Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Каліноўскі — тэрарыст, а Мураўёў-вешальнік — таленавіты адміністратар”?


Кастусь Каліноўскі
Кастусь Каліноўскі
Сёньня Беларускае гістарычнае таварыства пры падтрымцы Інстытуту Польскага ў Менску зладзіла навуковую канфэрэнцыю “Кастусь Каліноўскі і яго эпоха ў дакумэнтах і культурнай традыцыі”. Гісторыкі тлумачаць неабходнасьць правядзеньня такой канфэрэнцыі тым, што асоба Каліноўскага выклікае неадназначную рэакцыю ў дзяржаўных ідэолягаў, адбываюцца спробы дэгераізацыі Кастуся Каліноўскага і ўхваленьня Міхаіла Мураўёва — “вешальніка”.

Алесь Смалянчук
Доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук распавёў, што ўжо амаль 100 гадоў беларускія дасьледчыкі пішуць пра Каліноўскага: першая публікацыя зьявілася яшчэ ў 1916 годзе і належыць Вацлаву Ластоўскаму. Але ўвесь савецкі час гістарычная навука не існавала як навука, гэта быў дадатак да камуністычнай ідэалёгіі і глыбока капаць проста не рэкамэндавалася. Потым была невялічкая адліга.

Алесь Смалянчук: “Частка вучняў вучыцца па тых беларускіх падручніках, дзе Каліноўскі застаецца кіраўніком вызвольнага паўстаньня ў Беларусі і Літве, чалавекам, які складае гонар беларускай гісторыі. Зьяўляюцца зараз новыя падручнікі пад рэдакцыяй Трашчанка — падручнік для 10 клясы на беларускай мове, дзе ён выступае як тэрарыст, як польскі інтрыган і вораг „братняга саюзу беларускага і расейскага народаў“. І гэты погляд пачынае ўсё больш дамінаваць і ў падручніках для вышэйшай школы. То бок у нас, калі прыгадаць усе гэтыя штампы, рэкамэндаваныя Міністэрствам адукацыі, можна сказаць, што на дзяржаўным узроўні робяцца спробы дэгераізацыі Каліноўскага і фактычна падмены яго іншым героем. Можна прыгадаць і добрыя характарыстыкі Мураўёва-вешальніка”.

Дарэчы, Якаў Трашчанок — былы выкладчык Аляксандра Лукашэнкі ў Магілёўскім унівэрсытэце. Пад яго рэдакцыяй выйшла гісторыя Беларусі ў двух тамах, выходзяць і школьныя падручнікі. Да прыкладу, параграф 26 падручніка гісторыі для 10 клясы называецца “Польскае паўстаньне 1863 года на беларускіх землях”, а разьдзел чацьвёрты — “Гістарыяграфічны міт аб Вікенціі Каліноўскім”. А Міхаіл Мураўёў у гэтым падручніку названы “таленавітым адміністратарам”. Дарэчы, менавіта Мураўёў зьмяніў пакараньне, вынесенае судом Каліноўскаму, з расстрэлу на павешаньне.

Аляксандар Радзюк
Ня толькі ў падручніках, але і ў навуковых працах сустракаюцца спробы перагледзець ролю Мураўёва ў гісторыі Беларусі, перакананы гарадзенскі гісторык, кандыдат навук Аляксандар Радзюк:

“Выйшла некалькі работ беларускіх дасьледчыкаў, якія прысьвечаныя менавіта кансэрватызму Мураўёва, дзе ён паказаны ахоўнікам палітыкі царызму. То бок нашы беларускія гісторыкі становяцца на пазыцыю расейскіх уладаў і спрабуюць прэзэнтаваць Мураўёва як ахоўніка праваслаўя, ахоўніка самаўладзьдзя, які рабіў гэта ў рэчышчы царскай палітыкі, рабіў правільна, рабіў добра. Гэты падыход такі ж самы, як і спроба ўсталяваць помнік Мураўёву ў Вільні „с благодарностью от народа Литвы“, які доўга не прастаяў. Мусіць, і такі падыход нядоўга праіснуе ў нашай гістарыяграфіі”.

Сам Аляксандар Радзюк выступіў з дакладам “Рэпрэсіўная дзейнасьць павятовых ваенных начальнікаў у 1863-64 гадах”. Навукоўцы прадэманстравалі шмат копій архіўных матэрыялаў.

Вольга Гарбачова
Кандыдат гістарычных навук Вольга Гарбачова дасьледавала тэму “Фатаздымак як крыніца інфармацыі пра ўдзельнікаў паўстаньня 1863 году”. Яна шмат працавала ў розных архівах:

“Трапіць у Парыж мажліва, але, зразумела, ёсьць свае пэўныя абмежаваньні. Што тычыцца дзяржаўнага гістарычнага архіву Літвы, гэта ўвогуле не праблема. Туды доступ вольны нават чалавеку, які не займаецца прафэсійна гісторыяй. Гэта адзіны архіў, які я ведаю на постсавецкай прасторы, які дае такія мажлівасьці. Яшчэ там можна фатаграфаваць бясплатна гістарычныя дакумэнты”.

Агулам на канфэрэнцыі было прадстаўлена амаль два дзясяткі дакладаў, якія падрыхтавалі беларускія і польскія гісторыкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG