра гэта публічна заяўляе прэм’ер, пры тым, што ўсім зразумела ўвага кіраўніка краіны да АПК, і якая колькасьць рэсурсаў выдаткоўваецца на стратную сельскую гаспадарку. Чаму Мясьніковіч робіць такую заяву цяпер, пасьля выбараў на тле росту коштаў? Ці гэта сьведчыць пра тое, што сытуацыя насамрэч істотна пагоршылася?

Юркоў: Я б не сказаў, што яна пагоршылася. Наадварот, зараз для беларускай сельскай гаспадаркі апошні год – гэта як падарунак. Тое, што Расея згарэла. Бо такога вольнага доступу расейскі рынак і такіх коштаў на нашу сельгаспрадукцыю напэўна гады 3-4 не было. А Мясьніковіч, відаць, выказаў гэта таму, што сытуацыя зь бюджэтам у нас вельмі цяжкая, а наша сельская гаспадарка сама больш з бюджэтнага пірага на сябе сьцягвае. Трэба гэты пірог скарачаць, трэба скарачаць выдаткі бюджэту. Трэба з кагосьці пачынаць.

Соўсь: Калі б вы былі кіраўніком ураду з рэальнымі паўнамоцтвамі, што бы вы найперш зьмянілі ў сельскай гаспадарцы?

Юркоў: У першую чаргу трэба адмяніць усе валавыя паказьнікі. Яны проста долу зводзяць нашу сельскую гаспадарку. Ніхто не глядзіць практычна за эканамічнай эфэктыўнасьцю. Па-другое, дэцэнтралізаваць сельскую гаспадарку. Добра было б вызначыць рэгіянальную спэцыялізацыю, дзе мы можам атрымліваць экспартную рэнтабэльнасьць.

Соўсь: Беларусь у 2011 годзе павінна атрымаць ураджай збожжа прыкладна 10 млн. тон, заявіў міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Міхаіл Русы. Я згадваю гадоў пяць-сем таму, калі гаварылася пра ураджай 6 мільёнаў тонаў збожжа, многія экспэрты выказвалі сумневы ў гэтых лічбах. Цяпер вось з кожным годам гэтая лічба і заплянаваная, і на выхадзе павялічваецца. Вы давяраеце афіцыйнай статыстыцы? Наколькі гэтыя паказьнікі важныя для функцыянаваньня сельскай гаспадаркі?

Юркоў: 10 млн. тон – гэта нейкі фэтыш для нашых уладаў. Можна мець 10 млн. тон і мець хлеб даражэйшы ў 2 разы, чым у суседняй Расеі ці Ўкраіне. А можна мець 3-4 млн. хлебу і мець таннае мяса, таннае малако і спакойна набываць танны хлеб. Патрэбная рэальная спэцыялізацыя. А напісаць – напішуць колькі заўгодна хлебу. Кожны год у нас рэкордныя ўраджаі, і кожны год у нас пасьля новага году стаіць гвалт, што не хапае фуражу. Пакуль у нас за гэтымі 10 млн. тон будуць гнацца, у нас ня будзе ні грэчкі, ні бульбы таннай, ні яблыка свайго.

Соўсь: На мінулым тыдні журналісты задалі шэраг пытаньняў намесьніцы міністра сельскай гаспадаркі Надзеі Каткавец, у тым ліку чаму ў Беларусі бульба і многія іншыя прадукты каштуюць даражэй чым у суседніх краінах. Адказ быў не зусім зразумелы, хаатычны рост цэнаў. Як бы вы адказалі на пытаньне пра рост цэнаў прадуктаў харчаваньня?

Юркоў: Раней прысялібныя гаспадаркі кармілі народ бульбай, а зараз вёска адмірае. бульбу ўжо амаль ня саджаюць, згублена практыка, як расьціць бульбу. Яе на сёньня элемэнтарна няма. Што да грэчкі, то грэчка пала ў барацьбе за 10 млн. тон. З грэчкай вал не набярэш, і калгасы на зацікаўленыя ў ёй. Будзем купляць ў Расеі і ва Ўкраіне па 10-15 тыс. Будзем з дарагой грэчкай, затое з танным збожжам... няякасным, якое ў нас расьце. Праблема ня ў тым, што растуць цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю, а праблема, што нашы даходы не растуць.

Слухаць гутарку цалкам:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG