Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыялёг грамадзкасьці з… грамадзкасьцю


Гаворыць Уладзіслаў Вялічка.
Гаворыць Уладзіслаў Вялічка.

Ніхто з прадстаўнікоў адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі альбо урадавых структураў не прысутнічае на грамадзкіх слуханьнях “Грамадзтва і дзяржава: мэханізмы ўзаемадзеяньня”, якія пачалася а 14 гадзіне.

У дыялёг грамадзкасьці з грамадзкасьцю, а не з уладамі, як плянавалася, ператварыліся сёньняшнія слуханьні пад назовам “Грамадзтва і дзяржава: мэханізмы ўзаемадзеяньня”. Прадстаўнікі ўлады праігнаравалі мерапрыемства.

На пачатку слуханьняў кіраўнік грамадзкага аб’яднаньня “Адукацыйны цэнтар “ПОСТ” Улад Вялічка паведаміў пра адказ, які прыйшоў з адміністрацыі прэзыдэнта:

“Афіцыйны ліст ніяк не камэнтуе пытаньня грамадзкіх слуханьняў. Ён фактычна толькі камэнтуе тую пэўную крытыку, якая была выказана ў нашым звароце ў дачыненьні да таго, што мы лічым недастаткова эфэктыўнай працу такой рады. Тут ёсьць камэнтар да таго, як арганізаваная рада, якім чынам яна зьбіраецца быць больш эфэктыўнай. Але ніякіх спасылак на зацікаўленасьць альбо не ў сёньняшнім мерапрыемстве там ня згадваецца”.

Ініцыятыва слуханьняў належыць шэрагу актывістаў грамадзянскай супольнасьці: Жане Літвіной, Сяргею і Ўладзімеру Мацкевічам, Вячаславу Паздняку, Віталю Сіліцкаму ды іншым. Яны накіравалі запрашэньні прадстаўнікам прэзыдэнцкай адміністрацыі і чальцам грамадзкай кансультатыўнай рады пры адміністрацыі.

Кіраўнік афіцыйна не зарэгістраванай Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Сяргей Мацкевіч так тлумачыць захады грамадзянскіх актывістаў:

Сяргей Мацкевіч
“Дяылёгу паміж грамадзтвам і ўладамі ў нашай краіне мінімум. А мы хочам, каб ён быў, каб такая сувязь існавала. Каб нашы ўлады не былі аднаасобнымі вызначальнікамі лёсаў беларусаў, а раіліся зь людзьмі. І хаця б з адной з самых актыўных частак нашага насельніцтва — грамадзкімі аб’яднаньнямі”.

З 29 сяброў Грамадзкай кансультатыўнай рады, якую ачольвае Ўладзімер Макей, на слуханьні прыйшлі толькі чацьвёра: Алег Гулак, Пётар Марцаў, Уладзімер Нісьцюк і Аляксандар Ярашук.

Пётар Марцаў адказаў тым крытыкам, якія заяўляюць, што такія слуханьні трэба было пачынаць значна раней:

Пётар Марцаў
“Як грамадзянская супольнасьць, так і чальцы грамадзкай кансультатыўнай рады ўважліва назіралі адзін за адным і за дзяржавай зь нямым пытаньнем: “А навошта гэта зроблена: ці гэта шырма, ці гульня, ці рэальны працэс дэмакратызацыі?”

Спадар Марцаў выказаўся за супольную працу з грамадзкімі структурамі:

“Думаю, што мы знаходзімся ў нулявым пункце гэтага працэсу. Мы прызнаем, што ён пачаты ня намі, а зьверху. І мы дарэмна чакаем, што зьверху нам будуць прапісваць, як дзейнічаць. Давайце дзейнічаць так, як мы павінны дзейнічаць”.

Сьвятлана Калінкіна
Палітоляг Сьвятлана Калінкіна лічыць: рада, якую ачольвае Ўладзімер Макей, створана на незразумелых прынцыпах. І гэта стрымлівае кантакты:

“У мяне, як і ў шмат каго яшчэ, выклікаюць пытаньне асобы, пэрсоны, арганізацыі, якія туды былі запрошаныя і якія не былі запрошаныя, сама мэтодыка адбору гэтых людзей. І, я думаю, менавіта з-за гэтага ўзьнікаюць ініцыятывы правядзеньня слуханьняў, абмеркаваньняў. Насамрэч уцямнага адказу, чаму там нехта ёсьць, а некага няма, дагэтуль не існуе. І пакуль ня будуць зразумелыя крытэры адбору тых, хто ўдзельнічае ў пасяджэньнях грамадзкай рады, якую ачольвае спадар Макей, такія пытаньні будуць узьнікаць заўсёды”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG