пятніца, 10 лютага 2012, Менск 08:53

Грамадзтва

На Кастрычніцкім пляцы прайшла акцыя супраць выкраданьня людзей

У Дзень салідарнасьці, які прадстаўнікі дэмакратычнага руху ладзяць пяты год 16-га дня кожнага месяца, у Менску адбылася акцыя з патрабаваньнем спыніць выкраданьні моладзевых актывістаў. У акцыі ўзялі ўдзел каля 100 прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацыяў.

Актывіст Алег Ладуцька з фаерам.

Іншыя артыкулы на гэтую тэму

ПАМЕР ШРЫФТУ - +

А 18-й гадзіне ўдзельнікі акцыі сталі ўздоўж праспэкту Незалежнасьці, разгарнуўшы транспаранты “Не палітычнаму тэрору!” і “Kidnappers must go to the Hague” (“Выкрадальнікі – у Гаагу”). У руках ва ўдзельнікаў былі таксама бел-чырвона-белыя сьцягі і партрэты зьніклых палітыкаў, а таксама арыштаваных моладзевага актывіста Арцёма Дубскага і ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенкі.

Нягледзячы на вельмі моцны мароз і вецер, акцыя доўжылася паўгадзіны. На працягу гэтага часу супрацоўнікі міліцыі заклікалі прысутных разысьціся і папярэджвалі, што ў адносінах да іх будуць ужытыя сілавыя меры.

Сярод удзельнікаў акцыі былі актывісты ўсіх моладзевых арганізацыяў, а таксама вядомыя палітыкі і грамадзкія дзеячы, пісьменьнікі, мастакі.

Аднаго з удзельнікаў акцыі, палітыка і навукоўца Лявона Баршчэўскага мы папрасілі пракамэнтаваць, чаму сёньняшнюю акцыю не разганялі спэцназаўцы, як гэта адбывалася ў 16-я дні апошніх месяцаў:

“Не разганялі акцыі, бо не было загаду. Закон ня дзейнічае ў краіне – дзейнічаюць загады. Па-другое, тут даволі многа народу, тут працуе каток, і, можа быць, не хацелі лішне прыцягваць увагу. І, вядома ж, зьнешняя сытуацыя вакол Беларусі мае ўплыў. Хачу сказаць, што сёньня мы прыйшлі яшчэ й для таго, каб выказаць салідарнасьць з журналістамі, якіх, напэўна, чакае год не лягчэйшы, чым палітыкаў. І практыка, пры якой выкарыстоўваюцца розныя спосабы перасьледу журналістаў, працягваецца і ўзмацняецца. Гэтая тэма гучала тут у размовах”.

Некаторыя моладзевыя актывісты, адказваючы на пытаньне, чаму сёньня абышлося без разгону і затрыманьняў, адной з прычынаў назвалі тое, што заўтра Эўрапейскі парлямэнт мае разгледзець рэзалюцыю аб сытуацыі ў Беларусі. У праекце рэзалюцыі адзначаецца, што ўлады Беларусі не змаглі зрабіць значнага прагрэсу ў галіне правоў і свабод чалавека пасьля “першых пазытыўных крокаў”.





Актывіст Максім Вінярскі.




На працягу апошняга месяца людзі з рацыямі ў цывільным выкралі актывістаў кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Яўгена Афнагеля і Ўладзімера Лемеша, а таксама лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча.

Летась 19 сьнежня невядомыя схапілі лідэра “Маладой Беларусі” Артура Фінькевіча. Яго адвезьлі за 130 км ад Менску і выкінулі з машыны ў лесе за Валожынам.

Зьмітра Дашкевіча выкралі 5 сьнежня і вывезьлі за 70 км ад Менску. Хлопцу працягнулі шост у рукавы паліта, каб ён не адразу вызваліўся і выйшаў па дапамогу.

Раней сёлета, 25 сакавіка, людзі ў цывільным схапілі і закінулі ў машыну намесьнікаў Дашкевіча Насту Палажанку і Дзяніса Карнова. За горадам Насту зь Дзянісам перасадзілі ў розныя машыны. Насту выкінулі з машыны раней. Дзяніса адвезьлі ў лес пад Дзяржынск. Хлопцу парэзалі нажом джынсы і прымусілі на каленях стаяць амаль паўгадзіны на сьнезе.

Па ўсіх фактах выкраданьня былі заведзеныя крымінальныя справы. Аднаго з выкрадальнікаў апазналі па здымку ў СМІ. Гэта баец падразьдзяленьня “Алмаз” Аляксандар Леаненка.
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Даша Горад:: Наваградак
16.12.2009 19:37
Ох, і холадна было...))))

Імя:: Мінак
16.12.2009 20:02
" Аднаго з выкрадальнікаў апазналі па здымку ў СМІ. Гэта баец падразьдзяленьня “Алмаз” Аляксандар Леаненка..."
А ці можна паглядзець фотаздымак гэтага "байца"?
Цікава ці людскі ў яго твар?


Імя:: azbeta
16.12.2009 20:03
Не палітычнаму терору! Далой дыктатуру. Хопіць цярпець гэта варьяцтва.

Імя:: Яўген Горад:: Мінск
16.12.2009 22:42
google:...награждена медалью «За отвагу». Этой наградой отмечен также майор милиции Александр Леоненко...

Імя:: Alex
17.12.2009 01:28
Вам, шаноўны Алег Грузьдзіловіч як прызёру прыміі ў галіне правоў чалавека павінна быць сорамна ня ведаць пра актывістаў. якія зараз сядзяць на сутках.