Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Пінску хаваюць загіблых


Гарадзкія ўлады атрымалі ад кіраўніка адміністрацыі вобласьці даручэньне ўзяць на сябе арганізацыю і аплату жалобных мерапрыемстваў. Тым часам адміністрацыя заводу ўжо выдзеліла пацярпелым ад пажару на "Пінскдрэве" грашовыя кампэнсацыі. Сем'і загіблых атрымаюць па 10 мільёнаў рублёў, пацярпелыя — па тры мільёны. У арганізацыі пахаваньня загіблых з боку прадпрыемства дапамагае прафкам.

Сёньня а 13 гадзіне пачнуцца адпяваньні нябожчыкаў, сьвятар будзе наведваць кватэры загіблых.

Пасьля пахаваньняў у рэстарацыі "Пінская шляхта" адбудуцца памінкі. Родныя замовілі 240 месцаў, паведамілі ў адміністрацыі "Пінскдрэва".

Тым часам на заводзе ўсё яшчэ працуюць камісіі. Меркаванай прычынай надзвычайнага здарэньня на дрэваапрацоўчай фабрыцы ў Пінску названы выбух адкладаў драўнянага пылу ў выніку парушэньня рэжыму эксплюатацыі абсталяваньня па вытворчасьці драўняна-паліўных гранул. У выніку загінулі тры чалавекі, 12 рабочых знаходзяцца ў шпіталях Менску і Берасьця, яшчэ шэсьць чалавек — пад наглядам пінскіх урачоў. Заведзена крымінальная справа паводле ч.2 ст.302 УК РБ (парушэньне правілаў бясьпекі на выбухованебясьпечным прадпрыемстве). На месцы здарэньня працуе камісія па надзвычайных сытуацыях Пінскага гарвыканкаму, МНС і сьледчая група пракуратуры Берасьцейскай вобласьці. Журналістам па-ранейшаму няма доступу на тэрыторыю заводу. Кіраўніцтва прадпрыемства адзначае, што камісія не пускае да месца аварыі нават супрацоўнікаў "Пінскдрэва". Мерапрыемствы, якія праводзяцца камісіямі, значна перашкаджаюць працы заводу.

Жыхары гораду па-ранейшаму лічаць, што афіцыйная статыстыка значна заніжаная. Шмат хто цьвердзіць, што на самой справе загінула восем чалавек. Мясцовае тэлебачаньне практычна не агучвае ход расьсьледаваньня і абмінае тэму пажару. На сайце "Пінскдрэва" інфармацыя пра аварыю не абнаўляецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG