Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 гадоў таму пачалася 250-дзённая абарона Курапатаў


20 верасьня 2001 году ў дзень інаўгурацыі прэзыдэнта А.Лукашэнкі пасьля выбараў году пачалося пашырэньне Менскай кальцавой дарогі праз Курапаты. Але на абарону Курапатаў паўсталі сябры Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ, моладзь, грамадскасць. На шляху будаўнічай тэхнікі ўсталёўваліся сотні крыжоў, праводзіліся набажэнствы, наладжвалася ахова. Гэтымі днямі спаўняецца 9 гадоў з пачатку абароны Курапатаў, кругласутачнай народнай вахты, якая доўжылася 250 дзён.




Кругласутачная вахта ў Курапатах працягвалася з 24 верасьня 2001 году да 3 чэрвеня 2002 году. Кожны дзень з Курапатаў гучалі рэпартажы Радыё Свабода, сабраныя пазьней у кнізе “Дарога праз Курапаты”. У абароне бралі ўдзел сотні чалавек -- і вэтэраны апазыцыйнага руху, і зусім юныя “маладафронтаўцы”, “зубры”. Дзе цяпер гэтыя людзі, пытаюся ў Паўла Севярынца, які тады быў адным з самых актыўных абаронцаў:

"Досыць шмат зь іх дагэтуль змагаецца ў шэрагах нацыянальнага руху. Напрыклад, Віталь Кошалеў, Зьміцер Дашкевіч, Зьміцер Касьпяровіч --- на слыху і дагэтуль. Шмат хто зь кіраўніцтва Маладога фронту працуе ў Беларускай Хрысьціянскай дэмакратыі, шмат людзей у Маладым фронце, у "Маладой Беларусі", у "Эўрапейскай Беларусі" з Яўгенам Афнагелем. І праз 9 гадоў яны застаюцца такімі вулічнымі байцамі. Большасьць людзей застаюцца актыўнымі з тых, хто прайшоў курапацкую абарону. Гэта жалезныя людзі, гэта адмысловая кваліфікацыя, і гэта, скажам так, рэкамэндацыя, якая не патрабуе пацьверджаньня".

Менавіта ў гэтыя 250 гераічных дзён і начэй Курапаты сталі народным мэмарыялам. Народ паставіў тут крыжы памяці па сотнях тысяч ахвяраў чырвонага тэрору. Народ абараніў магілы і крыжы ад новай улады. Адзін з абаронцаў Курапатаў, моладзевы актывіст Зьміцер Дашкевіч кажа:

"Па-першае, гэта тое месца, дзе ў імя незалежнасьці нашай краіны прынесеныя ў ахвяру дзесяткі тысяч беларусаў. Па-другое, гэта месца, зь якога пачыналася найноўшае адраджэньне Беларусі – менавіта зь Дзядоў 1988 году.

Таму для нас у 2001 годзе было вельмі важна абараніць Курапаты, ня даць Лукашэнку зьнішчыць гэта месца, якое ўвасабляе памяць нашага народу".


Яшчэ адзін абаронца Курапатаў Зьміцер Касьпяровіч выказаў такое меркаваньне:



"Курапаты для нас, па-першае, гэта памяць, памяць пра тых нявінных ахвяраў, загінулых падчас сталінскага тэрору, пра якіх цяперашняя ўлада не памятае. Дзякуючы таму, што паўстала гэтая абарона Курапатаў, мы змаглі захаваць памяць пра гэтыя жудасныя падзеі, каб у будучыні гэта ніколі не паўтарылася".

Абарона Курапатаў, гэтага крыжовага месца для беларускага народа, загартавала людзей, зрабіла іх сапраўднымі асобамі, перакананы Павал Севярынец:

"Той, хто там доўга знаходзіўся, хто літаральна жыў сярод гэтых крыжоў, ён, у першую чаргу, зьмяніўся ўнутрана. Гэта людзі, для якіх крыж, Курапацкі крыж -- гэта ўжо сыстэма каардынатаў. Гэта людзі, якія ведаюць, што такое ахвярнасьць, гэта людзі, якія ведаюць, што такое жыцьцё і сьмерць, гэта людзі, якія ведаюць, што такое змаганьне".

20 верасьня Малады Фронт арганізуе імпрэзы ва ўрочышчы Курапаты з запрашэньнем усіх тых, хто 9 гадоў таму абараняў мэмарыял, а таксама лідэраў дэмакратычнага руху.


"ДАРОГА ПРАЗ КУРАПАТЫ". КНІГА З СЭРЫІ "БІБЛІЯТЭКА СВАБОДЫ"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG