Слухаць

Цяпер у эфіры

Інфармацыйны блёк: навіны Беларусі і сьвету

Наступная праграма

СТО АДРАСОЎ

ЗНАЙДЗІ НА МАПЕ!

АНКЕТА СВАБОДЫ

Арына Вячорка
  ДЗЕНЬ БЛОГЕРА


Дзень блогера

Словы і шэпты

Уладзімер Лобач

20.11.2009 16:01
uladzimer

Словы можна прамовіць уголас, а можна прашаптаць — гэта ведае кожны. Розьніца ў спосабах, здавалася б, відавочная — гучнае слова і ціхі шэпт, як агонь і прысак аднаго і таго ж вогнішча. Але сэнс ня толькі ва ўзроўні гукавых дэцыбелаў. Шэпт — невыразны, не зусім разборлівы, ледзьве чутны, мова — таемная, заўсёды прызначаная толькі для дваіх суразмоўцаў, нават калі адзін зь іх толькі слухае, нічога не гукаючы ў адказ. Вернік шапоча малітвы да Бога. Мог бы і не шаптаць — прамовіць у думках, але тады і малітва ня спраўдзіцца, не агучыцца, дый пачута будзе наўрад ці. Бо дзе ж там Богу да ўсіх нашых блытаных і каламутных думак? Ён, як і ўсе мы, любіць словы і верыць ім. Вось чаму ў вясковых, і ня толькі, храмах варушацца, варушацца вусны ў шэпце прыватнай размовы…

Шапоча замовы знахарка, выпраўляючы “сурокі” і “ўпуды” ў іншасьвет, бо там, дзе на “алатыр-камяні” расьце “дуб на дванаццаць какатоў”, голасна размаўляць не прынята. Пяшчотна шэпчуцца закаханыя, хай сабе навокал няма ніводнай жывой душы, бо шэпт дорыць эксклюзіўнае права чуць і быць пачутым, а г.зн. стаць саўладальнікам самай вялікай на сьвеце тайны. Дзіцёнак шапоча свае таямніцы на вуха маме, бо мама, калі табе 4 гады, замяшчае ўсіх багоў, разам узятых.


Прамоўленае ўголас слова — знак прысутнасьці ў сьвеце і нормы быцьця, шэпт — заўсёды апэлюе да сымболікі мяжы і магчымасьці адмежавацца ад астатняга сьвету ў любой выгоднай для цябе канфігурацыі. Шапочуць стральцы на паляваньні, чытачы ў бібліятэцы, сьмяротна хворыя, прысутныя на пахаваньні і састарэлыя дысыдэнты на кухні, якія дагэтуль у кожным імбрыку звыкліся бачыць мікрафон “крывавай гэбні”… Кожны шаптаў у сваім жыцьці, як і сьмяяўся, і плакаў. Шаптаць ня ўмее толькі тэлевізар і яго віртуальныя насельнікі. Але ня варта злоўжываць шэптам, асабліва ў сытуацыях, дзе вельмі важнай стае ўцямная і выразная мова. Большасьць сучасных беларускіх палітыкаў, на жаль, гэтага так і не зразумела. Здаецца, прамаўляюць палымяна і на ўсе грудзі, а ніхто іхняга шэпту ня чуе…

Шэпты, як і словы, бываюць розныя. Ёсьць спароджаныя верай, даверам, каханьнем, а бываюць — шапатлівыя атожылкі страху і зайздрасьці. Таго страху, што змушаў ашэптваць жыцьцё на кухнях, усё менш і менш. Нават у прыгарадным аўтобусе нярэдка можна пачуць гучныя калектыўныя абмеркаваньні новага пэрсанажа ў пратакольных мерапрыемствах беларускай дыпляматыі ці “праўду-матку” адносна аграгарадкоў. Ёсьць яшчэ шэпты зайздрасьці, але, пакуль вядуцца людзі на гэтай зямлі, ад гэтых шэптаў нікуды ня дзецца…

Чалавек у сваім жыцьці зьдзяйсьняецца ўчынкамі і словамі, і толькі ў тым выпадку, калі адказвае і за першае, і за другое. Але ў штодзённай мітусьні, віхуры клопатаў і справаў, дзе слова можа быць адно толькі гучным і рашучым, заўсёды марыш пра міжвольны шэпт, што вырываецца з грудзей, калі бачыш вочы каханага чалавека, прыгажэннае лясное азяро, куды кладзецца спаць сонца, і…гульню падлешчыка з патанком, якія чамусьці не заўважае твой сын.
Гэтая дыскусія закрытая.
     
Камэнтары
Імя:: Балён
20.11.2009 16:50
Трымаю пад рукой томік з народнымі замовамі. На ўсякую аказію :)

Імя:: Уладзімер
20.11.2009 19:46
Як паказвае практыка, аднаго томіка мала - патрэбны яшчэ адмысловы дар, але, як спосаб пазітыўнай псіхатэрапіі, згадзіцца:)

Імя:: budzimir Горад:: Фаніпаль
20.11.2009 19:17
Дазвольце запытацца ў вас, спадару Ўладзімер, як вы ставіцеся да:

- людзей іншай расы і культуры;
- людзей (кардынальна) іншых поглядаў;
- ды іншых жыцьцёвых практык.

Ну, а таксама, калі вы ўжо рэклямуеце спадара Крыўца, што вы думаеце наконт балцкага субстрату і нарвэскага музыку Бурзума, якога гэтак шануе Крывец?

Загадзя дзякую за шчырыя адказы.

Імя:: Уладзімер
20.11.2009 19:53
Нажаль, пытаньні вельмі абстрактныя, а чалавечая рэакцыя заўсёды канкрэтная і кантэкстная. Бо, у адным выпадку, я магу паважаць жыцьцёвую мудрасьць канкрэтнага вясковага бацюшкі, з другога, абсалютна не прымаць, пазіцыю псеўдадэмакратаў, якія на першае месца ставяць правядзеньне гей-парадаў.
Нарвэскага музыку ня слухаю, а ролю балцкага субстрату ў этнагенэзе беларусаў прызнаю, хаця і не абсалютызую.

Імя:: budzimir Горад:: Фаніпаль
20.11.2009 21:45
Ну, няпраўда наконт "абстрактнасьці". У чалавека заўжды ёсьць пэўныя ўстаноўкі, якімі ён кіруецца ў жыцьці. Іх можна перагледзець у нейкім канкрэтным выпадку або ўвогуле адмовіцца ад адных, зьмяніўшы на іншыя, але тым ня меньш.

Менавіты яны мяне і цікавяць.

Імя:: Уладзімер
20.11.2009 22:18
Як не праўда, калі людзі "з іншымі поглядамі" могуць прадстаўляць сотні розных поглядаў і пазіцый. Камуністы, гомасэксуалісты, феміністкі... Якія пазіцыі вас канкрэтна цікавяць?
Адносна рас я лічу, што няма лепшых і горшых, проста яны ўсе розныя і непаўторныя. Адсюль, расавыя міксы не ўхваляю.

Імя:: budzimir Горад:: Фаніпаль
20.11.2009 23:13
Мелася на ўвазе - кардынальна адрозных ад вашых асабістых поглядаў.

Імя:: Lutavit Горад:: Miensk
21.11.2009 10:57
Музыку завуць Варг Вікэрнэс, псэўданім - граф Грышнак, а ягоны найбольш вядомы музычны праект - Burzum (то бок "Чорны" з мордарскай мовы Толкіена). А вас ён чым зачапіў?

Імя:: Шэпт
20.11.2009 20:52
Ёсьць яшчэ шэпт ад няўпэўненнасці, нават ня шэпт, а мармытанне - пэўна аб ім і гаворка ідзе, калі пан кажа пра "некаторых палітыкаў", прычым яны што ва ўрадзе, што ў апазіцыі. Жывей трэба быць, і грамчэй.

Імя:: Уладзімер
20.11.2009 21:25
Самаўпэўненасьці, часам нахабнай, стае ў любым палітычным лагеры, а вось шчырасьці і сумленьня, як у бабулі-знахаркі, ім дакладна не стае...

Імя:: budzimir Горад:: Фаніпаль
20.11.2009 22:10
Забыўся падзякаваць за тэкст. Спадабаўся. Як і ваш блог у цэлым. Незважаючы на кардынальную розьніцу ў поглядах на шмат якія рэчы.

"Шаптаць ня ўмее толькі тэлевізар і яго віртуальныя насельнікі" - цудоўная фраза.

Імя:: Уладзімер
20.11.2009 23:07
Дзякуй!
А розьніца ў поглядах - гэта куды лепш, чым адсутнасьць апошніх.

Імя:: xxx Горад:: xxx
21.11.2009 10:16
szto loha u gay paradach?
     
Апублікуй у LiveJournal:
ПАМЕР ШРЫФТУ - +

Уладзімер Лобач

Нарадзіўся ў Новым, а жыву ў Старым Полацку і цяпер цудоўна разумею, чым адрозьніваецца ў Дзьвіны левы бераг ад правага. Дзеля ўласнай цікаўнасьці і авантурызму камандзіраваў самога сябе на 5 гадоў у Менск на гістфак БДУ, пасьля чаго канчаткова вярнуўся ў сваю сапраўдную сталіцу, каб супольна зь землякамі нарадзіць Полацкі ўнівэрсытэт.

Навошта я пішу блог?

Уласна кажучы, ён пішацца сам сабою, за што я яму глыбока ўдзячны, бо нават маленькі пост — гэта яшчэ адна ня выпаленая мной цыгарэта.

Што больш за ўсё я люблю ў блогах?

“Больш за ўсё” я нічога не люблю ў блогах, а сярод таго, што падабаецца: магчымасьць адчуваць эмацыйную пульсацыю ня самых горшых людзей сваёй краіны, дзяліцца ўласнай эмоцыяй і поглядам на пэўныя зьявы і рэчы, разглядаць прыгожыя краявіды і твары.

Што я больш за ўсё не люблю ў блогах?

Не падабаецца, як і паўсюль, сьмецьце, у т.л. і сваё ўласнае, што кінуў па неабачлівасьці. Але пры гэтым усьведамляю, што поўная адсутнасьць сьмецьця — прыкмета рэанімацыі, а не рэальнага жыцьця. Не выношу хамства і абразаў на адрас Радзімы з боку эмігрантаў…


Пяць блогаў, якія я раю наведаць:

ul-sciapan Як рыбак — вельмі назіральны, як мастак — умее пераплаўляць назіраньні ў прыгожыя і трапныя словы.

chareuski — адзін зь нешматлікіх, хто ведае, што Краіну трэба вымяраць ня толькі кнігамі, але і дарогамі.

kryviec вельмі проста давядзе любому, што пад нашымі балатамі хаваюцца тэктанічныя разломы і вульканы.

euga ня можа ня цешыць рэдкім сплавам жыцьцёвага аптымізму і шчырай любові да сваёй прафэсіі выкладчыка

klan-land — мая кума, а мая кума глупстваў ня піша, вельмі раю.

paller дорыць цудоўную магчымасьць адпачыць ад віхуры змуляных словаў і лічбавых фотак.


 

Прадукты і паслугі:

ПадкастRSSMobile