субота, 04 лютага 2012, Менск 14:16

Культура

Як страшна жыць у краіне на літару "Б"

Задума Віктара Марціновіча паказаць, як страшна жыць у "краіне на літару Б", калі яна была, з трэскам правалілася.

Будзімір
x
Будзімір
ПАМЕР ШРЫФТУ - +

Гэтая краіна ня мае нічога супольнага з таталітарна-рэпрэсіўнай Акіяніяй Оруэла, дзе крок улева, крок управа – гамовэр, забаронена нават тое, што дазволена, і неймаверна ня толькі супрацьстаяць сыстэме дзеяньнем, але проста падумаць што-небудзь неадпаведнае. Дзе герой, які наважваецца збочыць з адзінай правільнай сьцежкі, асуджаны на немінучую страшную расплату і ведае аб гэтым. Непадобная "краіна на літару Б" і да трывожнага, хваравітага кафкіянскага сьвету "Працэсу", у якім нічым не прыкметны герой ператвараецца ў ахвяру зьнянацку, зь невытлумачальных прычынаў, фантасмагарычна-бюракратычная машына павольна яго перажоўвае і ўрэшце з агідай праглынае, так і не патлумачыўшы, што такое здарылася.

На момант завязкі драматычнага сюжэту ў рамане "Параноя" за плячыма ў яе галоўнага героя, пісьменьніка Анатоля Нявінскага доўгія гады бясхмарнага існаваньня, спалучанага з пасільнай апазыцыйнай дзейнасьцю ў выглядзе напісаньня крамольных твораў, частка зь якіх нават экранізаваная і перакладзеная на замежныя мовы. Ён спакойна жыве ў цэнтры Менску, бывае за мяжой, езьдзіць на BMW, наведвае кавярні, ня ведае фінансавых праблемаў, нягледзячы на цьмянасьць крыніцаў заробку, і пакутуе адно празь незадаволенасьць часовымі сэксуальнымі партнэркамі.

У такіх камфортных умовах Нявінскі піша аповесьць на заказ амэрыканскага глянцавага часопісу пра жудасны палітычны стан у "краіне на літару Б". За параўнаньне кіраўніка якой з Калігулам і Нэронам студэнта адлічаюць з унівэрсытэту, забіраюць у войска, а ў войску – забіваюць, хаваючы сьляды злачынства. Усяго толькі за тое, што ён наважыўся правесьці гістарычныя паралелі.

Калі Нявінскі піша ў амэрыканскі часопіс праўду, ён павінен ведаць, дзе жыве і чым рызыкуе. Для яго ж становіцца шокам зьяўленьне ў ягоным жыцьці спэцслужбаў. Пры першай прыкмеце таго, што яны ім зацікавіліся, пісьменьнік-апазыцыянэр пачынае шалёна, ганебна баяцца. І, падумаўшы, быццам ім зацікавіліся з прычыны яго няскончанай аповесьці, ён ня толькі адразу ж выдаляе на кампутары файл зь ёй, але спрабуе нават ачысьціць ад яе галаву. Незразумела, якім чынам пры такой клінічнай баязьлівасьці гэты гора-апазыцыянэр увогуле дажыў да сваіх гадоў, ня тое што нейкай антыдзяржаўнай дзейнасьцю займаўся.

Ці то ён выдумляе сваю вусьцішную гісторыю, каб паказытаць нэрвы амэрыканскаму чытачу?

Паколькі біяграфія самога Нявінскага ставіць пад сумнеў адпаведнасьць падобнай змрочнай карціны рэчаіснасьці, можна інтэрпрэтаваць злыбеды, якія пачынаюць яго перасьледаваць у далейшым, як плод хворага ўяўленьня. Нявінскі настолькі парадняецца з выдуманым сьветам герояў свайго раману, што неўпрыкмет зьяжджае з глузду, пераймаючы іхную параною. Быў такі дзіцячы вершык у Чукоўскага, памятаеце: "Это бяка-заколяка кусачая. Я сама из головы её выдумала... Я её боюсь!"
"Параноя" аказалася self-fullfilling prophecy (самаспраўджвальным прароцтвам)...

І тады атрымліваецца, што раман "Параноя" – гэта сатырычная прыпавесьць пра шкоднасьць згушчэньня фарбаў дзеля палітычнай каньюнктуры. Маўляў, будзьце пільныя, ачарняючы рэчаіснасьць – вашыя перабольшаньні могуць спраўдзіцца. У такім разе раман "Параноя" аказаўся self-fullfilling prophecy (самаспраўджвальным прароцтвам). Намаляваная ім карціна часткова ўвасобілася ў жыцьцё, зрабіўшы Кафку быльлю.

Калі ж дапусьціць, што раман усё-ткі ня мае падвойнага дна і жудасная краіна, дзе студэнта могуць забіць за гістарычныя паралелі, існуе ня толькі ва ўяўленьні Нявінскага, давядзецца сказаць аўтару "Параноі": ня веру! Што гэта за дзіўная крывавая дыктатура, якая рашуча і бязьлітасна, не схамянуўшыся, забівае студэнтаў за колькі неабачлівых словаў і дазваляе спакойна займацца сваёй паклёпніцкай дзейнасьцю дарослым дзядзькам?

ХТО ХВОРЫ НА ПАРАНОЮ?


У кіпцюры спэцслужбаў Нявінскі трапляе не за "палітыку", а таму, што прымудрыўся закахацца ў палюбоўніцу галавы дзяржавы, міністра ўсясільнай дзяржбясьпекі, вайсковага дыктатара Мікалая Мураўёва. Слабы ход, калі раман меў на мэце выкрываньне аўтарытарызму. Наўрад ці такога кшталту стасункі засталіся б па-за ўвагай адпаведных службаў у якой заўгодна іншай краіне. (Мэрылін Манро, прыкладам, здымаў на відэа агент ФБР у надзвычай інтымны, далікатны момант.) А што калі раптам гэта нейкі зламысьнік спрабуе, выкарыстоўваючы любоўную сувязь, атрымаць доступ да дзяржаўных сакрэтаў або ўчыніць замах на пэрсону №1? Ня тое каб я вельмі спачуваў праблемам пэрсонаў нумар адзін або апраўдваў падобную практыку, гаворка толькі пра тое, што гэта цалкам заканамерная і нярэдкая зьява. І мараль адсюль можа быць адна – лепей ня знацца з прэзыдэнтамі, дыктатарамі, міністрамі дзяржбясьпекі ды іхнымі палюбоўніцамі, пакуль яны імі застаюцца.

Алена Супрановіч, першая палюбоўніца дзяржавы, праз сувязь зь Нявінскім урэшце гіне – як мяркуецца, ад рук спэцслужбаў. Якія ці то выконвалі загад, ці то хацелі дагадзіць свайму патрону. Дарэчы, згаданая вышэй Мэрылін Манро, згодна з рассакрэчаным дакладам ФБР ад 1964-га году, была забітая на загад Робэрта Кенэдзі, міністра юстыцыі і брата прэзыдэнта ЗША. Сувязь з скандальна вядомай зоркай Галівуду, якая пагражала атрымаць розгалас, магла перашкодзіць ягонай кар'еры. Усяго толькі. Супрановіч гіне з больш важкай прычыны – рэўнасьці. Пачуцьця, на тысячагодзьдзі старэйшага за любыя палітычныя рэзоны. Яна зацяжарала, і абодва мужчыны былі пэўныя, што – ад іншага. "Дык не даставайся ж ты нiкому!.." Звычайная, у прынцыпе, гісторыя з разьдзелу крымінальнай хронікі. Адзінае што гэтае забойства было ўчыненае як быццам "службовай асобай з выкарыстаньнем сваіх службовых паўнамоцтваў".

А зьвінавацілі ў ім апазыцыйнага пісьменьніка Анатоля Нявінскага. Між іншым, улічваючы яго паранаідальны стан, наяўнасьць матыву для забойства, сварку, якая адбылася паміж ім і Аленай напярэдадні, адсутнасьць грунтоўнага алібі і знойдзеную ў яго кватэры прыладу забойства, нявыключана, што Анатоль сапраўды яе забіў. Раман пакідае мажлівасьць і такой інтэрпрэтацыі, што яшчэ больш прытупляе вастрыню палітычнага выказваньня.

Пра астатнія злачынствы Мураўёва вядома толькі з: а) аповесьці, якая пішацца на заказ амэрыканскага глянцавага часопісу; б) сайту "Хартыі", згадванага ў рамане: ён паведамляе пра 266 падазроных зьнікненьняў у краіне; в) размоваў Нявінскага з Супрановіч.

Ізноў-такі закрадаецца думка, ці правільна зразумелі Віктара Марціновіча невядомыя літаратурныя цэнзары, не рэкамэндаваўшы яго кнігу для продажу? Можа, яе назву трэба ўспрымаць літаральна: "Параноя – псыхічнае расстройства, якое характарызуецца працяглымі пэрыядамі неабгрунтаванага недаверу да навакольных, а таксама павышанай успрымальнасьцю, падазронасьцю і добра абгрунтаванай сыстэмай звышкаштоўных ідэяў, якія набываюць пры празьмернай выражанасьці характар трызьненьня. Гэтая сыстэма звычайна не мяняецца; яна была б цалкам лягічнай, калі б зыходныя паталягічныя ідэі былі правільныя".

Пакутуе ж на яе ў рамане менавіта Нявінскі, а не Мураўёў...

МУРАЎЁЎ


Вайсковы дыктатар "краіны на літару Б" Мікалай Мураўёў нарадзіўся ў Маскве. Ягоны бацька быў афіцэрам забесьпячэньня савецкіх войскаў, раскватараваных у Дрэздэне (ГДР). У ГДР Мураўёў вучыўся ў школе для дзяцей вышэйшага каманднага саставу, вывучыў нямецкую і францускую мовы. Пасьля пераезду сям'і ў СССР пяць гадоў наведваў музычную школу. Па водгуках настаўнікаў, асаблівыя посьпехі рабіў у ігры на фартэпіяна, меў вялікі канцэртны патэнцыял, якога не схацеў разьвіваць. Пасьля службы ў войску скончыў Вышэйшую камандную вучэльню, у чыне падпалкоўніка служыў у Аўганістане, дзе атрымаў кантузію і лёгкае раненьне. Пасьля распаду СССР пакінуў вайсковую службу, актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцьці, падтрымліваў г.зв. "сілавы клан", што завяршыў станаўленьне дзяржаўнасьці падзеяй, якую прапаганда называе "навядзеньнем парадку", апазыцыя – "вайсковым пераваротам".

Мураўёў дасюль вельмі любіць пранікнёна іграць на фартэпіяна і размаўляе па-француску, што вельмі імпануе Алене Супрановіч. Гаворыць троху старамодна, кшталту: "Дзеля чаго вы шукалі сустрэчы са мной?" Яму не да спадобы "бульбяныя твары" ўласных выбарцаў, таму галоўнае сьвята краіны – Дзень гораду – сустракае асобна ад свайго непатрабавальнага народу. Слухаючы арганную музыку і гледзячы клясыку францускага кіно, якую дзеля яго аднаго праецыруюць на мікрараённыя шматпавярховікі, з-за чаго экран расьцягваецца на 500 мэтраў. Мае аднаго сына. Той адмовіўся ад бацькі, назваўшы яго "апошнім людажэрам Эўропы" пасьля таго, як быў затрыманы ў лёнданскім аэрапорце з "амаль прамысловай" дозай гераіну.

Мяркуйце самі, чаго больш у гэтым вобразе: сатырычнай гульні на кантрасьце з рэальным прататыпам, жаданьня мець больш "прыстойнага" дыктатара, за якога ня так сорамна, ці то перастрахоўкі, каб у Мураўёву максымальна цяжка было пазнаць таго, за паклёп на каго Крымінальным кодэксам прадугледжана адказнасьць.

АПАЗЫЦЫЯ

Апазыцыя рэжыму Мураёўва ў рамане прысутнічае ў выглядзе самога пісьменьніка Нявінскага, сайту "Хартыі" і трох зьніклых Зігмунда Серакоўскага, Валера Ўрублеўскага і Яраслава Дамброўскага...

Апазыцыя рэжыму Мураёўва ў рамане прысутнічае ў выглядзе самога пісьменьніка Нявінскага, сайту "Хартыі" і трох зьніклых (пасьля "сумеснай пагулянкі" на ўрадавым лецішчы): Зігмунда Серакоўскага, Валера Ўрублеўскага і Яраслава Дамброўскага. Да рэальных прататыпаў яны падобныя ня болей за Мураўёва. Вось што гаворыць пра іх сваёй каханцы Анатоль Нявінскі:

"Яны былі рамантыкамі і ідэалістамі. Ну і дурнямі, вядома, таксама яны былі. Яны, як дзекабрысты, – узяліся чыстымі рукамі каваць шчасьце на ўсёй зямлі. Матылёк супраць танка... Лепей бы сядзелі ды гісторыю Вялікага Княства Літоўскага вучылі... Я адно табе скажу: ніякай неабходнасьці іх выкрадаць не было. Іхная змова адпачатку была утопіяй, рамантычным летуценьнем, у якое толькі яны і верылі. На іх бы цыцнуць, як на дзяцей, самі б разьбегліся... А таму я ня ведаю, што зь імі сталася і прычым тут МДБ. Ня ведаю. Вельмі дзіўная гісторыя. І ўсё".


НАРОД


У адрозьненьне ад "пролаў", на якіх ускладаў вялікія спадзевы аўтар "1984", як на адзіных, хто застаўся не закрануты ідэалягічным замбаваньнем і здольны быў зрынуць сыстэму, паспаліты люд "краіны на літару Б" у апісаньні Марціновіча цалкам безнадзейны. Гэта нейкая брыдкаватая форма жыцьця, якая жлукціць гарэлку за здароўе Мураўёва, пасьля валяецца на зямлі, часам савакупляючыся пад чырвона-зялёным сьцягам, б'ецца, лаецца і раве на ўсё горла на дзяржаўных сьвятах, вітаючы танкі. "Гатовая да ўсяго, гатовая чорнай лявінаю разьліцца і душыць, ірваць, гвалтаваць..." Іхных "бульбяных твараў", як вы памятаеце, ня любіць ня толькі Нявінскі, а нават вайсковы дыктатар Мураўёў, міністар МДБ.
Я ў вашых лексусах ня езьдзіў, у сталінках у цэнтры гораду ня жыў, і на тое, каб праседжваць у кавярнях, у мяне грошай няма...

Як прадстаўнік гэтага народу я выказваю спадару Марціновічу сваё абурэньне. Не падміргвайце мне гэтак са старонак вашага раману. Я ў вашых лексусах ня езьдзіў, у сталінках у цэнтры гораду ня жыў, і на тое, каб праседжваць у кавярнях, у мяне грошай няма. Дый вашыя вытанчана інтэлектуальныя размовы мне чужыя.

Джордж Оруэл зусім не ідэалізаваў просты народ і не заплюшчваў вачэй на яго шурпатыя бакі. Аднак ён добра ведаў, што народ не самазараджаецца, як мышы з бруднай бялізны. Яго спараджаюць пэўныя сацыяльныя ўмовы. На лексусах могуць езьдзіць адзінкі, астатнім жа даводзіцца трымаць на сваіх плячах гэтую зямлю. Калі ж трымаеш на сябе зямлю, немагчыма быць у белым фраку і наадэкалёненым.

Не адварочвайце носа ад народу. Ён можа пакрыўдаваць і сысьці. Самім прыйдзецца тады зямлю на сабе трымаць.

РЭЗЮМЭ


У якасьці палітычнага выказваньня раман па-постмадэрнісцку дваісты, расплывісты. Але Марціновіч значна палегчыў працу цэнзарам. Ужо на першых старонках згадкі пра "дзяржбясьпеку" і "зьніклых". Можна далей не чытаць, ісьці пісаць рапарт. Пэўна, цэнзары так і зрабілі, не абцяжарваючы сябе далейшым чытаньнем ды разгадваньнем рэбусаў і загадак.
Ужо на першых старонках згадкі пра "дзяржбясьпеку" і "зьніклых". Можна далей не чытаць, ісьці пісаць рапарт...

Што да апісаньня жыцьця беларускага соцыюму, яно надзвычай прымітыўнае, схематычнае: краіна, населеная жывёлападобнымі істотамі, пасярод якіх пакутуюць, хаваючыся ў кавярнях і салёнах дарагіх машынаў, рэдкія архідэі-інтэлектуалы.

Наогул, з "Параноі" беларускі чытач болей даведваецца пра багаты ўнутраны сьвет аўтара, ягоную эрудыцыю і здольнасьць да вэрбальнай акрабатыкі, чым пра краіну, у якой жыве. Гэтая кніга вырасла ня столькі з навакольнага жыцьця, сколькі з прачытаных аўтарам іншых кніг. Парачка закаханых герояў, здаецца, перакачавала ў нашыя мясьціны з "Гульні ў клясыкі" Картасара, аблупіўшыся па дарозе. Дыктатар Мураўёў, нягледзячы на сваё ісьцінна рускае прозьвішча, таксама прыкульгаў аднекуль з Лацінскай Амэрыкі. А вось лексусы ды іншыя прыкметы гламурнага жыцьця прыехалі ўжо з новага расейскага раману – з бытапісальніцтва будняў Рублёўкі аўтарства Аксаны Робскі. З свайго, роднага трэба адзначыць газэту "Беларусь сегодня", якую вельмі дасьціпна парадзіруе Віктар Марціновіч.

Завялікая колькасьць нічым не апраўданых эпітэтаў, мэтафараў і параўнаньняў, а таксама мяшанка стыляў – у аўтару змагаюцца публіцыст, фэльетаніст, цынічны сатырык, рамантык ды інш., перашкаджаючы адзін аднаму – не дазваляюць назваць "Параною" удалым творам.

Тым ня менш у наяўных умовах абсалютнага панаваньня візуальнага над словам цешыць зьяўленьне любой кнігі. Калі яе да таго ж яшчэ і чытаюць, а "Параною" чытаюць, і чытаюць актыўна, гэта ня можа ня радаваць.

Ну, а першы блін сабаку. Віктару Марціновічу ўсяго трыццаць адзін год – маленства для пісьменьніка. Літаратурныя ўдачы яшчэ, будзем спадзявацца, наперадзе.
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Міхася Горад:: Мінск
05.12.2009 17:35
Трапна, вельмі трапна выказаўся сп.Будзімір.Асабліва моцна прагучала пра народ, які трымае зямлю...
Адказаць

Імя:: budzimir Горад:: Фаніпаль
06.12.2009 05:26
Дзякую, нечакана. Я, шчыра кажучы, чакаў на абураныя камэнтары. :)

Імя:: okciabronak Горад:: Мінск
06.12.2009 00:11
палюбоўніцу Мураўёва звалі Ліза, а не Алена.
няўважліва чыталі)
Адказаць

Імя:: budzimir Горад:: Фаніпаль
07.12.2009 11:19
Дзякуй за праяўленую пільнасьць, таварыш Акцябронак! Чытаў уважліва, проста выпадкова пераблытаў "Елізавету" зь "Еленай".

Імя:: Антон Горад:: Москва
06.12.2009 07:39
Заказал эту книжку в одном из интернет-магазинов: поддался на ажиотаж и крики о "запрете". Однако последние несколько дней читаю отзывы и все больше убеждаюсь, что даже 130 рублей (по этой цене она здесь везде продается) мне на это жалко. Эта рецензия стала последней каплей: отменил заказ на нее, не хочу кормить бездарных графоманов. Пиарьтесь дальше, г-н Мартинович -- это единственное, что у Вас пока что получается.
Адказаць

Імя:: budzimir Горад:: Фаніпаль
07.12.2009 11:16
Ня буду настойваць, кніга зусім ня з шэрагу must-read. Кастусь Вушасты трапна параўнаў яго з творчасьцю Данцовай, назваўшы "салённым раманам, з элемэнтамі эротыкі, пахам палітыкі". Так сабе чытво. Цэнзары, калі яны былі, зрабілі яму вялікую ласку, забараніўшы продаж.

Імя:: Корч Горад:: Менск
06.12.2009 10:17
31 год аўтару, не так ужо і мала. Мо яму перашкаджае самаўлюбёнасць ва ўласную персону: і журналіст, намеснік рэдактара, і выкладчык ЕГУ, і пісьменнікам стаў...
Жыццё ўдо можна крышку зведаць. Аўтар рэцэнзіі можа гэтага і не ведаць, тоя не яго віна. Я проста выказваю сваё асабістае меркаванне.
Адказаць

Імя:: budzimir Горад:: Фаніпаль
07.12.2009 11:35
Марціновічу перашкаджае менавіта адарванасьць ад таго жыцьця, якім жыве большая частка жыхароў краіны, і нежаданьне ўглядацца ў яго.

Імя:: Панас Горад:: Парнас
06.12.2009 14:28
Цікавая рэцэнзія, цікавая пазіцыя, нечаканыя акцэнты, - усе да таго, каб самому брацца і пісаць ня толькі рэцэнзіі! Вось такое мае пажаданне.
Адказаць

Імя:: budzimir Горад:: Фаніпаль
07.12.2009 11:38
Прыемна чуць, але я пакуль не сасьпеў да гэтага.

Імя:: Алесь
06.12.2009 16:07
Будзімір, ня варта ўсё ж кідацца такімі сказамі -- "Дарэчы, згаданая вышэй Мэрылін Манро, згодна з рассакрэчаным дакладам ФБР ад 1964-га году, была забітая на загад Робэрта Кенэдзі, міністра юстыцыі і брата прэзыдэнта ЗША".
Тэорыяў сьмерці Манро застаецца шмат, і у тым трохстаронкавым дакладзе агента вэрсія змовы з удзелам Робэрта Кэнэдзі падаецца менавіта як вэрсія. Даклад гэты -- частка вялікага дасье на сотні старонак, прычым у ім гаворыцца хутчэй пра заахвочваньне да самагубства.
Ды і спасылка на тут.бай, які спасылаецца на фактНьюз, якія спасылаюцца на The Huffington Post, таксама ня вельмі добры тон.

Імя:: Таццяна Горад:: Коласава
07.12.2009 10:45
А чаму так хутка знялі рэцэнзію з першай старонкі сайту?
Адказаць

Імя:: budzimir Горад:: Фаніпаль
07.12.2009 11:45
Дзякую за клопат! Па шматлікіх просьбах працоўных рэцэнзыю вярнулі на першую старонку (гл. разьдзел "Перадачы"). :)
Адказаць

Імя:: Таццяна Горад:: Коласава
07.12.2009 12:03
Вялікі дзякуй рэдакцыі за тое, што так хутка адрэгавалі! Яшчэ ня ўсе гэты матэрыял бачылі, а зараз змогуць зьвярнуць увагу. Я думаю, гэта вельмі добра, тым больш, што кніга, аб якой ідзе гаворка, выклікае дыскусіі і процілеглыя думкі. Хай паспрачаюцца яшчэ! Дзякуй!

Імя:: budzimir Горад:: Фаніпаль
07.12.2009 12:07
Карыстаючыся нагодай, хачу зьвярнуць увагу чытачоў на мала каму вядомы і пакуль ня скончаны раман Піліпа Ліпеня "Рабаваньне па-беларуску" -->> http://pilip_lipen.at.tut.by/ Чыя каштоўнасьць палягае менавіта ў жывых, вельмі дакладных дэталях нашага жыцьця.
Адказаць

Імя:: Ананім Горад:: ххх
07.12.2009 12:41
Дзякуй за параду! Трэба паглядзець, калі лічыш, што гэты твор цікавы.

Імя:: Лявон
07.12.2009 13:09
Сапраўды, раман нагэтулькі ж антылукашысцкі, як і антыапазыцыйны. І невядома яшчэ, чаго ў ім болей.

Імя:: Пытальнік
07.12.2009 13:29
Ці правільна я зразумеў, што пан Будзімір лічыць, быццам у краіне на літару "Б" насамрэч жыць нястрашна? Нягледзячы на зьніклых, на арышты (у тым ліку за такія дробязі як графіці), на нядаўнія выкраданьні моладзевых актывістаў апазыцыі?
Адказаць

Імя:: budzimir Горад:: Фаніпаль
07.12.2009 15:14
Ня трэба блытаць Марціновічаву "краіну на літару Б" з рэальнай Беларусьсю, спадар Пытальнік, - яны малападобныя. У аўтара не атрымалася стварыць атмасфэру страху, абгрунтаванага або ірацыянальнага. Разумееце, для гэтага недастаткова напісаць "ой, як страшна".

Да таго ж, чытачу вельмі цяжка атаясаміць сябе з галоўным пэрсанажам. Бо ў яго ніколі не было і ня будзе сяброўкі, якая езьдзіць на "Лексусе", валодае ўласнасьцю на мільярд даляраў і любіцца з кіраўніком краіны. З гэтай прычыны чытачу цяжка зразумець, чаго баяцца асабіста яму.

Што да рэальнай Беларусі, таксама нельга сказаць, што тутэйшае жыцьцё наскрозь прасякнутае страхам. Падставы, каб баяцца перасьледу з боку ўладаў, безумоўна, ёсьць у палітычных актывістаў. Але па-за межамі палітыкі - над усёй Беларусьсю бязвоблачнае неба.

Імя:: Ананім
08.12.2009 12:01
Для тых, хто ведае нават толькі школьны курс гісторыі, страшэнна гучыць канцоўка: "над усёй Беларусьсю бязвоблачнае неба". Барані нас, Божа, ад такіх паралеляў! Каб "не накаркаць", як кажуць.
Адказаць

Імя:: budzimir Горад:: Фаніпаль
08.12.2009 15:31
Дарэчы, рэжымныя ідэолягі рабілі спробу прасунуць г.зв. карпаратывізм (складнік фашысцкага палітычнага ладу) у якасьці беларускай дзяржаўнай ідэалёгіі, але ўсё засталося на ўзроўні гучных прамоваў, ня больш за тое.

Імя:: Патанэй Горад:: Менск
08.12.2009 13:29
Якая Ў нас усё-ткі бедная кніжная прастора. Мо таму так і наваліліся на Марціновіча з яго "Паранояй", што сумна людзям без друкаванага слова.
А што вас, Будзімір, прымусіла прачытаць гэтую кнігу? Толькі жаданне напісаць рэцэнзію, альбо нешта, хоць краем, зачапіла, і захацелася пра ўражанні пагаварыць с дасціпнымі чытачамі?
Адказаць

Імя:: budzimir Горад:: Фаніпаль
08.12.2009 15:36
Прымусіў вэрхал, усчаты ў блогасфэры вакол забароны (?) кніжкі. А дачытаў да канца, таму што звычайна ўсе кнігі дачытваю да канца, калі ўжо пачаў.

У цэлым уражаньне ўсё-ткі засталося адмоўнае, нягледзячы на сякія-такія асобныя ўдачы, - раман не жывы.