Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэгіёны падтрымалі акцыю “Стоп-бэнзін!”


Такія налепкі пра акцыі раздаюць у Магілёве мясцовым аўтамабілістам.
Такія налепкі пра акцыі раздаюць у Магілёве мясцовым аўтамабілістам.

Грамадзянскую акцыю «Стоп-бэнзін!» супраць неабгрунтаванага росту коштаў на аўтамабільнае паліва падтрымалі і ў рэгіёнах. Падрабязнасьці падаюць карэспандэнты «Свабоды».


МАГІЛЁЎШЧЫНА


«Хто ведае пра акцыю, яе падтрымлівае»


Паводле арганізатараў акцыі ў Магілеве, галоўным для іх было заявіць пра актуальнасьць праблемы неабгрунтаванага росту цэнаў на паліва.

Аляксей Сьцяпанаў
Гэтая праблема існуе, і яна непакоіць магілёўскіх уладальнікаў аўто, заявіў у інтэрвію «Свабодзе» адзін з магілёўскіх арганізатараў Аляксей Сьцяпанаў:

«На жаль, ня ўсе ведаюць, аднак мы стараемся данесьці да як мага большай колькасьці людзей інфармацыю пра акцыю. Тыя, каго гэтая праблема тычыцца, праяўляюць вялікі інтарэс. Просяць даць налепкі. Налепкі разьлятаюцца зь вялікай хуткасьцю. Шмат людзей тэлефануюць».

Алег Мяцеліца
Пра актуальнасьць праблемы росту цэнаў на паліва кажа й бялыніцкі аўтамабіліст Алег Мяцеліца. Ён распаўсюджвае налепкі пра акцыю ў Бялынічах:

«Кожнае падвышэньне цэнаў на паліва тычыцца мяне асабіста й майго бюджэту. Такі невысокі ўзровень заробкаў, а цэны на паліва вось-вось стануць эўрапейскімі. Улада, відаць, па-свойму разумее набліжэньне да Эўропы. У мяне не было ніводнага выпадку, каб людзі казалі, што — „Ай, не, у мяне ўсё нармальна“. Усе, хто ведае пра акцыю, яе падтрымліваюць».

«Любы з кіроўцаў супраць падаражэньня бэнзіну»

Машын з налепкамі пра акцыю ў Магілёве няшмат, але яны ёсьць.
Магілёўскія аўтамабілісты, зь якімі ўдалося пагутарыць на гарадзкіх вуліцах, пра акцыю ня чулі, але яе асноўную мэту падтрымліваюць:

Спадар: «У цане бэнзіну закладзена вельмі шмат акцызаў і іншых збораў. Чаму людзі павінны за гэта ўсё плаціць, я ня ведаю».

Спадар: «Каму гэта цікава — плаціць лішняе пры такім заробку? Я, канечне, супраць падаражэньня. Дый любы з кіроўцаў супраць».

Спадар: «Ідэю акцыі я, канечне, падтрымліваю. Сапраўды, усё расьце. Сёлета ажно тры разы падвышалі!»

Белая стужка — сымбаль акцыі.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Наш адказ канцэрну «Белнафтахім»

У Горадні сёньня на вечар прызначаны масавы рэйд удзельнікаў акцыі на запраўкі «Белнафтахіму».
Мясцовыя ўдзельнікі акцыі пераконваюць, што па актыўнасьці ўдзелу ў акцыі Горадня саступае толькі Менску.

У аднаго з суразмоўцаў пытаюся: «Ці падтрымліваюць вас звычайныя кіроўцы?»

Спадар: «Вось калі мы распаўсюджвалі налепкі, то чулі ад людзей, што яны падтрымліваюць акцыю, паколькі аўтамабіляў у нас у горадзе шмат і праблема для нас гэта агульная. Ну, канечне, асноўная наша падтрымка паходзіць ад гарадзенскіх аўтамабільных клюбаў».

На думку арганізатараў, мэты яны сваёй ужо дасягнулі, і ў выпадку, калі ўрад да іх не прыслухаецца, то плянуецца правядзеньне другой і трэцяй хваляў акцыі.

ВІЦЕБШЧЫНА


«Народ зьбірае тару і езьдзіць па таньнейшы бэнзін у суседнюю Расею»

На думку апытаных мной віцебскіх аўтамабілістаў, падобная акцыя магла б прынесьці нейкі плён, каб стала больш масавай. Так лічыць, да прыкладу, Аляксандар Кузьняцоў, уладальнік «Таёты».

«Мяркую, што гэта патрэбная акцыя. Бо яна ў інтарэсах усіх аўтамабілістаў. Я аўтамабіліст таксама, у мяне дзіця-інвалід, яго трэба вазіць па лекарах. Лекі і так дарагія, а з гэтым падаражэньнем бэнзіну лячэньне будзе дужа дарагое».

Зрэшты, паводле размоваў з аўтаўладальнікамі, на ўсходняй Віцебшчыне на запраўках «Белнафтахіму» і так запраўляецца далёка ня кожны. Усе, хто толькі мае магчымасьць, купляюць паліва ў суседняй Расеі, да мяжы зь якой ад Віцебску — усяго 50 кілямэтраў, распавядае аўтамабіліст Сяргей Парсюкевіч:

«Народ зьбірае „тару“ — каністры літраў на 200 — і выпраўляецца. Літаральна на мытні ёсьць аўтазапраўкі. І „лукойлаўскія“, і іншыя ёсьць — на расейскім баку. І запраўляемся па танных коштах. Там 93-ці бэнзін на нашы грошы каштуе каля 2 тысяч рублёў, салярка — яшчэ таньнейшая. Нам недалёка езьдзіць. Астатнім, канечне, складаней».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG