пятніца, 10 лютага 2012, Менск 10:02

Анкета Свабоды

Анкета Свабоды: Алесь Разанаў

Нарадзіўся 5 сьнежня 1947 году ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Вучыўся ў БДУ (1966-1968), але быў выключаны за патрабаваньне беларусізацыі ўнівэрсытэту. У 1970 годзе скончыў Берасьцейскі пэдагагічны інстытут. Працаваў у «ЛіМе», «Роднай прыродзе», выдавецтве «Мастацкая літаратура» (1974-1986), часопісе «Крыніца» (1994-1999). Паэт і перакладчык, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы. Увёў у беларускую паэзію новыя жанры: версэты, вершаказы, зномы, квантэмы. Яго творы перакладаліся больш як на дваццаць замежных моў. Жыў некаторы час у Нямеччыне й Аўстрыі. Цяпер жыве ў Менску.

Алесь Разанаў
x
Алесь Разанаў
ПАМЕР ШРЫФТУ - +




Што для вас свабода?

Прысьвячэньне ў наступнасьць.


Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

І-і: нястача і лішак, набытак і страта, сыстэма і хаос.


Што для вас шчасьце?

Вішні цьвітуць.


Чаго вы найбольш баіцеся?

На крутым спатыкнуцца, на роўным пасьлізнуцца.


Які талент вы хацелі б мець?

Усе маюць адзін і той самы найвялікшы талент — талент быць, таму замест таго, каб перакідвацца з транскрыпту ў транскрыпт, лепш спраўджвацца ў тым, што маеш.


Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Тымі, хто адданы слову (як Ніл Гілевіч), хто перамагае згубу (як Анатоль Галушка з Івацэвічаў), хто дзейсьніць учынак — відавочны (як Сяргей Каваленка зь Віцебска) і невідочны.


Што вы найбольш любіце рабіць?

Аддаваць пазыкі.


Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Навучыўся б хадзіць па вадзе.


Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Малы ад дарослых: «Вялікі расьці!..»


Які ваш улюбёны дэвіз?

Tat twam asi (Гэта ёсьць ты).


У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

У пчалінай.


У якой краіне вы хацелі б жыць?

У Айчыне.


У якую эпоху вы хацелі б жыць?

У велікодную — калі ў людзях уваскрасае Бог.


Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Увёў бы ў дзеяньне закон Адпаведнасьці, а сам вярнуўся б да таго, чым займаюся цяпер.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Вядомыя — што памятаюць, дзе быў дом.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Сьвядомыя — што ведаюць, дзе дом ёсьць.


Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?

Калі свая, то не дыктатура, калі дыктатура, то не свая.


Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Паступова і раптам — раней, чым ветах перакуліцца ў маладзік.


Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Калі не ў сераду, то ў пятніцу, калі не ў чацьвер, то ў суботу, — тады, калі якасьць пяройдзе ў колькасьць.


Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Сабакі забрэшуць, вароны закаркаюць, а ляўрэаты прэміі «За духоўнае адраджэньне» вернуць узнагароды таму, ад каго іх атрымалі.
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Мiкола Горад:: сусвет
12.02.2010 20:44
Tat twam Алесь!
Tat twam Тоj, хто стау Чалавекам, Асобаj.
Tat twam Тоj, хто стау для мяне iмпульсам для вызвалення ад усялякiх залежнасцяу -- пачуццёвых, iдэйных, палiтычных...
Tat twam Тоj, хто стау для мяне iмпульсам для падпарадкавання -- пачуццяу, iдэj, самаацэнак...
Дзякуj!

Імя:: Жур- фак
13.02.2010 00:18
Першы раз за ўвесь інтэрнэтаўскі почыт я адчуў сябе недурным чалавекам.

Імя:: Алесь
13.02.2010 14:40
Калі б Свабода аб'явіла конкурс на лепшую анкету, то менавіта Алесь Разанаў будзе першым і неадсягальным.Такіх паэтаў, філёзафаў, патрыётаў даўно ня мела Беларусь.Слова Разанава - вечнасьць

Імя:: Машуня
13.02.2010 23:33
Одним словом - ПОЭТ!

Імя:: падарожны Горад:: Mенск
14.02.2010 13:52
"У якой краiне вы хацелi б жыць? -- У Айчыне". Лепей, па-мойму, адказаць немагчыма.