пятніца, 10 лютага 2012, Менск 05:56

Грамадзтва

У офісе БНФ паказалі фільм пра праваабаронцу Яну Палякову

7 сакавіка, у гадавіну сьмерці праваабаронцы з Салігорску Яны Паляковай, у Менскім офісе БНФ адбылася прэзэнтацыя дакумэнтальнага фільма “Забойства напярэдадні вясны”, які зьняла рэжысэр Вольга Мікалайчык.

x
ПАМЕР ШРЫФТУ - +
Цягам 24 хвілін гледачы фільма жылі ў часе, блізкім да трагічных падзей 7 сакавіка 2009 году, у тым ліку бачылі Яну Палякову жывой і чулі яе голас. З экрану праваабаронца распавядала відэаапэратару пра тое, як яе зьбілі ў міліцыі падчас допыту ўлетку 2009 году:

“Паехалі ў міліцыю, падняліся на другі паверх. “Сядайце”. Я прысела на крэсла. Кажуць: “Вось, падпішыце”. Кажу, што я мушу ведаць, што я падпісваю. Толькі я працягнула руку да гэтых папер, каб паглядзець, што я падпісваю, як мне па руцэ ўдарылі. Паднялася, каб выйсьці, мяне ўдарылі па нагах. Але найбольш дагэтуль баліць рука. І пры гэтым мне адмовілі ў завядзеньні крымінальнай справы супроць тых, хто мяне зьбіваў”.



Яне Паляковай ня толькі адмовілі ў завядзеньні крымінальнай справы на міліцыянтаў, якія яе зьбілі, але і завялі справу на яе саму паводле абвінавачаньня ў навядзеньні паклёпу на міліцыянта. Праз чатыры дні пасьля суду, які асудзіў Яну Палякову на 2,5 гады “хіміі”, праваабаронца павесілася ў сваёй кватэры.

Сяргей Панамароў
Актывіст з Клецку Сяргей Панамароў добра ведаў Яну Палякову, рабіў зь ёй разам праваабарончую працу ў Салігорскім рэгіёне. Пасьля дэманстрацыі фільма “Забойства напярэдадні вясны” Сяргей Панамароў згадаў пра дадатковыя факты, якія сьведчаць на карысьць вэрсіі пра давядзеньне маладой жанчыны да самагубства:

“У мяне ёсьць шмат фотаздымкаў, на якіх бачныя сінякі на яе целе. Жудасныя сінякі. Гэтыя здымкі пакуль нідзе не дэманстраваліся. Па-чалавечы Яну “зламалі”. Бо псыхолягі яны добрыя, гэтыя сілавікі, праваахоўнікі, пракуроры, судзьдзі. Яны убачылі, што яна адна, што яшчэ па-сутнасьці дзяўчына, нікога побач з ёй няма, толькі старая маці, і яны ціснулі на яе ўвесь час – дзень і ноч”.

Актывіст Сяргей Панамароў, былая палітвязень Эніра Браніцкая ды іншыя выступоўцы казалі ня толькі пра свой боль ад утраты, але і пра віну: што недаглядзелі, у патрэбную хвіліну не знайшлі яшчэ аднаго слова падтрымкі для такога вельмі ранімага чалавека, якім была Яна Палякова. Вось што сказаў на гэты конт палітык Мікалай Статкевіч:
Мікола Статкевіч

“Беражыце адзін другога. Яна, магчыма, не дачакалася простага віншаваньня яе як жанчыны з нагоды 8-га сакавіка. Для тых, хто прызнае гэта сьвята, ці не прызнае, я ўсё ж хачу скарыстацца нагодай і павіншаваць вас з гэтым сьвятам. Савецкія людзі, каб ачалавечыць жыцьцё вакол, зрабілі з гэтага пралетарскага сьвята сьвята каханьня. Таму любові вам, жанчыны, каханьня і шчасьця”.

Такія ж аплядысмэнты па заканчэньні фільма гучалі і на адрас аўтара Вольгі Мікалайчык. Сама Вольга здымае дакумэнтальныя фільмы толькі 3 гады, але навічком ў дакумэнтальным кіно яе не назавеш – яна ўжо шмат гадоў працуе ў гэтай сфэры як прадусар. У прыватнасьці, Вольга Мікалайчык прадусіравала некалькі фільмаў вядомага рэжысэра Юрыя Хашчавацкага, таксама супрацоўнічала з дакумэнталістам Алегам Дашкевічам. Вось што Вольга Мікалайчык распавяла пра гераіню сваёй новай працы Яну Палякову:

Вольга Мікалайчык
“Я бачыла, як балюча людзям гэтая гісторыя, і сёньня я бачыла, як балюча людзям казаць пра яе, бачыць пра яе. Таму што сапраўды сышоў з жыцьця чалавек вельмі сьветлы, які меў ідэалы, меў тыя якасьці, якія не дазволілі ёй пайсьці на кампраміс. Яна ж магла сказаць: “Добра, я ня буду зьбіраць подпісы за Вольгу Казуліну”, – і ад яе б адчапіліся. Але ёй гэтак сказаць не дазваляла сумленьне. А з сумленьнем вельмі цяжка жыць. Ад пакутаў, ад несправядлівасьці адбыўся такі ўнутраны надлом, што прасьцей аказалася пайсьці з жыцьця”.

Фільм “Забойства напярэдадні вясны” пабачаць удзельнікі фэстывалю праваабарончых фільмаў у Кіеве, таксама ён прапанаваны для паказу ў Польшчы, Латвіі, Чэхіі, Фінляндыі.

На імпрэзе ў офісе БНФ актывіст Вячаслаў Сіўчык паведаміў пра пачатак збору сродкаў на надмагільны помнік Яне Паляковай. Было абвешчана, што помнік пагадзіўся зрабіць вядомы скульптар Алесь Шатэрнік.



Цягам году пасьля сьмерці Яны Паляковай яе маці, а таксама беларускія праваабаронцы спрабавалі дамагчыся, каб пракуратура завяла крымінальную справу супроць міліцыянтаў з Салігорску паводле артыкулу аб давядзеньні да самагубства. Як пракуратура гораду, гэтак і суд Менскай вобласьці адмовіліся заводзіць такую справу.

ВІДЭА

Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Ананім
08.03.2010 07:42
А где они были, когда она была жива?

Імя:: Дамініка
08.03.2010 08:51
Шкадую, што ня ведала пра гэты паказ стужкі. Сп. Міколу вялікі дзякуй за віншаваньне. А тым, хто зайздросьціць Яні(нават у магіле) хачу пажадаць: ЖЫЦЬ! БЫЦЬ!
Адказаць

Імя:: Ананім
08.03.2010 10:40
А про ее, когда она была жива, знали?

Імя:: Alex
08.03.2010 14:50
І Сіўчык ужо тут.. Ніяк ня можа вызначыць сфэру сваёй дзейнасьці
Адказаць

Імя:: Марта Горад:: Менск
08.03.2010 18:12
Нагадаю, што сп. Сіўчыка колькі год таму выносілі з гэтага памяшканьня за рукі-ногі і, як сына лейтэнанта Шмідта (Панікоўскага), выкідвалі за дзьверы. То было на даўнім паседжаньні вячоркаўскай арганізацыі. І вось бачым, што ён улез назад у вакно. Проста як з народнага прыслоўя. А Вы кажаце "ужо тут". Сіўчык усюдыпрысутны, Сіўчык -- сімвал нашага кур'ёзнага часу. Сіўчык -- непатапляльны браненосец "Пацёмкін" псэўдаапазыцыі!
Адказаць

Імя:: Ананім
08.03.2010 21:02
На імпрэзе ў офісе БНФ актывіст Вячаслаў Сіўчык паведаміў пра пачатак збору сродкаў на надмагільны помнік.
--------------
Ребят хлебом не корми, дай попраздновать и денег собрать.

Імя:: АРТ Горад:: Х
08.03.2010 22:29
Віншуем з таямнічым паказам.Самі знялі ,сабе паказалі. І тое не памірацца. Цёплая тусоўка. "Жывем самі па сабе". Дык і ня дзіва, што нават на ўдзел у выбарах не зарганізаваўся БНФ. Навошта ім выбары?Ціхенька патусуюцца,Лукашэнка костку кіне, дык і добра. Сёння ўжо зразумела- пачынаючы з восені, БНФ проста дэкарацыя.

Імя:: Gleb Горад:: Orsha
09.03.2010 04:06
Спасибо Ольга.

Імя:: Святлана, адказ Alex(У) Горад:: Мінск
09.03.2010 10:12
Адказ Alex(У):
Я была на мерапрыемстве. Уся зала была запоўненая, цікава, чаму журналіст заведама паставіў такую неканцэптуальную і такую непрыгожую, непрафесійна зробленую фотку?
А наконт сп. В. Сіўчыка. Людзі, скажыце дзякуй, што ён арганізаваў гэтае мерапрыемства. Яну Палякову мала хто ведаў, але хто можа для яё зрабіць больш, чым было зроблена.
Замест таго, каб лажаць усіх і ўся, прыйдзіце хоць раз на любую акцыю, альбо зрабіуе штосьці сваё. Гаўкаць на цапу ўсе могуць.
Адказаць

Імя:: Марта Горад:: Менск
09.03.2010 11:44
Што да фота, то яно дастаткова прафэсійнае. Бачна, што да Сіўчыка прышлі некалькі ягоных сваякоў, некалькі асобаў пажылога ўзросту, якія ходзяць на любыя тусоўкі. Вось амаль і ўсё. Адэкватна перададзена атмасфэра лакальнай дзеі, якая нічога ня значыць, акрамя чарговай раскруткі таямнічага дзеячыка. Ну, ня будуць кемлівыя людзі хадзіць на сіўчыкавы тусоўкі. І ў Курапаты (дзе ён сам сябе прызначыў "дзяжурным") разам зь ім прыходзіць купка ўсё тых жа асобаў, якія так ні ў чым і не разабраліся.