Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўсотні брытанскіх актораў падпісалі пэтыцыю ў падтрымку вольнай Беларусі


На адным з выступаў «Свабоднага тэатру»
На адным з выступаў «Свабоднага тэатру»
Беларускі «Свабодны тэатар» паказаў у Лёндане два спэктаклі — «Спасьцігаючы каханьне» і «Лічбы». Упершыню ўдзел у пастаноўках тэатру бралі ня толькі акторы тэатру, але і галівудзкія знакамітасьці: Джуд Лоў, Ян Макелен, Сэмюэль Уэст ды іншыя. Такім чынам артыстычная супольнасьць выказала салідарнасьць як са «Свабодным тэатрам», так і зь беларускім грамадзтвам.

5 сьнежня ў адным з найбуйнейшых тэатраў Вялікай Брытаніі, лёнданскім «Young Vic», адбыўся так званы «гала-івэнт» беларускага «Свабоднага тэатру». Былі паказаныя два спэктаклі: «Лічбы» ў пастаноўцы Ўладзімера Шчэрбаня, а таксама «Спасьцігаючы каханьне» ў пастаноўцы Мікалая Халезіна. Упершыню ў практыцы беларускага тэатральнага мастацтва ў імпрэзе прынялі ўдзел выбітныя тэатральныя і кінаакторы Брытаніі і ЗША. Вось што расказаў сёньня, прыляцеўшы ў менскі аэрапорт, мастацкі кіраўнік тэатру Мікалай Халезін:

Мікалай Халезін
«Гэта было вельмі моцнае мерапрыемства. Былі практычна ўсе акторы, якія і павінны былі быць, за выключэньнем толькі Кейт Уінсьлет. Замест яе была Сіена Мілер, якая разам з Джудам Лоў грала Ірыну і Анатоля Красоўскіх. Іншая пара — гэта Сэм Уэст і Аджуа Андо. Адкрывалася імпрэза спэктаклем „Лічбы“ з трылёгіі „Зона маўчаньня“, пасьля чаго пачаўся спэктакль „Спасьцігаючы каханьне“. Былі задзейнічаныя тры пары актораў: Марына Юрэвіч і Алег Сідорчык, іх у сярэдзіне спэктакля зьмянілі Джуд Лоў і Сіена Мілер, нарэшце пасьля іх выйшлі Сэм Уэст і Аджуа Андо. У фінале зноў працавалі нашы акторы, а заключную сцэну ўсе сыгралі разам. Мерапрыемства атрымалася вельмі цікавым і з мастацкага пункту гледжаньня, і таксама з грамадзкага: усе акторы працавалі бясплатна і нават выказалі нам шчырую падзяку за тое, што іх запрасілі папрацаваць разам».

Варта нагадаць, што ў аснову сюжэту спэктаклю «Спасьцігаючы каханьне» пакладзеная рэальная гісторыя ўзаемаадносінаў Ірыны і Анатоля Красоўскіх. Бізнэсовец і грамадзкі дзеяч Анатоль Красоўскі зьнік пры загадкавых абставінах у верасьні 1999 году разам з палітыкам Віктарам Ганчаром. Спэктакль-ілюстрацыя «Лічбы» ўваходзіць у трылёгію «Зона маўчаньня» разам з працамі «Легенды дзяцінства» ды «Іншыя» і сцэнічным чынам дэманструе, як ва ўмовах цяперашняга рэжыму адбываецца «маніпуляваньне лічбамі» ў Беларусі.

Трупа «Свабоднага тэатру» сёлета ў ліпені ўжо была ў Лёндане. Разам з артыстамі брытанскую сталіцу наведаў і лідэр грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Андрэй Саньнікаў, які меў сустрэчу з Томам Стопардам — усясьветна вядомы драматург асабіста апякуецца апальным беларускім тэатрам. Напярэдадні, падчас сустрэчы кандыдатаў у прэзыдэнты Андрэя Саньнікава і Ўладзімера Някляева з выбарцамі на Прывакзальнай плошчы ў Менску, спадар Саньнікаў атрымаў маральную падтрымку зь Лёндану: «Том Стопард патэлефанаваў, каб падтрымаць мяне, і сказаў, што душой і ў думках ён з намі — з усімі, хто змагаецца за свабоду Беларусі».

Але, як расказаў Мікалай Халезін, падтрымку беларусам выказалі і іншыя прысутныя на спэктаклях «Свабоднага тэатру»:

«Увогуле было вельмі шмат журналістаў, вельмі шмат палітыкаў, лордаў і пэраў, было шмат юрыстаў, праваабаронцаў, натуральна, актораў і проста грамадзкіх дзеячаў. Усяго — 450 чалавек.
Ніхто нават прадбачыць ня мог, што прыём будзе менавіта такі.
Пры канцы заля хвілін 10 стоячы наладзіла ўсім авацыю. Усе сышліся на думцы: ніхто нават прадбачыць ня мог, што прыём будзе менавіта такі. Пасьля гэтага мы атрымалі вельмі шмат прапановаў на далейшыя выступленьні ў Вялікай Брытаніі. Таксама трэба адзначыць, што выйшла пэтыцыя, якую падпісалі вельмі шмат актораў — блізу 60 чалавек. Апрача таго, падпісалі яе і больш за 100 грамадзкіх дзеячаў. Гэта пэтыцыя ў падтрымку вольнай Беларусі і „Свабоднага тэатру“. Там ёсьць такія імёны, як і Кейт Уінсьлет, і Джэрэмі Айрэнс, і шмат іншых зорак. Днямі мы гэтую пэтыцыю надрукуем у поўным выглядзе».

«Свабодны тэатар» — андэграўндны тэатральны праект, створаны ў Менску ў 2005 годзе з ініцыятывы Мікалая Халезіна і Натальлі Каляды. Трупа ня мае ўласнай сцэны і фінансаваньня, таму ў Беларусі спэктаклі праходзяць пераважна на прыватных кватэрах. Паказы асабліва не афішуюцца, бо некалькі гадоў таму міліцыя затрымала падчас спэктаклю некалькі дзясяткаў артыстаў і гледачоў, сярод якіх было нямала замежнікаў.

Між тым гэта не перашкаджае аднадумцам мець міжнароднае прызнаньне. «Свабодны тэатар» уваходзіць у Эўрапейскую тэатральную канвэнцыю. У сьнежні 2007 году трупа атрымала прэмію Францускай рэспублікі, а ў красавіку 2008-га ў грэцкіх Салоніках «Свабодны тэатар» быў адзначаны прэстыжнай тэатральнай прэміяй «Эўропа — тэатру». Тэатар з посьпехам гастраляваў у эўрапейскіх дзяржавах, ЗША, Аўстраліі, Японіі, у краінах Цэнтральнай Афрыкі.

Ідэі «Свабоднага тэатру» падтрымліваюць выбітныя творцы сучаснасьці: Том Стопард, Вацлаў Гавэл, Мік Джагер. А нобэлеўскі ляўрэат Гаральд Пінтэр яшчэ пры жыцьці даў тэатру права пастаноўкі ўсіх сваіх п’ес.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG