Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нэнад Пэіч: "Кустурыца – палітычны невук"


Нэнад Пэіч
Нэнад Пэіч

Мы папрасілі Нэнада Пэіча, намесьніка дырэктара нашага радыё, падзяліцца з намі сваімі думкамі ў сувязі з учорашнімі выказваньнямі сусьветнага вядомага кінарэжысэра Эміра Кустурыцы ў Менску.

Нэнад Пэіч, які стаў працаваць у нашым радыё як дырэктар паўднёваславянскай і альбанскай службы ў 1993, перад гэтым, у вельмі драматычны пэрыяд распаду былой Югаславіі, працаваў на сараеўскім тэлебачаньні як бялградзкі карэспандэнт, потым як кіраўнік аддзелу навінаў, і ўрэшце як праграмны дырэктар. Пэіч асабіста знаёмы з Эмірам Кустурыцам і кажа, што неаднаразова прасіў таго адмовіцца ад публічнай падтрымкі рэжыму Слабадана Мілошавіча.

Максімюк: Скажыце нам, калі ласка, як публічнае жыцьцё Эміра Кустурыцы ўспрымаецца ў Сэрбіі і, агульна, на тэрыторыі былой Югаславіі. Давайце пачнем зь ягонага пераходу ў праваслаўе ў 2005 годзе. Ці часта здараецца, каб людзі з мусульманскімі каранямі навярталіся ў праваслаўе ў былой Югаславіі?

Пэіч: У сапраўднасьці гэта вельмі рэдкая практыка. Вельмі рэдкая. І Кустурыца – адзін зь нешматлікіх, якія зрабілі гэта публічна. Я зь ім вельмі добра знаёмы. Ён – геній, што тычыцца кінамастацтва. Але што тычыцца палітыкі – дык ён дакладная супрацьлегласьць генія. Ён – адзін з тых, хто падтрымліваў Мілошавіча, славутага "балканскага разьніка", чалавека, які быў адказны за разьвязаньне вайны і за пройгрыш у той вайне. У дадзены момант Кустурыца падтрымлівае радыкальных нацыяналістаў у Сэрбіі. Яны часта наведваюць ягонае прыватнае ранча на поўдні Сэрбіі. Мясцовыя жыхары падымаюць пратэсты супраць Кустурыцы, кажучы, што ён заняў іхнюю зямлю бязь іхняй згоды. Незалежныя сэрбскія газэты таксама сьцьвярджаюць, што ён набыў гэтае ранча незаконным шляхам. Я ня ведаю, праўда гэта ці не. Кустурыца кажа, што няпраўда. Што тычыцца ўспрыманьня Кустурыцы радыкальна нацыяналістычнымі коламі, для іх ён зьяўляецца некім накшталт героя. Для людзей, якія думаюць інакш, ён проста палітычны невук. У Босьніі сэрбы, з увагі на ягоны пераход у праваслаўе, ставяцца да яго вельмі прыхільна, але сярод мусульманаў і харватаў ніякай сымпатыі да яго няма.

Максімюк: Вы сказалі, што Кустурыца падтрымліваў Мілошавіча. Ён рабіў публічныя заявы на гэты конт?

Пэіч: Шмат разоў.

Максімюк: Якія ў Кустурыцы палітычныя погляды цяпер? Ці праўда, што ён далей шкадуе аб распадзе Югаславіі?

Пэіч:
Думаю, што так, хоць упэўнена сказаць гэтага не магу. Шмат людзей шкадуе аб распадзе Югаславіі, па розных прычынах. Кустурыца зьяўляецца часткай радыкальнага нацыяналістычнага руху ў Сэрбіі. Ён удзельнічае у іхніх мітынгах, ён робіць публічныя заявы на іхнюю карысьць, ён сустракаецца, публічна і прыватна, зь вядучымі сэрбскімі нацыяналістамі. Так што з палітычнага гледзішча – ён сэрбскі нацыяналіст. Як кажуць у Сэрбіі, чалавек сьвежа абернуты ў нейкую веру зьяўляецца большым рупліўцам, чым старыя вернікі.

Максімюк:
Як бы вы пракамэнтавалі заяву, зробленую Кустурыцам учора ў Менску падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам? Кустурыца выказаўся ў тым сэнсе, што Беларусь зьяўляецца адзінай краінай, якая не дазволіла расьцягнуць сваё нацыянальнае дабро міжнародным карпарацыям...

Пэіч (сьмяецца): Эмір, хутчэй за ўсё, меў нейкі прыватны інтарэс, каб сказаць гэта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG