чацьвер, 09 лютага 2012, Менск 16:44

Грамадзтва

Форум дзеля форуму?

У Брусэлі адкрыўся форум грамадзянскай супольнасьці “Ўсходняга партнэрства”. У ім бяруць удзел прадстаўнікі шасьці краінаў, запрошаных у гэтую праграму, у тым ліку Беларусі. З боку Эўразьвязу ў форуме ўдзельнічаюць кіраўнік МЗС Швэцыі Карл Більт, эўракамісар па зьнешніх сувязях і эўрапейскай палітыцы суседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр і старшыня Сацыяльна-эканамічнага камітэту ЭЗ Марыё Сэпі. Асноўная мэта форуму — спрашчэньне дыялёгу і супрацоўніцтва паміж грамадзянскай супольнасьцю і ўрадамі краін.

ПАМЕР ШРЫФТУ - +

Пэрсанальны сьпіс сяброў беларускай дэлегацыі прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі не рассакрэчвае. Вядома, што арганізатары запрасілі 27 арганізацый зь Беларусі. Сярод іх — сябры руху “За свабоду”, Беларускай асацыяцыі журналістаў, праваабарончага цэнтру “Вясна”, Беларускага Хэльсынскага камітэту, Асамблеі недзяржаўных дэмакратычных арганізацый, праўрадавай Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі ды іншых. Перад гэтым больш за 20 няўрадавых арганізацый зь Беларусі выпрацавалі агульную пазыцыю. Яна скіравана на максымальны ўдзел у кантролі за праектамі, якія беларускія ўлады і эўрапейскія структуры будуць рэалізоўваць у межах “Усходняга партнэрства”. Ці ўлічаная гэтая пазыцыя ў Брусэлі? Віктар Карняенка сказаў:

“На жаль, не. Галоўнае пытаньне, якое мы ўносілі, — каб усё, зьвязанае з форумам грамадзянскай супольнасьці, ня скончылася сёньня, да наступнага форуму. Каб абавязкова быў працяг і каб былі мэханізмы ўплыву на сытуацыю паміж такімі форумамі. Гэта прапанавалася канкрэтна ў выглядзе пятай тэматычнай групы, якая абмяркуе арганізацыйныя пытаньні: склад рабочай групы, прынцыпы яе фармаваньня, мандат ад імя форуму і гэтак далей. На жаль, гэтая прапанова не была прынятая і, больш за тое, не была прагаласаваная. Было прапанавана працаваць па чатырох раней вызначаных плятформах”.

Паводле спадара Карняенкі, намаганьнямі сяброў беларускай дэлегацыі гэтая пятая група працуе кулюарна. Да бальшыні беларускай дэлегацыі не далучыўся старшыні ФПБ Леанід Козік, які, паводле спадара Карняенкі, падчас пленарнага паседжаньня зрабіў кароткую рэпліку агульнага сэнсу.

“Я не хацеў бы перабольшваць значэньне сёньняшняга мерапрыемства. Усё ж такі ўсё ідзе па такім жа прыкладна сцэнары, як працуе такі ж орган у Радзе Эўропы. Ёсьць даволі вялікая рызыка, што ўсё на тым і скончыцца. Я маю на ўвазе: ад форуму да форуму”.

Паводле палітоляга Юр’я Чавусава, у беларускай грамадзянскай супольнасьці ёсьць вялікая занепакоенасьць, што яе ўдзел ва “Ўсходнім партнэрстве” можа быць досыць фармальным.

“Агульна, беларуская грамадзянская супольнасьць найбольш уключылася ў гэтыя працэсы ў межах “Усходняга партнэрства”. Вядома, што і заявак было больш за ўсё. І гэта абумоўлена тым, што для нас гэта фактычна адзіная магчымасьць выйсьці на эўрапейскі ўзровень кансультацый. Калі для ўкраінцаў ці азэрбайджанцаў ёсьць дастаткова сур’ёзныя і іншыя мэханізмы, то для Беларусі, для беларускай грамадзянскай супольнасьці гэта фактычна адзінае акенца ў Эўропу”.

Спадар Чавусаў прывёў адмоўны прыклад таго, што адбываецца, калі няма грамадзянскага кантролю. Міністэрства юстыцыі нядаўна правяло канфэрэнцыю адносна пашырэньня выкарыстаньня міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека. Быў прадстаўлены аб’ёмны чатырохтамовік рашэньняў міжнародных інстанцыяў, датычных правоў чалавека. За выключэньнем рашэньняў Камітэту па правах чалавека ААН, якія тычацца Беларусі. Напрыклад, пра выпадкі ліквідацыі ці адмовы ў рэгістрацыі няўрадавых аб’яднаньняў.
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Ахрэм
16.11.2009 18:22
Хіба незразумела што Брусэль хоча легітымізаваць апошняга дыктатара Эўропы. Але зрабіць хоча не наўпрост а праз Мілінкевіча,
а той й рады старацца й робячы выгляд змагара з гэтым дыктатарам чарговвы раз будзе спрыяць яго "элегантнай перамозе"... не, не крытыкай й не пахвальбой а простым ўдзелам ў так званых выбарах. Эўрапалітыка - гэта не словы а тэхналёгія. Й што б ні казаў Мілінкевіч й як бы не галасавалі беларусы Ярмошына агучыць тыя лічбы якія патрэбныя Лукашэнку. Але трэба стварыць хаця б бачнасьць выбараў а астатняе справа ашкуканскай тэхналёгіі адпрацаванай й праверанай не аднойчы. Хіба ў Брусэлі гэта не разумеюць?! Выдатна разумеюць! Падвойная палітыка ў якой няма месца справядлівасьці...толькі бачнасьць й сродкі якія апраўдваюць іх мэты. А на беларускае грамадзтва й ўвогуле на пэрспэктыву беларускай нацыі ім напляваць.