Нягледзячы на абвешчаную амністыю, насамрэч амніставаныя толькі 6 фігурантаў “справы 14-ці”. Днямі амністыю ўжылі да
Алеся Стральцова:
“Амністыя гэтая — звычайная. Яна тычыцца ўсіх пакараных. Гэта ніякая ня літасьць ці міласьць ад уладаў. Але ўжылі яе да мяне фактычна ў самы апошні момант. Яна ўжо заканчваецца. Дзеля гэтага давялося майму адвакату дайсьці ажно да Вярхоўнага суду”.
Амністыі чакаюць
Аляксандар Чарнышоў,
Аляксей Бондар,
Міхаіл Крываў, непаўналетні
Максім Дашук. Максіма абвінавачвалі ў парушэньні правілаў адбыцьця пакараньня, і таму яго дагэтуль не амніставалі.
За кратамі застаецца
Арцём Дубскі. Летась у кастрычніку Арцём зьехаў у суседнюю Ўкраіну. За гэты час яго завочна аштрафавалі на тры з паловай мільёны рублёў на карысьць апэратара сотавай сувязі — кампаніі Velcom. 13 лютага яго затрымалі на беларуска-ўкраінскай мяжы, калі хлопец вяртаўся на радзіму. Яго пакаралі зьняволеньнем за парушэньне правілаў адбыцьця пакараньня.
Апошняя фігурантка “справы 14-ці”
Тацяна Цішкевіч зьехала вучыцца ў Польшчу па праграме Кастуся Каліноўскага. Дзяўчына стала закладніцай сытуацыі, бо калі яна захоча зноў патрапіць дадому, яе затрымаюць на мяжы і будуць судзіць за ўхіленьне ад адбыцьця пакараньня.
Нагадаю: летась 23 красавіка Цэнтральны суд Менску пакараў 10 фігурантаў так званай “справы 14-ці”.
Уладзімер Сяргееў і
Антон Койпіш былі пакараныя штрафамі ў 100 базавых велічыняў кожны.
Аляксей Бондар,
Арцём Дубскі,
Міхаіл Пашкевіч,
Тацьцяна Цішкевіч,
Алесь Стральцоў,
Міхаіл Крываў і
Алесь Чарнышоў былі пакараныя абмежаваньнем волі на тэрмін ад паўтара да двух гадоў.
Андрэя Кіма абвінавацілі ў пагрозах міліцыянту падчас разгону акцыі і пакаралі зьняволеньнем на паўтара года.
Празь месяц суд пакараў
Паўла Вінаградава, прадпрымальніка
Міхася Субача і непаўналетняга
Максіма Дашука. На той момант заставаўся адзін удзельнік справы, які ня быў на працэсе —
Аляксандар Баразенка. Хлопец вучыўся ў Польшчы па праграме Кастуся Каліноўскага. У лістападзе яго затрымалі ў кабінэце сьледчага і ў сьнежні пакаралі абмежаваньнем волі на год.
Сёлета Аляксандра Баразенку, як і Міхаіла Субача, Паўла Вінаградава, Міхаіла Пашкевіча, амніставалі на пачатку жніўня. Яшчэ раней на волю выйшаў Андрэй Кім.
У траўні Алесю Стральцову і Аляксандру Чарнышову зьмянілі абмежаваньне волі на папраўчыя працы.