Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар прапануе штрафы за адмову "здаць пальчыкі"


Працэдура дактыляскапіі стане абавязковай для ўсіх вайсковаабавязаных у Беларусі. Міністар унутраных спраў Анатоль Куляшоў лічыць неабходным увесьці штрафы за адмову ад абавязковай дактыляскапіі.

Дэпутаты ПП НС 9 сьнежня адразу ў двух чытаньнях прынялі папраўкі ў закон “Аб дактыляскапічнай рэгістрацыі”. Папраўкі ініцыявала Міністэрства ўнутраных спраў, заявіў дэпутатам кіраўнік гэтага ведамства Анатоль Куляшоў. Яны набудуць моц, калі іх зацьвердзіць Савет Рэспублікі і новую рэдакцыю закону падпіша кіраўнік Беларусі.

Толькі сёлета пры дапамозе адбіткаў пальцаў міліцыя выявіла асобы 375 чалавек, якія раней праходзілі па справах як невядомыя.

Масавая кампанія дактыляскапіі ў Беларусі пачалася пасьля выбуху ў Менску ў ноч з 3 на 4 ліпеня 2008 году. Як паведаміў міністар, адбіткі пальцаў ужо здалі 1,4 мільёна чалавек, 22 тысячы адмовіліся.

Анатоль Куляшоў лічыць неабходным увесьці штрафы за адмову ад абавязковай дактыляскапіі вайсковаабавязаных. Аднак кіраўнік МУС ня думае, што такіх людзей будзе шмат: “Наш народ даволі законапаслухмяны. І я ня думаю, што будзе шмат адмоваў”.

Вайсковаабавязаныя – гэта грамадзяне Беларусі 18—55 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG