субота, 04 лютага 2012, Менск 13:03

Праграмы / Вянок памяці

Ня стала Алены Залескай

x
ПАМЕР ШРЫФТУ - +
На 78-м годзе жыцьця пасьля цяжкой хваробы пакінула гэты сьвет віцебская апазыцыянэрка Алена Залеская.

Алена Залеская ў пачатку 2000-х кіравала гарадзкой, а потым абласной арганізацыяй АГП. Пад яе кіраўніцтвам праходзілі шматлікія “Ланцугі неабыякавых людзей”, калі дзясяткі людзей выходзілі ў цэнтар Віцебску з партрэтамі зьніклых Юр’я Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага.

Міліцыянты неаднаразова затрымлівалі Алену Залескую, суды абкладалі пенсіянэрку штрафамі, адно што пазбаўленьнем волі ніколі так і не наважыліся пакараць спадарыню ўжо немаладога веку, якая да апошніх дзён імкнулася захаваць сваю жаноцкасьць і прыгажосьць.

Алена Залеская была выдатнай краўчыхай, добра вязала, і на яе ўборы нярэдка аглядаліся мінакі. А яшчэ яна шыла бел-чырвона-белыя сьцягі для віцебскіх актывістаў. І самы першы бел-чырвона-белы сьцяг, які залунаў над Віцебскам у 1991-м годзе, быў таксама пашыты яе рукамі.

Менавіта Алене Залескай належыць вынаходніцтва бела-чырвона-белых шалікаў, якія актывісты выкарыстоўвалі часам замест сьцягоў, адзяваючы на розныя акцыі. Віцебская міліцыя бывала ў разгубленасьці, бо пакараць за элемэнт адзеньня падавалася недарэчным. Але каралі і за гэта, і спадарыні Залескай даводзілася шыць дзясяткі новых шалікаў замест канфіскаваных міліцыяй.

Паводле адукацыі Алена Васілеўна была настаўніцай матэматыкі. Яна ведала шмат народных песень, пераважна ўкраінскіх, бо нарадзілася ва Ўкраіне. У апошнія гады вывучала беларускую мову, але болей чытала, чымся размаўляла – па-настаўніцку строга ставілася да ўласных моўных памылак…

Старэйшая віцебская апазыцыянэрка ўзгадавала дзьвюх дачок, якія ўжо даўно маюць свае сем’і і жывуць у ЗША. Разьвітацца з маці зможа прыехаць толькі адна. Пахаваньне адбудзецца ў чацьвер. Апошняй воляй памерлай было, каб яе абавязкова пахавалі ў тым самым бел-чырвона-белым шаліку, у якім яна хадзіла на акцыі, у суды і на сустрэчы з аднадумцамі.
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Алена
28.07.2010 09:48
Беларусь згубіла адну са сваіх дачок, але растуць другія, для якіх яна будзе прыкладам. Спі спакойна з мірам.
Жыве Беларусь

Імя:: Кастусь Севярынец Горад:: Віцебск
28.07.2010 10:01
Імя не згубіць, не забыць, не запляміць,
Бо свеціцца ветла...
Алена Васільеўна! Вечная памяць
Душы Вашай светлай!
Услед Вашым дням, бурапенным, імклівым,
Зажурыцца Віцебск слязой сіратлівай.

Смуткуем. Спачуваем. Кастусь, Таццяна, Павал Севярынцы.

Імя:: Раман Максімчук Горад:: Менск
28.07.2010 10:31
Вось на такіх ахвярных людзях і трымаецца дэмакратычны рух у Беларусі!
Няхай Творца прыме спадарыню Алену ў Сваё Валадарства!

Імя:: Л.Баршчэўскі Горад:: Менск
28.07.2010 11:55
Мае самыя шчырыя спачуваньні.
Цяпер у кожную гадавіну Дэклярацыі аб сувэрэнітэце будзем узгадваць і сьветлай памяці спадарыню Залескую.

Імя:: irina
28.07.2010 20:59
Светлая ёй памяць. Мае шчырыя спачуванне родным і блізкім Алены Залескай.
Адказаць

Імя:: Елена Залесская ( дочь) Горад:: New York
03.08.2010 17:43
Спасибо за добрую память о маме