Слухаць

Цяпер у эфіры

Наступная праграма

СТО АДРАСОЎ

ЗНАЙДЗІ НА МАПЕ!

АНКЕТА СВАБОДЫ

Вера Кандраль
  ДЗЕНЬ БЛОГЕРА


Грамадзтва

У цэнтры Менску пануюць вайна, камунізм і Расея

26.11.2009 23:04

У Менску вуліцы, назвы якіх зьвязаныя з культураю і гісторыяй Беларусі, паводле колькасьці знаходзяцца толькі на чацьвёртым месцы. А якая сытуацыя ў Кіеве і Вільні? У сталіцы Беларусі адбылася прэзэнтацыя дасьледаваньня “Памяць пра Другую сусьветную вайну ў гарадзкім ляндшафце Усходняй Эўропы”.

Перавагу ў Менску паводле колькаснага складу пэўных групаў вуліц дасьледчыкі тлумачаць асаблівасьцямі гісторыі, працягласьцю савецкага пэрыяду ды палітычнымі мэтамі ўладаў, якія шукалі легітымізацыю або ў дапамозе Масквы, або во “гераічнай барацьбе з фашызмам”.

Рэдактар часопісу “Палітычная сфэра” Андрэй Казакевіч, адзін з удзельнікаў дасьледчага праекту, адзначае:

“Стратэгія ўладаў цягам апошніх 50-60 гадоў відавочная ўжо і па тапаніміцы. У ёй тры асноўныя групы: Другая усясьветная вайна, гісторыя і культура Расеі і савецкі камунізм. Напэўна, гэта наклала свой адбітак і на сьвядомасьць гараджан, хаця, відавочна, што ня ўсе зь іх ведаюць, адкуль паходзіць тая ці іншая назва. Прыкладам, ёсьць плошча Казінца і вуліца Казінца, але няшмат знойдзецца тых, хто ведае, што гэта быў за дзеяч”.

Your JavaScript is turned off or you have an old version of Adobe's Flash Player. Get the latest Flash player.



Сацыёляг з Каўнаскага ўнівэрсытэту Раса Балачкайце дасьледавала тапаніміку Вільні. Група назваў вуліц, зьвязаных з вайной, там на апошнім месцы, а пераважаюць тыя, што зьвязаныя з гісторыяй і культурай Літвы. Ёсьць і асаблівасьць — яна ў наяўнасьці групы, якую дасьледчыца ўмоўна назвала “іншыя”:

Савецкіх назваў зусім няма, але зьявіліся антыкамуністычныя.
“Вуліца Вішні, Ружаў, Кветак, Яблыка, Вераб’я. Савецкіх назваў зусім няма, але зьявіліся антыкамуністычныя”.

Раса Балачкайце патлумачыла, як у Вільні ў савецкі час зьяўляліся вуліцы з такімі дзіўнымі назвамі, кшталту “вуліца Ветру” ці “вуліца Зорак”. У 1945-м, а затым у 1952-м гадах з Масквы прыходзілі загады замяніць старыя назвы вуліц на сучасныя, але гарадзкая тапанімічная камісія, у склад якой уваходзілі і ўладныя функцыянэры, замест назваў у гонар “энтузіястаў” ці “міру” ўпарта выбірала нэўтральныя. Апошняя тэндэнцыя ў назовах вуліц сталіцы Літвы — зьяўленьне антыкамуністычных назваў. Прыкладам, так ушанаваныя героі барацьбы за незалежнасьць.

Тапаніміку Кіева дасьледаваў беларускі сацыёляг Аляксей Ластоўскі. Паводле яго, што да уласна украінскіх назваў, то яны ў Кіеве на першым месцы, але ў нечым сталіца Ўкраіны падобная й на Менск. Так, засталіся й там назвы, зьвязаныя з сацыялізмам. Аднак ідуць і перайменаваньні:

“Найбольш мяняюць назвы вуліц, якія носяць імёны дзеячоў кампартыі, рабочых актывістаў, бальшавікоў і гэтак далей. Гэта менавіта той масіў назваў, які цяпер вынішчаецца ў Кіеве. І навідавоку тэндэнцыя вяртаньня старых, дакамуністычных назваў”.

Паводле дасьледаваньня, у Менску апошнім часам павялічваецца колькасьць назваў вуліц, зьвязаных з гісторыяй і культурай Беларусі. Аднак зьмены ідуць за кошт новабудоўляў, а ў цэнтры па-ранейшаму пануюць вайна, камунізм і Расея, адзначаюць дасьледчыкі і падкрэсьліваюць, што гэтая тэндэнцыя супярэчыць разьвіцьцю нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў.

Дасьледаваньне тапанімікі сталіц Усходняй Эўропы рэалізавана пры падтрымцы фундацыі “Памяць, адказнасьць, будучыня” (Нямеччына) і Інстытуту прыкладной гісторыі пры Эўрапейскім унівэрсытэце Віядрына (Франкфурт-на-Одэры, Нямеччына).

Гэтая дыскусія закрытая.
     
Камэнтары
Няма камэнтароў. Дадайце свой і будзьце першы
     
Апублікуй у LiveJournal:
ПАМЕР ШРЫФТУ - +

Прадукты і паслугі:

ПадкастRSSMobile