Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У доме генэрала Чарняхоўскага абвалілася столь


Друзам завалена ўся гасьцёўня.
Друзам завалена ўся гасьцёўня.

У цэнтры Гомелю ў доме на вуліцы Пушкіна, 26 абвалілася столь. Капітальнага рамонту ў гэтым доме, які зьяўляецца архітэктурным помнікам, не было ад 1943 году, калі горад вызвалілі ад фашыстоўскіх захопнікаў.


На шчасьце, жыхары кватэры не пацярпелі. 33-гадовы сын гаспадароў, Сяргей, зьбіраўся класьціся спаць у гасьцёўні на канапе — акурат на яе й абрынулася драўлянае перакрыцьце з тынкам і старой мэбляй, якая ляжала на гарышчы:

«Пачало крыху сыпацца зьверху — я сабраўся й пайшоў да бацькоў у іншы пакой. Толькі зайшоў, уключыў тэлевізар, і тут — вух! І не маглі ўжо адчыніць дзьверы. Кавалкі столі прывалілі дзьверы, і ўжо ня мог адразу адчыніць».

Гаспадыня, Любоў Клімава:

«Час быў позьні — каля 11-й вечара. Мы толькі селі й пачалі размаўляць — і як бухне! Мне суседка зьнізу патэлефанавала й пытаецца: „Люба, што там?“ Я кажу: напэўна, чарговы кавалак са столі адваліўся. Я яшчэ ня бачыла сама. Калі ўдалося адчыніць дзьверы, паглядзела: перакрыцьце напалам — адна частка да акна ўпала, другая — да дзьвярэй. А пылу ў пакоі столькі было, што немагчыма было дыхаць».

Любоў Клімава

Праз столь цяпер відзён дах — зеўра ня меней як 10 квадратных мэтраў.


Кватэра Клімавых, у якой абвалілася столь, знаходзіцца на апошнім, трэцім паверсе шматкватэрнага дома, пабудаванага ў 1927 годзе паводле праекту знакамітага гомельскага архітэктара Станіслава Шабунеўскага. Да вайны ў левым крыле дома жыў генэрал Іван Чарняхоўскі, пра што сьведчыць мэмарыяльная дошка зь ягоным барэльефам.

Мэмарыяльная дошка Івану Чарняхоўскаму.

Дом гэты ў вайну ацалеў, дарэчы, адзін зь нешматлікіх. Жыхары сьцьвярджаюць, што як аднавілі яго палонныя немцы, так ён і эксплюатуецца. З боку вуліцы дом пафарбавалі, а ў двары і ўсярэдзіне ён мае амаль што першапачатковы выгляд.

З боку вуліцы дом пафарбавалі.
У двары.

Два тыдні таму Любоў Клімава зьвярнулася ў ЖЭУ-3, каб камунальнікі разабраліся са стольлю ў кватэры:

«Я выклікала майстра па рамонту. Ён паглядзеў і сказаў, што яны ўсё зробяць, але толькі праз два тыдні, бо няма цяпер тых рабочых, якія займаюцца гіпсакардонам. Параіў прыйсьці ў ЖЭУ-3 на вуліцу Валатаўскую і напісаць заяву. Я прыйшла й паказала фатаграфію начальніку — колькі ўжо адвалілася са столі тынку за мінулыя выходныя. Ён паглядзеў і сказаў: „Давайце так зробім: заўтра хлопцы прыйдуць і адаб’юць тынк, каб ня сыпалася“. А вечарам аб 11-й усё й бухнула».

Цяпер рабочыя ЖЭУ ачышчаюць ад друзу і кватэру Клімавых, і гарышча. Абяцаюць празь месяц прывесьці жытло ў парадак. Але ж такіх дамоў у цэнтры гораду, якія чакаюць капітальнага рамонту, процьма. Камунальнікі найперш фарбуюць фасады, а што там усярэдзіне — гэта ўжо справа дзясятая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG