Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гурт “Дзецідзяцей” выдаў беларускамоўны альбом “Рух”


Сёньня ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, на роднай сцэне для бальшыні ўдзельнікаў гурту “Дзецідзяцей”, адбудзецца прэзэнтацыя першага для калектыву беларускамоўнага альбому “Рух”. Напярэдадні імпрэзы нашая карэспандэнтка пагутарыла зь лідэркаю гурту, акторкай Купалаўскага тэатру Ганнай Хітрык.

Гурт “Дзецідзяцей” зьявіўся на беларускай сцэне амаль 4 гады таму. Маладыя акторы Купалаўскага тэатру пачалі сьпяваць разам.

Афіцыйным днём нараджэньня лічыцца 06.06.2006-га: на заплянаваны многімі “канец сьвету” было вырашана выступіць зь першым канцэртам.

Гурт выпусьціў два альбомы – “Конверты для снов”, і “ОтЛично”. 1 траўня ў праграме Сталічнага тэлебачаньня “Зорны рынг”, дзе пераможцу абіраюць гледачы шляхам інтэрактыўнага галасаваньня, “Дзецідзяцей” перамаглі сьпевака Макса Лорэнса.

Упершыню цалкам беларускамоўную праграму “Дзецідзяцей” гралі на фэстывалі “Басовішча” летась. І вось цяпер выходзіць альбом “Рух”. Расказвае Ганна Хітрык:

“Ідэя беларускамоўнага альбому нарадзілася ў нас вельмі даўно. Мы проста чакалі, каб набралася столькі песень, каб было з чаго выбраць. Каб ня ўсё пайшло ў альбом, а каб мы перабіралі: гэта падыдзе, а гэта – не. Ну і таму, што мы працуем у беларускім тэатры. Не было такога дня, каб раптам сказалі: “О, мода на беларускую мову, давайце зробім беларускамоўны альбом”. Не, мы гэтага хацелі вельмі даўно і проста чакалі, каб усё паспрыяла”.

Карэспандэнтка: А альбом мэтанакіраваны ці разнастайны?

Хітрык: Назва альбому – “Рух”, і гэтым усё сказана. Там і любоў – і да радзімы, і да чалавека, і да сябе, і не да сябе. Усё, як заўсёды ў “Дзецідзяцей”. Выдае альбом “West Records”, а запісвалі мы яго на студыі гуказапісу “Сланечнікі”.

Карэспандэнтка: Ганна, а чые там творы, хто кампазытары, паэты?

Хітрык: Словы, як заўсёды, мае, Мішы Зуя і Зьмітра Ясяневіча, а музыка – “Дзецідзяцей” – Юлі Глушыцкай, Андрэя Сапоненкі, Пашы Чымбаевіча.

Карэспандэнтка: Вы вельмі часта выступаеце: і на канцэртах, і ў тэатры, літаральна днямі перамаглі ў вельмі папулярнай тэлепраграме “Зорны рынг”. Слава, калі пазнаюць на вуліцы, не перашкаджае працаваць?

Хітрык: Ну, гэта ня слава. Няма пакуль ніякай славы. І пазнаюць ня так часта. Я не купаюся ў промнях славы і не лічу сябе зоркай. І не хачу, каб пазнавалі... А часам хачу, каб пазнавалі. Ніякай славы пакуль што няма. Праўда.

Карэспандэнтка: А дзе і калі можна набыць ваш новы альбом?

Хітрык: 4 траўня ён зьявіцца ў крамах “Містэрыя гуку” і на нашай імпрэзе, на вечарыне ў тэатры.

Прэзэнтацыя альбому “Дзецідзяцей” адбудзецца сёньня ў Купалаўскім тэатры. Пачатак а 19-й гадзіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG