Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эрвін Рот: “Лукашэнка гуляў у казіно”


Старшыня НАК Беларусі Аляксандар Лукашэнка
Старшыня НАК Беларусі Аляксандар Лукашэнка

У размове са "Свабодай" аўстрыйскі спартовы экспэрт і журналіст Эрвін Рот агучвае некаторыя падрабязнасьці скандальнай гісторыі 8-гадовай даўнасьці, калі Аўстрыю, нягледзячы на існуючыя ў той час санкцыі Эўразьвязу, наведала беларуская дэлегацыя на чале з прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам.


Высокі беларускі госьць тады прыбыў у альпійскую рэспубліку на запрашэньне тагачаснага старшыні аўстрыйскага НАК і ўладальніка сеткі Casinos Austria Лео Вальнэра. Візыт “прэзыдэнта-ізгоя”, паводле Эрвіна Рота, выглядаў на дзіва ціхім, нават таемным, пра яго амаль нічога не пісала мясцовая прэса:

“Гэта было пэўным трукам, – кажа Эрвін Рот. – Атрымалася, што адзін алімпійскі кіраўнік запрасіў іншага. Аднак у рэальнасьці Алімпійскі камітэт Аўстрыі ня меў ніякага дачыненьня да візыту Лукашэнкі. З гэтай паездкай ня быў зьвязаны ніводзін прадстаўнік НАК. Аніводзін прадстаўнік Алімпійскага камітэту не сустракаўся з гэтай дэлегацыяй. Толькі Вальнэр”.
Былы старшыня НАК Аўстрыі Лео Вальнэр
Паводле Эрвіна Рота, падзеі 8-гадовай даўнасьці зацікавілі яго пасьля таго, як у аўстрыйскай прэсе зьявілася інфармацыя ўжо пра экс-старшыню Нацыянальнага алімпійскага камітэту Вальнэра і пра брудныя грошы, якія праходзілі праз гэтую арганізацыю. Два тыдні таму ў штотыднёвіку "Format" Рот убачыў дадзеныя “нібыта незалежнай аўдытарскай праверкі”, праведзенай у Алімпійскім камітэце. Зь іх вынікала, што Лео Вальнэр нібыта нічога ня ведаў пра так званую “чорную бухгальтэрыю”. Адразу пасьля гэтага Рот пачаў уласнае расьсьледаваньне. У аўстрыйскім друку за 2002 год ён знайшоў невялікую інфармацыю, зьвязаную зь імем Вальнэра і канікуламі Лукашэнкі ў Аўстрыі.

“Я прааналізаваў, дзе магла б адпачываць беларуская дэлегацыя. Мой маршрут быў у тырольскія гарналыжныя курорты. Я апынуўся ў такой мясцовасьці, як Зэефэльд. Далей было проста. У Зэефельдзе ўсяго пару пяцізоркавых гатэляў, бо, зразумела, прэзыдэнт мог спыніцца толькі ў такім. Я гутарыў з пэрсаналам гатэлю Klosterbrau. На маю просьбу яны знайшлі гасьцявую кнігу, дзе былі запісаныя імёны наведнікаў”.
Захаваліся ўсе фінансавыя дакумэнты таго адпачынку агулам на 200 тысяч эўра ...

Эрвіну Роту, паводле ягоных слоў, вельмі пашанцавала: праз 8 гадоў захаваліся ўсе фінансавыя дакумэнты таго адпачынку агулам на 200 тысяч эўра. Афіцыйна яны выпісваліся на НАК Аўстрыі, аднак абышлі афіцыйную бухгальтэрыю.

На квітках, якія знаходзяцца ў “чырвонай тэчцы” журналіста, стаіць імя Аляксандра Лукашэнкі, ягоных сыноў, іншых набліжаных асобаў, а таксама назвы фірмаў, гатэляў, авіякампаніі (чартэрны рэйс Вена – Інсбрук), верталётнай кампаніі (гэтыя паслугі спатрэбіліся прэзыдэнту пасьля атрыманай траўмы, калі яго з горнага схілу даставілі ў прыватную мэдычную практыку), ганарарныя чэкі за мэдычныя паслугі, аплата за гарналыжныя ўрокі для 11 прадстаўнікоў беларускай дэлегацыі, рахунак на арэнду аўтобуса для 34 чалавек. Кожная паперка – свайго роду ілюстрацыя альпійскіх канікулаў вялікай беларускай каманды.

Побач з гатэлямі ў Зэефэльдзе знаходзіцца і казіно Лео Вальнэра. Прадстаўнікі беларускай каманды наведвалі і яго.

“Я дакладна ведаю, што прэзыдэнт наведваў казіно і гуляў там. Зразумела, мы ўсе ведаем, што казіно – ня самае няправільнае месца для пазбаўленьня ад брудных грошай, аднак упэўнены, што ў гэтым выпадку нічога такога не было”.

Эрвін Рот падкрэсьлівае, што ён разглядае ўсю гэтую гісторыю найперш як аўстрыйскі скандал. Людзі, якія беспасярэдне арганізоўвалі адпачынак для беларускага прэзыдэнта з Casinos Austria, прадстаўляюць адкрытую для ўсіх арганізацыю. Чаму ў выпадку з Лукашэнкам усё праходзіла праз “чорную бухгальтэрыю”? Ці было гэта выклікана прасоўваньнем некаторых бізнэс-інтарэсаў на беларускім рынку? Чыіх менавіта? Адказы на гэтыя пытаньні Эрвін Рот спадзяецца знайсьці праз новае расьсьледаваньне.

Цяпер жа відавочна, што ў выніку гэтай гісторыі заплямленыя аказаліся і бізнэсоўцы, і алімпійцы, і замежныя палітыкі, лічыць журналіст.


З “чырвонай тэчкі” Эрвіна Рота (спэцыяльна для "Свабоды")


Рахунак гатэлю Klosterbräu, дзе разьмясьціўся прэзыдэнт і набліжаныя да яго асобы
Арэнда лыжнага рыштунку






Рахункі за пералёт Лукашэнкі на верталёце і за аказаныя яму мэдычныя паслугі


Гатэль Klosterbräu








Паводле гатэльных мэнэджараў, у пяцізоркавым Klosterbräu Лукашэнка пакінуў свой удзячны водгук.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG