Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Месца сустрэчы з выбарцамі – ля пахавальнай канторы


Паводле каляндарнага пляну Цэнтравыбаркаму, у Беларусі цяпер павінна адбывацца агітацыйная кампанія кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. Аднак рэальна многія апазыцыйныя актывісты замест гэтага вымушаны займацца вырашэньнем канфліктных сытуацыяў — апратэстоўваць выпадкі адмовы ў рэгістрацыі, скардзіцца на рашэньні ўлады наконт прызначэньня месцаў для агітацыі ды на іншыя нязручнасьці.


ГОМЕЛЬШЧЫНА


Франак Вячорка ня можа распачаць агітацыйную кампанію

У Мазыры “палітычны прызыўнік”, кандыдат у дэпутаты па Станцыйнай выбарчай акрузе № 25 Франак Вячорка ня можа распачаць агітацыйную кампанію. Маёр Капыловіч, які выконвае абавязкі камандзіра батальёну ў Мазыры, адхіліў ужо чатыры пісьмовыя просьбы кандыдата Вячоркі на звальненьне ў горад. Ня могуць пакуль дзейнічаць і давераныя асобы салдата.

Апавядае кіраўнік ініцыятыўнай групы Франка, сябра Партыі БНФ Уладзімер Целяпун з Мазыра:

“Зноў напісалі скаргу ў ваенную пракуратуру, што яму не дазваляюць весьці агітацыйную кампанію. Маёр Капыловіч не дазваляе Франку. Яму трэба ісьці ў камісію, падаць сьпіс давераных асобаў. Калі я буду даверанай асобай, тады я магу афіцыйна дзейнічаць. А так хто я ў яго? Пакуль толькі ініцыятыўная група! А самога Франка не выпускаюць, каб не схадзіў у камісію, не падаў сьпіс, каб не зайшоў у друкарню й не замовіў улёткі”.

Уладзімеру Целяпуну прыпісалі… лецішча

Сам Уладзімер Целяпун таксама піша скаргі. Ён вылучаўся ў абласны савет ад Партыі БНФ. Але акруговая камісія яго не зарэгістравала:

“Мне прыпісалі дачны ўчастак, які я прадаў у 2004 годзе. У мяне ёсьць даведка з Гомельскага прадпрыемства геадэзіі й зямельнага кадастру, што гэтую інфармацыю яны далі памылкова. Я ўжо ксэракапіяваў дакумэнт і накіраваў разам са скаргай у абласную выбарчую камісію”.

Паводле зьвестак абласной камісіі, на Гомельшчыне ў мясцовыя саветы зарэгістравана 4128 кандыдатаў у дэпутаты, у тым ліку 165 чалавек — ад сямі палітычных партый. 39 чалавек камісіі з розных прычынаў не зарэгістравалі.


ВІЦЕБШЧЫНА


Марыне Ягоўдзе прыпісалі… 6 сотак зямлі

Актывістка Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” з Паставаў Марына Ягоўдзік вылучалася шляхам збору подпісаў, і ўсе яны былі прызнаны сапраўднымі. Прэтэнзіі былі выказаныя да падатковай дэклярацыі. Паводле выбаркаму, спадарыня Ягоўдзік не задэкляравала ў заяве належны ёй кавалак зямлі памерам у 6 сотак. Але актывістцы ўдалося давесьці, што яна брала пацьверджаньне ў мясцовым Бюро тэхнічнай інвэнтарызацыі, якое на запыт выбарчай камісіі чамусь падало іншыя зьвесткі.

Урэшце ёй патэлефанавалі з раённай выбарчай камісіі і паведамілі, што памылка выпраўленая і яе зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты Пастаўскага райсавету.

У Багуслава Мацука і Валеры Валажонка забракавалі сабраныя подпісы


Аспрэчваць рашэньне выбарчай камісіі вырашылі таксама Багуслаў Мацук і Валеры Валажонак, актывісты стваранай партыі БХД зь Мёраў. Абодва хацелі балятавацца ў абласны і ў раённы саветы, аднак кандыдатам у райсавет зарэгістравалі толькі спадара Валажонка. Камісія па выбарах у абласны савет забракавала сабраныя подпісы. Парушэньні зафіксавалі, да прыкладу, такія: дзьве спадарыні паказалі, што яны расьпісваліся за сябе і за мужоў.

Багуслаў Мацук распавёў, што з рашэньнем камісіі актывісты ня згодныя і што яны даслалі скаргу ў пракуратуру:

“Мы даслалі копіі заяваў ад людзей, што яны ўласнаручна падпісваліся. І напісалі скаргу. Але ў адказ нічога няма”.

Мікалая Шарсьцюка вінавацяць, што не дэкляруе скрадзеную аўтамашыну …

Праблемы з дэкляраваньнем маёмасьці займеў і Мікалай Шарсьцюк, сябра партыі “Справядлівы сьвет” з Полацку. Яго не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты гарсавету, бо ён не запісаў у дэклярацыю машыну, якую ў яго скралі 7 год таму. Пра гэта распавёў старшыня абласной партыйнай арганізацыі Мікалай Селівашка, які працуе ў абласной выбарчай камісіі..

Спадар Селівашка кажа, што камісія разьбірае дзясяткі скаргаў на нерэгістрацыю:

“Скралі машыну 7 год таму ў Шарсьцюка, а камісія кажа: “Дакажы!” Ён і гаворыць: “У міліцыю зьвяртайцеся, там усё ведаюць”. Цяпер пяць дзён разьбіраюцца. Я сам у суботу дзяжурыў, дык недзе 6 ці 7 заяваў прыняў — і скаргі на нерэгістрацыю, і просьбы…”


МАГІЛЁЎШЧЫНА


Эдуард Брокараў скардзіцца ў ЦВК

На Магілёўшчыне апазыцыйныя кандыдаты незадаволеныя месцамі, выдзеленымі для агітацыі й сустрэчаў з выбарцамі. Справядлівасьці апазыцыянэры дабіваюцца скаргамі.

Горацкі актывіст партыі БНФ Эдуард Брокараў сьцьвярджае, што для сустрэчы з выбарцамі сваёй акругі яму выдзеленыя месцы на тэрыторыі суседняй. Кандыдат у дэпутаты ўжо пасьпеў паскардзіцца ў раённую, акруговую выбарчыя камісіі, а таксама ў Цэнтральную выбарчую камісію Беларусі:

“Я ім прапанаваў прывесьці графік гэтых сустрэчаў у адпаведнасьць са здаровым сэнсам, бо гэта парушэньне маіх правоў як кандыдата й правоў выбарцаў, якія павінны мець магчымасьць сустрэцца з кандыдатам па месцы свайго жыхарства, а не ісьці на другі канец гораду”.

У Добраўскай выбарчай акрузе, па якой балятуецца апазыцыйны кандыдат, зь ягонымі прэтэнзіямі не згаджаюцца й заяўляюць, што Горацкі райвыканкам прымаў рашэньні ў інтарэсах выбарцаў:

“Калі ён хоча сустрэцца недзе, то няхай піша афіцыйную заяву. Можна ж сустракацца на вуліцы, на стадыёне ёсьць месцы ў нас. Да 24 красавіка ўключна можа сустракацца там, колькі хочаш”, — паведаміла супрацоўніца камісіі.

Стадыён у Горках знаходзіцца на гарадзкой ускраіне. Там цяпер брудна і сьнегу яшчэ па калена, сьцьвярджае Эдуард Брокараў.

Падобная сытуацыя зь месцамі для агітацыі і сустрэчаў з выбарцамі — і ў іншых гарадах рэгіёну.

Месца сустрэчы з выбарцамі – ля пахавальнай канторы

“Магілёўскі гарвыканкам дазволіў сустрэчы ўсяго ў некалькіх памяшканьнях, а для масавых мерапрыемстваў усяго толькі адну выдзеліў пляцоўку. Гэта відавочны зьдзек зь літары і духу Выбарчага кодэксу. Улады перашкаджаюць незалежным дэпутатам у правядзеньні сустрэчаў з выбарцамі, а сваім кандыдатам далі незаконныя перавагі”, — заяўляе магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель.



У Магілёве ахвотнікам да масавых мерапрыемстваў давядзецца іх праводзіць на пляцоўцы перад будынкам, адна палова якога адведзеная для рытуальных паслугаў, другая — пад кавярню “Спатканьне”.






ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Скаргі ў ЦВК і пракуратуру вобласьці

У Астравецкім і Мастоўскім раёнах некаторыя апазыцыйныя вылучэнцы лічаць, што ім незаконна адмовілі ў рэгістрацыі.

У Астравецкім раёне ніводнага з 4 апазыцыйных прэтэндэнтаў, якія вылучаліся ў раённы савет шляхам збору подпісаў, не зарэгістравалі.

Сёньня Іван Крук піша скаргі ў абласную і Цэнтральную выбарчую камісіі, а таксама да пракурора вобласьці. Ён кажа, што ў раённай камісіі яму не дазволілі азнаёміцца з матэрыяламі праверкі, на падставе якіх яму адмовілі ў рэгістрацыі.

Скаргу яму дапамагае складаць праваабаронца з БХК Эдвард Баланчук. Ён распавядае, што найперш на скаргу Івана Крука пра тое, што сябраў яго ініцыятыўнай групы апытвалі сябры выбарчай камісіі, чынячы на іх незаконны ціск, фармальна адрэагаваў раённы пракурор.

Пасьля таго, як на сябраў ініцыятыўнай групы націснуць не ўдалося, падчас праверкі подпісаў нібыта зьявіліся заявы, згодна зь якімі людзі, якія раней ставілі подпісы, потым чамусьці ад іх адмовіліся.

Акрамя таго, старшыня выбарчай камісіі на заяве Івана Крука аб тым, каб яму прадставілі матэрыялы, згодна зь якімі яго не зарэгістравалі кандыдатам у раённы савет, са слоў праваабаронцы, напісаў, што той нібыта зь імі ўжо азнаёміўся.

А яшчэ пазьней, са слоў спадара Баланчука, высьветліліся іншыя дэталі.

“Нам стала вядома, што ёсьць грамадзяне, якія наагул нічога не падпісвалі, а сябры камісій самі складалі паперы, у якіх чалавек адмаўляўся ад свайго подпісу, таму што быў ці п’яны, ці наагул ня памятае, за каго ставіў подпіс”.

Іван Крук кажа, што на выбарах у Астравецкі раённы савет па ўсіх 25 акругах адбудуцца безальтэрнатыўныя выбары.

“Вось якія ў нас адбываюцца выбары: “чэсныя, справядлівыя, празрыстыя” — парушаецца Канстытуцыя, Адміністрацыйны кодэкс, выбарчае заканадаўства. Творыцца поўнае беззаконьне”.

Зьміцер Кухлей: “Лічба ж невялікая”

Мастоўскі актывіст Зьміцер Кухлей ужо напісаў скаргу ў абласную камісію на тое, што яму адмовілі ў рэгістрацыі ў абласны Савет.

“Прызналі 8 подпісаў несапраўдных, а гэта складае 15,94%. А калі болей за 15%, то камісія мае права адмовіць у рэгістрацыі. Але ж лічба насамрэч невялікая — 8 подпісаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG