Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брусэль падоўжыў санкцыі супраць Менску. І тут жа іх замарозіў


Рада Эўразьвязу прыняла рашэньне падоўжыць на год візавыя санкцыі супраць афіцыйнага Менску да кастрычніка 2010 году. Адначасова гэтыя санкцыі замарожаныя да кастрычніка.

У рашэньні зазначаецца што “з-за адсутнасьці трывалага прагрэсу у галінах, акрэсьленых у рашэньні Рады Эўразьвязу ад 13 кастрычніка 2008 году, Рада ня можа скасаваць санкцыі супраць шэрагу беларускіх чыноўнікаў”. Такім чынам, Рада вырашыла падоўжыць санкцыі да кастрычніка 2010 году. Але “каб схіліць беларускія ўлады да прагрэсу” ў галіне дэмакратыі і правоў чалавека Рада вырашыла замарозіць прымяненьне візавых санкцыяў супраць шэрагу беларускіх чыноўнікаў на такі самы пэрыяд – да кастрычніка 2010 году.

Карл Більт, міністар замежных справаў Швэцыі, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, з гэтай нагоды заявіў:

"Мы працягнулі санкцыі, але мы адначасна замарозілі іх дзеяньне. То бок, мы ўсё яшчэ спрабуем узьдзейнічаць на ўлады Беларусі, каб яны прасунуліся далей у кірунку эўрапейскіх каштоўнасьцяў".

Год таму Эўразьвяз у аналягічным рашэньні заклікаў Беларусь да рэфармаваньня выбарчага заканадаўства ў адпаведнасьці з абавязкамі краіны ў рамках АБСЭ, да руху ў кірунку свабоды выказваньняў і СМІ, свабоды сходаў і арганізацыяў.

Рада Эўразьвязу заўважыла “шэраг натхняльных рашэньняў, якія былі раней ухваленыя ў гэтых галінах”, але выказала “глыбокае шкадаваньне з-за адсутнасьці тут істотнага прагрэсу апошнім часам”. У якасьці прыкладаў прыводзяцца разгоны мірных дэманстрацыяў у Менску, адмовы ў рэгістрацыі шэрагу партыяў і няўрадавых арганізацыяў, незалежных СМІ. А таксама апошнія рашэньні беларускіх судоў наконт сьмяротнага пакараньня некалькіх асуджаных.

Як паведамляе карэспандэнт Свабоды з Брусэля, апрача таго пастанова прапануе Менску пачаць перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму паміж ЭЗ і Беларусьсю ды згадвае магчымасьць у значна далейшай пэрспэктыве перамоваў аб заключэньні двухбаковай дамовы аб партнэрстве і супрацоўніцтве. А на бліжэйшую пэрспэктыву Эўразьвяз прапануе "супольны прамежкавы плян вызначэньня прыярытэтаў для рэформаў" у Беларусі.

У пастанове адзначаецца, што візавыя санкцыі супраць беларускіх службовых асобаў могуць быць скасаваныя "ў любы момант, у залежнасьці ад дзеяньняў беларускіх уладаў у сфэры дэмакратыі і правоў чалавека".

У дакумэнце таксама зазначаецца гатоўнасьць Эўразьвязу да паглыбленьня адносін з Беларусьсю ў выпадку далейшага руху Беларусі ў кірунку дэмакратыі, правоў чалавека і прынцыпу падзелу ўладаў, а таксама гатоўнасьць Брусэлю спрыяць такому руху, узмацняць супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі, у тым ліку ў рамках праграмы Ўсходняе партнэрства.

Эўразьвяз заклікае Беларусь павінна ў большай ступені прывесьці сваё выбарчае заканадаўства ў адпаведнасьць зь міжнароднымі стандартамі ды забясьпечыць большую свабоду выказваньня і сходаў.

Рада Эўразьвязу заклікала Эўракамісію падрыхтаваць рэкамэндацыі для пачатку перамоваў аб спрашчэньні візавага рэжыму зь Беларусьсю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG