пятніца, 10 лютага 2012, Менск 10:01

Палітыка

Актывісты АГП з Магілёўшчыны супраць “праймэрыз”

Магілёўская абласная арганізацыя АГП заявіла, што ня будзе ўдзельнічаць у працэдуры выбараў адзінага кандыдата на прэзыдэнта, якую прапаноўвае экспэртная група кааліцыі АДС.

x
ПАМЕР ШРЫФТУ - +
Згодна з працэдурай, належыць правесьці праймэрыз — папярэдняе галасаваньне выбарцаў за прэтэндэнтаў на прэзыдэнцтва ад апазыцыйных партыяў. Магілёўскія палітыкі лічаць, што ажыцьцявіць працэдуру немагчыма.

Рашэньне пра няўдзел у “праймэрыз” было прынятае на паседжаньні рады партыйнай арганізацыі. У ім партыйцы заявілі, што “праймэрыз” праводзяць толькі ў краінах з устойлівымі дэмакратычнымі інстытутамі, бо для гэтага неабходная паўнавартасная выбарчая кампанія. Гаворыць кіраўнік арганізацыі Ўладзімер Шанцаў:

Мы жывём не ў свабоднай дэмакратычнай краіне, ня ўдасца такі фокус
“Наша задача — прапанаваць насельніцтву кандыдатуру. Ва ўмовах дыктатуры менавіта гэты спосаб можа прайсьці. А яны прапануюць, каб насельніцтва само выбрала таго, за каго яно прагаласуе ці не. Мы жывём не ў свабоднай дэмакратычнай краіне, ня ўдасца такі фокус — у насельніцтва запытацца. Які дурань пойдзе ў офіс палітычнай партыі з пашпартам і там зарэгіструецца?”

“Праймэрыз” партыйцы прапануюць замяніць шырокай агітацыйнай кампаніяй пра прэтэндэнтаў ад апазыцыі на прэзыдэнцтва.

У кіраўніцтве АГП рашэньне сваіх калегаў з Магілёўшчыны называюць заўчасным, бо працэдура яшчэ не зацьверджаная. Старшыня партыі Анатоль Лябедзька зазначае, што Шанцаў настойвае на прызначэньні адзінага кандыдата ад апазыцыі, аднак гэтая прапанова не знаходзіць падтрымкі ў сяброў партыйнай палітрады.

“Любая партыя абапіраецца на дэмакратычныя працэдуры. І лепш за ўсё, каб вось гэтыя думкі былі на этапе дыскусіі. Але калі рашэньне прымаецца, то яно абавязковае. Рэгіянальная арганізацыя з Магілёўшчыны будзе прымаць удзел у рэалізацыі той працэдуры, якая будзе зацьверджаная і якая будзе рэалізаваная на практыцы”.

Рашэньне абласной арганізацыі партыі АГП пра няўдзел у “праймэрыз” калегі зь іншых партыйных арганізацыяў пакуль камэнтуюць стрымана. Гаворыць рэгіянальны лідэр партыі БНФ Рыгор Кастусёў:

Мы абавязкова яшчэ будзем зьбіраць абласную раду для прыняцьця канкрэтнага рашэньня па гэтым пытаньні
“Чакаецца шэраг мерапрыемстваў у рамках партыі. Заўтра сойм, праз тыдзень адбудзецца зьезд. Многія пытаньні альбо ўзьнікнуць, альбо зьнікнуць. Мы абавязкова яшчэ будзем зьбіраць абласную раду для прыняцьця канкрэтнага рашэньня па гэтым пытаньні. Будзем зьбіраць і абласную канфэрэнцыю”.

Намесьнік старшыні незарэгістраванай Партыі свабоды й прагрэсу Аляксандар Сілкоў прызнае, што “праймэрыз” правесьці будзе цяжка:

“Ня трэба забываць, што акрамя прэзыдэнцкіх выбараў у нас будуць яшчэ й мясцовыя. Мы павінны правесьці шырокую мабілізацыйную кампанію сярод сваіх прыхільнікаў. А потым садзіцца і абмяркоўваць — у каго што ёсьць і што ён можа прапанаваць”.

Мяркуецца, што ў “праймэрыз” АДС возьмуць удзел каля ста тысяч выбарцаў. Калі ніводзін з апазыцыйных прэтэндэнтаў на прэзыдэнта не набярэ больш за 50% галасоў, то вылучэньне адбудзецца на кангрэсе дэмакратычных сіл. Чакаецца , што “праймэрыз” пройдуць у красавіку 2010 году, а пры канцы траўня, калі трэба, адбудзецца Кангрэс.
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Яўген Мурашка
30.08.2009 21:39
Гляджу , дык у Палітрадзе сабраліся людзі, ну амаль што вынаходнікі-Кулібіны.
Якія толькі захады і назовы не выкарыстоўваюць. І ўсё больш з замежнай мовы.
Аднак, як ні назаві,"праймэрызам" ці "мерызпраймам", вынік будзе -0.
Бо у апазыцыі ня ведаюць чаго жадаюць.
Адсутнасьць адзінай мэты, дасьць адсутнасьць перамогі. Усе гэта ведаюць і тым не менш зноў і зноў ідуць тым жа шляхам.Калі б не ведаў, што у Палітрадзе кіруюць людзі, у якіх усе добра з галавой, то можна было б казаць аб калектыўным вар'яцтве.
Таму гэта не настрой на перамогу а чаканьне моманту калі улада сама упадзе ім у рукі (аб гэтым казаў, у свой час, Сп. С.Багданкевіч - Я.М)
Гуртавацца трэба не вакол лідара, а вакол ідэі, толькі пры гэтых умовах можна разлічваць на перамогу. Ідэяй Беларускага Міжнароднага Дэмакратычнага Руху, з'яўляецца - беларуская нацыянальная ідэя, і гэта, у свой час, дасьць свой плен.
Бо мы не імкнемся да асабістай улады, да улады прыдзе беларускі народ і гэта непазьбежна.