Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мартынаў правядзе перамовы ў Варшаве


Сяргей Мартынаў
Сяргей Мартынаў
11-12 лютага міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў наведае з рабочым візытам Польшчу. Пра гэта паведаміла прэс-служба беларускага МЗС.

Заплянаваныя перамовы Сяргея Мартынава зь міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім. Будзе абмеркавана шырокае кола пытаньняў двухбаковага супрацоўніцтва, а таксама ўзаемадзеяньне па лініі Беларусь-ЭЗ. Плянуецца падпісаньне міжурадавай дамовы аб правілах прымежнага руху.

У інтэрвію польскай газэце “Rzeczpospolita” Сяргей Мартынаў заявіў, што “ўмяшаньне беларускай дзяржавы, а тым больш польскай дзяржавы ў справы Саюзу палякаў Беларусі ні да чога добрага не прывядзе”. Адказваючы на пытаньне, чаму беларуская дзяржава ня можа даць права тысячам людзей на чале з Анжалікаю Борыс мець такую польскую арганізацыю, якую яны хочуць, Мартынаў заявіў, што пра гэта трэба размаўляць з кіраўніцтвам Саюзу палякаў. “Наколькі я ведаю, кіраўнікі саюзу прапанавалі дзейнічаць разам і супольна праводзіць выбары ў арганізацыі”, – сказаў беларускі міністар замежных справаў. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што ўрад і МЗС Беларусі пытаньнямі адносінаў паміж лідэрам афіцыйнага Саюзу палякаў і “кіраўніком той другой групы” не займаюцца.

Нагадаем, партыя «Права і справядлівасьць» запатрабавала адмяніць візыт у Варшаву міністра замежных спраў Беларусі з-за сытуацыі вакол Дома польскага ў Івянцы. Кіраўнік партыйнай фракцыі ў Сойме Гражына Генсіцка заклікала прэм’ер-міністра Дональда Туска прапанаваць Эўразьвязу накласьці на Беларусь гандлёвае эмбарга.

Кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што не зьбіраецца скасоўваць візу Мартынава. Маўялў, «зь Беларусьсю трэба размаўляць, а не ізаляваць яе».

8 лютага Сікорскі заявіў, што мае намер «па-мужчынску» пагаварыць са сваім беларускім калегам падчас яго прыезду.

«Хочам, каб ня толькі польскі бок казаў пра тое, як шмат можа страціць Беларусь, калі зноў вырашыць самаізалявацца. Мы ня можам забараніць гэтага Беларусі, але паважаць правы нацменшасьцяў, паважаць правы апазыцыі — гэта асноўная ўмова збліжэньня з Эўразьвязам», — заявіў кіраўнік польскага МЗС.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG