Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што можа прадаць Грэцыя, каб заплаціць даўгі?


У дыскусію вакол эканамічнага крызісу ў Грэцыі паддалі жару двое дэпутатаў нямецкага бундэстагу, якія ў ілюстраваным табліодзе Bild запрапанавалі Грэцыі прадаць пару бязьлюдных астравоў або, напрыклад, Акропаль.

Сайт газэты The Christian Science Monitor выставіў фотагалерэю “10 рэчаў, якія Грэцыя можа прадаць, каб сплаціць доўг”.


Што, калі выставіць на аўкцыён Міконас? Гэта не бязьлюдны востраў, як прапануюць нямецкія дэпутаты, а адзін з найпапулярнейшых курортаў, дзе, дарэчы, штогод смажыцца на сонцы каля 2,5 мільёнаў немцаў.


Партэнон: Яго продаж быў бы, магчыма, незвычайным крокам, бо гэты храм быў прысьвечаны багіні Атэне, якую жыхары Атэнаў шануюць як сваю апякунку. Але відавочна, апошнім часам яна асабліва дапамагчы не змагла.


Тэатар у Эпідаўры. Адкрыты амфітэатар быў збудаваны ў сярэдзіне 4-га стагодзьдзя да н.э. і лічыцца адным з найлепш захаваных будынкаў Клясычнага пэрыяду (стагодзьдзямі ляжаў пад зямлёй, раскопкі пачаліся ў 1881 годзе). Калі нехта гаворыць, голас чуцен зь любога з 14 тысячаў сядзячых месцаў – акустыка ідэальная.


Сьвятыня Атэны ў Дэльфах: Тут знаходзіцца мармуровая ратунда пачатку 4-га стагодзьдзя да н.э. Тры калёны, адбудаваныя ў 1938 годзе – папулярнае сярод месца. 10 даляраў за фотку?


Вэнэра Мілоская: Насамрэч яна жыве ў Парыжы – у Люўры. Але яна апошнім часам стала сымбалем нямецка-грэцкіх сварак, пасьля таго, як нямецкі тыднёвік Focus зьмясьціў на вокладцы яе выяву, дзе яна паказвае немцам непрыстойны жэст.


Алімпія: Месца, дзе ў антычнасьці адбываліся Алімпійскія гульні. Магчыма, на аўкцыёне гэтая прапанова зацікавіць некага з спартоўцаў.


Мармур Элгіна: Не прадаецца. Прынамсі Грэцыяй. Гэтыя скульптуры доўгі час застаюцца прадметам спрэчак паміж Грэцыяй і Брытаніяй. Брытанскі лорд Элгін назьбіраў гэтыя скульптуры ў Партэноне ды іншых месцах на пачатку ХІХ стагодзьдзя. Вакол гэтага свайго часу распачалася дыскусія, ці прадметы антычнасьці мусяць быць вернутыя краінам паходжаньня.


Старажытны горад Корфу: Ён разьмешчаны пры ўваходзе ў Адрыятычнае мора і сьведчыць пра ўплыў вэнэцыянцаў, якія валодалі востравам Корфу на працягу стагодзьдзяў.


Гара Атос (Афон): Аб'ект са сьпісу Сусьветнай Спадчыны, тут месьцяцца два дзясяткі праваслаўных манастыроў. Ці не маглі б манахі даваць духоўныя парады ва ўмовах крызісу?


Акропаль: Грэцкая газэта левага кірунку “Элефтэратыпія” зьмясьціла здымак гэтага помніка, збудаванага ў 5-м стагодзьдзі, з падмаляваным рэклямным шчытом “Прадаецца”. Мы чакаем, калі такі шчыт зьявіцца ў рэальнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG