Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Gliese 581g – добрыя ўмовы для жыцьця?


Амэрыканскія астраномы кажуць, што ўпершыню знайшлі плянэту, умовы на якой могуць быць прыдатныя для жыцьця. Плянэта Gliese 581g знаходзіцца на такой адлегласьці ад свайго сонца, каб дазволіць існаваньне вады на паверхні, і мае адпаведны памер, каб утрымліваць атмасфэру.

Gliese 581g знаходзіцца на адлегласьці 20 сьветлавых гадоў ад Зямлі ў сузор'і Шаляў. Паводле астраномаў Унівэрсытэту Каліфорніі ў мястэчку Санта Круз, гэтая плянэта вельмі падобная да Зямлі.

Яна рухаецца па арбіце вакол свайго сонца на адлегласьці, якая дазваляе мець ня вельмі высокую і ня вельмі нізкую тэмпэратуру -- прыдатную для вады. Плянэта мае цьвёрдую паверхню і на ёй магчымая атмасфэра.

Прафэсар астраноміі Стэфан Фогт сказаў журналістам, што "шанцы на жыцьцё не такой плянэце -- 100 працэнтаў". Паводле Фогта, астраномам удалося лёгка знайсьці Gliese 581g, і гэта сьведчыць аб высокай статыстычнай імавернасьці, што існуе мноства плянэт з падобнымі характарыстыкамі.

Але спраўдзіць існаваньне на Gliese 581g хаця б найпрасьцейшых бактэрыяў пакуль немагчыма. Хоць паводле касьмічных маштабаў адлегласьць 20 сьветлавых гадоў і невялікая, для касьмічнага карабля спатрэбіцца час жыцьця двух пакаленьняў, каб дасягнуць гэтай плянэты зь Зямлі.
XS
SM
MD
LG