пятніца, 10 лютага 2012, Менск 02:58

Грамадзтва

"Сьвятлана, магчыма, раскапала пра КДБ шмат інфармацыі"

КДБ арыштаваў сьледчую па асабліва важных справах Генэральнай пракуратуры Сьвятлану Байкову, якая расьсьледавала справу былога кіраўніка Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Анатоля Грамовіча ды іншых высокапастаўленых сілавікоў. У Беларусі кажуць пра новы віток барацьбы сілавых ведамстваў за лідэрства.

ПАМЕР ШРЫФТУ - +

Абставіны арышту Сьвятланы Байковай невядомыя. У КДБ гэтую тэму не камэнтуюць, а ў пракуратуры краіны толькі прызнаюць сам факт арышту. Генэральны пракурор Рыгор Васілевіч заявіў журналістам, што ў яго няма зьвестак пра “карысьлівыя маёмасныя дзеяньні” Байковай, але ня выключыў, што яна зрабіла нейкія “працэсуальныя парушэньні заканадаўства”.

Былы сьледчы Алег Воўчак на гэта кажа: “Калі былі працэсуальныя парушэньні, то чаму не дысцыплінарная адказнасьць? І чаму адразу арыштоўваць? Маглі б спачатку дапытаць, а ўжо потым рабіць такія захады. А ў нас усё наадварот”.

У сярэдзіне 1990-х гадоў праваабаронца Алег Воўчак працаваў са Сьвятланай Байковай у Менскай гарадзкой пракуратуры. Паводле Алега Воўчака, ужо тады яна мела вялікі досьвед у расьсьледаваньні цяжкіх злачынстваў. Алег Воўчак не зьдзіўляецца, што ў рэспубліканскай пракуратуры Сьвятлане Байковай пачалі даручаць таксама найскладанейшыя справы. У прыватнасьці, менавіта Байкова расьсьледавала справу аб зьнікненьні экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі і выйшла на тое, што дачыненьне да гэтага зьнікненьня меў камандзір брыгады спэцназу МУС Зьміцер Паўлічэнка. Аднак празь нейкі час справу Захаранкі ў Байковай забралі. У канцы 2000-х гадоў Байкова вяла справы карупцыянэраў з КДБ, у тым ліку давяла да суду вядомую справу былога “чэкіста”, кіраўніка Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Анатоля Грамовіча, які арганізаваў злачынныя перавозкі тавараў бяз мыта празь мяжу ў Берасьці. Што магло стаць прычынай арышту ўжо самой Сьвятланы Байковай? Алег Воўчак:

Сьвятлана Байкова
“Мяркую, што Сьвятлана — магчыма, разам са сьледчымі з пракуратуры — раскапала пра КДБ шмат інфармацыі. Пра “крышаваньне”, пра мяжу, там шмат пытаньняў наконт правозу тавараў. Мяркуючы па апошніх дзеяньнях КДБ супроць іншых структур і супроць журналістаў, КДБ і тыя, хто кіруе камітэтам бясьпекі, хочуць стаць асноўнай фігурай і “асадзіць” пракуратуру”.

Алег Воўчак нагадаў, што летась Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога пэўныя праваахоўныя структуры могуць заводзіць крымінальныя справы аб карупцыі бяз санкцыі пракуратуры. Паводле праваабаронцы, гэта дазваляе паквітацца з тымі, хто недаспадобы, у тым ліку і з тымі, хто вёў справы супрацоўнікаў гэтых структураў.

Ці можа стацца, што Сьвятлану Байкову пасьля арышту і праверкі вызваляць, не выстаўляючы ёй абвінавачаньняў? Алег Воўчак мяркуе, што гэта можа адбыцца, калі за калегу заступяцца іншыя сьледчыя пракуратуры, якім таксама даводзілася весьці справы па карупцыі:

“Зараз сьледчыя мусяць выявіць салідарнасьць зь ёй і выказацца ў яе падтрымку. Аж да таго, каб дамагчыся прыёму ў Аляксандра Лукашэнкі”.

Паводле зьвестак, апошнім часам Сьвятлана Байкова скардзілася на немагчымасьць працаваць і выказвала жаданьне сысьці ў адстаўку.
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Міся Горад:: Мінск
03.03.2010 17:25
Вышынскага на іх няма. У краіне поўна ворагаў народу. Сцягі вывешваюцца, не адшуканы вінаваты за ўзрыў. І пракуроры. Папытайце ў зэкаў ці ёсць у нас чэсныя пракуроры. Сістэма страху - гэта сістэма, якая добра працуе на кіраўніка.

Імя:: Пятрусь
03.03.2010 20:18
Можа раскапала, можа не... нейкая варажба на кофе... трызьненье, спадары шманалітыкі
Адказаць

Імя:: ганна
03.03.2010 23:30
цалкам згодна. шкада, што ў аснове матэрыла адны спекуляцыі.

Імя:: 007
03.03.2010 20:24
Пракуратура - не міліцыя, сваіх супрацоўнікаў не бароніць.

Імя:: я
03.03.2010 21:43
Лукашыная зграя даўно ўжо зразумела, што пакуль е магчымасьць трэ рабiць бiзнес. I робяць, напляваўшы i забыўшыся на той "дурны памяркоўны" народ. За волю! I за...усё астатняе.

Імя:: Харунжы
03.03.2010 23:36
Новая апазызыянерка....Міля, прасі ГРАНТ!

Імя:: Анатоль Горад:: СПб
04.03.2010 19:14
Не "расьссьледавнне", а "вышук"!!!!!
Брыдка, спадары!

Імя:: Пятрусь
05.03.2010 14:58
Вось так і стала Светлана Сьвятланай!

Міля, прасі грант пад абарону Сьвятланы!