пятніца, 10 лютага 2012, Менск 00:26

Грамадзтва

У памяшканьні “Белсату” шукалі “прытон”

Супрацоўнікі Ўпраўленьня ўнутраных спраў Савецкага раёну Менску спрабавалі ўзяць «на змор» кватэру, дзе арандуе памяшканьні спадарожнікавы тэлеканал «Белсат». Як патлумачылі міліцыянты, да іх паступіў сыгнал ад жыхароў дому, якія скардзіліся — маўляў, у кватэры ледзьве ня штодня адбываюцца п’янкі — і патрабавалі «праверыць прытон». Падчас «апэрацыі» на прылеглай тэрыторыі быў затрыманы адзін з супрацоўнікаў тэлеканалу. Як патлумачылі сілавікі — дзеля правядзеньня алькагольнага тэсту.

У кватэры прадстўаніка «Белсату» адключылі сьвятло.
x
У кватэры прадстўаніка «Белсату» адключылі сьвятло.
ПАМЕР ШРЫФТУ - +
Як разгортваліся падзеі цягам дня, паведамілі самі супрацоўнікі тэлеканалу «Белсат»:

«У раёне 15:00 празьвінеў званок дамафону. Мы зьнялі трубку, і тут нейкі чалавек, які стаяў на вуліцы ля дзьвярэй, пасьпеў папярэдзіць — гэта міліцыя. І, натуральна, калі пачалі да нас ламацца ў дзьверы, мы не адчынілі. Пасьля яны яшчэ дзесьці паўгадзіны вельмі моцна грукалі, проста дзяўбалі нашыя дзьверы. І дзесьці празь 15 хвілінаў пасьля пачатку „акцыі“ вырубілася сьвятло».

Іншы супрацоўнік патлумачыў, што акцыя сталася вынікам нібыта калектыўнай скаргі жыхароў — якую, праўда, ніхто арандатарам так і не прад’явіў:

«Суседзі нібыта скардзяцца, што тут бывае шмат людзей, ладзяцца п’янкі, і зусім нядаўна чарговы п’яны выйшаў з гэтай кватэры. І вось па скаргах людзей яны прыйшлі паглядзець — што ж тут сапраўды за п’янкі адбываюцца? І, галоўнае, выключылі сьвятло, каб, мабыць, не пілі, каб краёў не было бачна...»

Карэспандэнт: «Дык гэта ўсё ж міліцыянты? Які ўвогуле ў іх статус?»

«Прадставіўся толькі адзін — старшы лейтэнант Каралькоў, Савецкі РАУС».

Арандатар кватэры — прадстаўнік тэлеканалу «Белсат» у Беларусі Міхась Янчук. Ён патлумачыў, што мае ўсе афіцыйна аформленыя дакумэнты на кватэру:

Магчыма, гэта зьвязана з асобай Алеся Міхалевіча як уладальніка кватэры.
«Гэтая кватэра мая, яна аформленая належным чынам. Увогуле ж уладальнікам гэтай кватэры зьяўляецца Алесь Міхалевіч — беларускі палітык, які нядаўна абвясьціў пра тое, што ён ідзе ў прэзыдэнты Беларусі. Магчыма, гэта зьвязана зь ягонай асобай як уладальніка кватэры. А магчыма, з тымі новымі прызначэньнямі ў сілавых структурах Беларусі, якія адбыліся апошнім часам».

Міхась Янчук
Міхась Янчук таксама ўдакладніў, што міліцыянты арыштавалі аднаго з супрацоўнікаў тэлеканалу, які выйшаў з кватэры на вуліцу і «прэвэнтыўна» быў затрыманы дзеля асьведчаньня на алькаголь. Праўда, тым самым ён засьцярог іншых ад падобнай долі:

«Аднаго зь сяброў, якія былі ў гэтай кватэры, забралі ў міліцыю на алькагольнае асьведчаньне. То бок яны хочуць высьветліць, ці гэтая асоба была п’яная, калі выходзіла з гэтай кватэры. Так што працяг гэтай гісторыі яшчэ магчымы. Хутчэй за ўсё, нам скажуць, што тут знаходзіцца нейкі алькагольны прытон, дзе ўвесь час бываюць п’яныя асобы, якія перашкаджаюць нармальнаму жыцьцю пад’езду».

Паводле зьвестак на 18:00, у калідоры побач з кватэрай, дзе арандуе памяшканьні «Белсат», працягваюць дзяжурыць міліцыянты ў цывільным. Ад спробаў уварвацца ў кватэру яны пакуль што ўстрымліваюцца. Між тым сам Міхась Янчук не выключае, што пасьля сёньняшняй гісторыі міліцыянты могуць распачаць паляваньне асабіста на яго — удзень стрымаць атаку дапамаглі журналісты, якія фіксавалі дзеяньні міліцыі на дыктафоны і тэлекамэры.
Іван Шульга

Сувязі з затрыманым журналістам, сябрам БАЖ Іванам Шульгой дагэтуль няма. Намесьнік начальніка Савецкага РУУС, які прыехаў на месца падзеяў пасля 17.00, пацьвердзіў, што гэты чалавек затрыманы. У 17.10 старшыня БАЖ Жанна Літвіна тэлефанавала ў Савецкі РУУС - і ў аддзел участковых, і ў дзяжурную частку, - дзе яе запэўнілі, што Івана Шульгі там няма, -- паведамляе сайт БАЖу. Па зьвестках на 19.20, калегі Шульгі патэлефанавалі ва ўсе раённыя ўправы ўнутраных спраў Менску. Паўсюль адказваюць, што Івана Шульгі ў іх няма. У сьледчым ізалятары на вул. Валадарскага ў Менску журналістам адмовіліся прадстаўляць інфармацыю па тэлефоне. Абодва тэлефоны І. Шульгі не адказваюць.
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Ларыса Горад:: Менск
03.02.2010 19:08
Ды не прытон там. Глядзець гэты канал немагчыма. Гэта ж трэба зрабіць горш, чым БТ. Ужо пастараліся. Удаюць з сябе апазыцыю, а ўсё матэр'ялы скрозь падхалімскія рэжыму або небеларускія. Любяць паказваць "русскоязычных" асобаў, распавядаючы пра іх як пра ўзорных беларусаў. Такое складваецца ўражаньне, што сабралася групка слабаадукаваных, далёкіх ад тэлебачаньня асобаў. Так што інцыдэнт з "міліцэйскім нападам" -- банальны піяр, каб быў лоск геройскасьці.

Імя:: Юрась Горад:: Менск
03.02.2010 20:30
А вось у нас у суседняй кватэры больш за 6 год існаваў сапраўдны прытон, але ж міліцыянты нічога не зрабілі каб яго зачыніць, нягледзячы на шматлікія звароты!!!!!!!!

Імя:: Паккрыўджаны Горад:: Слонім
04.02.2010 08:07
Ларысе-што так нас ўсех лічыце слабавумнымі? Трэба зразумець-што на тыя грошы-адпаведны узровень-канал жа не камерцыйны! Рэкламы у ім няма-дзякуй ураду Польшчы-нашы суседзі-палякі са сваей кішені плоцяць-так трэба быць удзячнымі..!

Імя:: Антось Горад:: Жуцькавiчы
04.02.2010 21:07
Позиция уласци давно всем известна - думать и говорить все ДОЛЖНЫ одинаково,как главный герой.