ЦВК прапануе Баранавіцкаму гарвыканкаму перагледзець колькасьць месцаў для агітацыі
19 лютага Партыя БНФ зьвярнулася ў Цэнтральную выбарчую камісію з заявай аб неадпаведнасьці Выбарчаму кодэксу Рэспублікі Беларусь рашэньня Баранавіцкага гарадзкога выканаўчага камітэта аб месцах для правядзеньня перадвыбарчай агітацыі.
Лідзія Ярмошына паўшчувала баранавіцкіх калег.x
Лідзія Ярмошына паўшчувала баранавіцкіх калег.
Баранавіцкі гарвыканкам дазволіў праводзіць агітацыю толькі ў старым парку культуры і адпачынку, які знаходзіцца на вуліцы Камсамольскай, і ў трох закрытых памяшканьнях.
Цэнтральная выбарчая камісія прызнала, што рашэньне Баранавіцкага гарвыканкаму ня ў поўнай меры адпавядае выбарчаму заканадаўству.
У адказе за подпісам Лідзіі Ярмошынай ЦВК паведаміла Партыі БНФ, што прапануе Баранавіцкаму гарвыканкаму перагледзець сваё рашэньне і ўнесьці ў яго адпаведныя зьмены.
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч так пракамэнтаваў ліст з ЦВК:
«У сваім імкненьні абмежаваць дэмакратычным кандыдатам, у тым ліку кандыдатам ад Партыі БНФ, магчымасьці для паўнавартаснага правядзеньня кампаніі і кантакту зь людзьмі мясцовыя ўлады вельмі часта выяўляюць надзвычай вялікі спрыт, парушаючы пры гэтым закон. У дадзеным выпадку кіраўнічка ЦВК Лідзія Ярмошына вымушаная была ўказаць Баранавіцкаму гарвыканкаму на гэтае парушэньне. Аднак хацелася б, каб спадарыня Ярмошына стаяла на баку закону ня толькі ў вырашэньні працэдурных пытаньняў, але і ў пытаньнях забесьпячэньня сапраўднай свабоды выбару і волевыяўленьня грамадзянаў Беларусі.
Што тычыцца сытуацыі ў Баранавічах, я ўпэўнены, што ніякія перашкоды ўладаў ня здольныя будуць не дазволіць нашым актывістам і нашаму кандыдату Віктару Мезяку ў чарговы раз атрымаць пераважную падтрымку жыхароў гораду».