Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польская пісьменьніца Вольга Такарчук знайшла цэнтар сусьвету


У Менску прэзэнтавалі раман Вольгі Такарчук "Правек ды іншыя часы". Гэты раман, які лічыцца вяршыняй сучаснай польскай мітатворчай прозы, пераклала на беларускую мову Марына Шода. Кніга выйшла ў выдавецтве “І.П.Логвінаў”.


На прэзэнтацыю у Менск прыехала аўтарка Вольга Такарчук, якую, дарэчы, сёлета намінавалі на Нобэлеўскую прэмію.

Вольга Такарчук пачынае расшыфроўку назвы свайго твору ад самага пачатку рамана. "Правек -- месца, якое знаходзіцца ў цэнтры сусьвету. Прайсьці Правек хуткім крокам з поўначы на поўдзень заняло б гадзіну. Гэтаксама з усходу на захад. А калі нехта захацеў бы абысьці яго наўкола павольным крокам, уважліва і ўдумліва ўва ўсё ўглядаючыся, гэта заняло б цэлы дзень."

Якраз з чытаньня пачатку раману і пачалася імпрэза ў Дзяржаўным музэі гісторыі беларускай літаратуры, прысьвечаная беларускаму перакладу твора знакамітай польскай пісьменьніцы.

48-гадовая Вольга Такарчук -- адна з найважнейшых постацяў у сучаснай эўрапейскай раманістыцы, ляўрэатка шматлікіх польскіх і міжнародных прэміяў ды ўзнагародаў.

Яна пачала сваю творчасьць імкліва і яскарава і, як сказала сёньня на імпрэзе, ня мела да гэтага часу ніякіх творчых крызісаў. Яна кажа, што ненапісаных твораў ёй хопіць яшчэ да 80 гадоў жыцьця.

Вольгу Такарчук перакладаюць на шмат якія мовы сьвету. Беларуская перакладчыца Марына Шода сказала на прэзэнтацыі, што закахалася ў творчасьць Вольгі Такарчук ад самых першых яе твораў.

Гэта літаратура, пабудаваная на міталёгіі. У рамане дзейнічаюць рэальныя асобы -- гэта гісторыя яе сям'і па маці. Усе героі жывуць ад пачатку 20-га стагодзьдзя да сёньняшняга дня. Але ўсё пераплецена зь мітамі, безь якіх яна не стварае ніводзін свой твор.

У адказах на шматлікія пытаньні прысутных на імпрэзе Вольга Такарчук сказала, што ня дзеліць літаратуру на нацыянальную і сусьветную, што для яе гэта анахранізм. Адказваючы на пытаньне ці фэміністка яна, Вольга Такарчук сказала, што так, і што не фэміністам сёньня быць неразумна.

13 кастрычніка Вольга Такарчук будзе прэзэнтаваць беларускі пераклад свайго раману ў Горадні ў Дзяржаўным унівэрсытэце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG