аўторак, 07 лютага 2012, Менск 09:41

Эканоміка

“Беларуськалій”: Таго, што дазвалялі сабе раней, ужо няма

Яшчэ год таму заробак памерам некалькі тысяч даляраў лічыўся на аб’яднаньні “Беларуськалій” звыклай зьявай. На працягу апошніх месяцаў сытуацыя рэзка зьмянілася. Многія супрацоўнікі пераведзены на 2/3 тарыфу, скасаваныя прэміі і даплаты.

Шахтары-калійнікі
x
Шахтары-калійнікі
ПАМЕР ШРЫФТУ - +
Паводле жыхаркі Салігорска Ларысы Насановіч, крызіс зраўнаў заўсёды больш прывілеяваных працаўнікоў “Белкалію” з астатнімі гараджанамі. Па яе словах, цяпер і яны апусьціліся ад “сэрвэляту” да “варанай” каўбасы:

“Шмат супрацоўнікаў атрымліваюць 2/3 тарыфу. На хлеб з маслам хапае, але таго, што яны сабе раней дазвалялі, ужо няма. Многія сталі закладнікамі крэдытаў, калі заробак ідзе на выплату пазыкаў; у запас скупляюць валюту, каб у выпадку чаго мець за што аплаціць крэдыт у наступным месяцы. Шукаюць падпрацоўку, жанчыны з абагачальных фабрык спрабуюць працаваць гандляркамі на рынку. Дарэчы, пэнсіянэры, якія не жадалі ісьці на пэнсію, цяпер масава сыходзяць. Баяцца, што скасуюць, як называюць у нас у горадзе, „грабавыя“. Бо калі чалавек ідзе на пэнсію, яму даецца значная кампэнсацыя. Дапусьцім, у шахтароў атрымлівалася каля 37 тысяч даляраў. Гэткія „адходныя“. Зараз ходзяць упартыя чуткі, што выплаты адменяць ці замарозяць… Нядаўна размаўляла з кіраўнікамі „Беларуськалію“, дык яны лічаць: прынамсі месяцаў 6-8 аб’яднаньне будзе ў цяжкім становішчы”.

Тэндэнцыі на калійным рынку не спрыяюць паляпшэньню настрояў на “Беларуськаліі”. Сёлета Беларусь ужо карэктавала кошты на сыравіну пры пастаўках у Бразылію — ад 1000 заплянаваных да 750 даляраў за тону. Цяпер даводзіцца пераглядаць цэнавую палітыку адносна Індыі, бо расейская Міжнародная калійная кампанія гатовая пастаўляць на індыйскі рынак хлёрысты калій на 26% таньней, чым Беларусь. Пра неабходнасьць перагляду коштаў у бок зьніжэньня гаворыць і Кітай — адзін з найбуйнейшых спажыўцоў калійных угнаеньняў у сьвеце.

Днямі першы віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Ўладзімер Сямашка прызнаў: страты ад вымушанага зьніжэньня цэнаў будуць адчувальныя. Толькі на індыйскім напрамку Беларуская калійная кампанія можа недалічыцца 200 мільёнаў даляраў. Гэта азначае, што і на “Беларуськаліі” чорная паласа будзе працягвацца. Дарэчы, на прадпрыемстве — значная суполка Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Кіраўнік арганізацыі Аляксандар Ярашук кажа, што пра звышпрыбыткі на пэўны час трэба аб’ектыўна забыцца — як прадпрыемству, так і працаўнікам:

“На фінішы мінулага году, у сьнежні, сярэдні заробак склаў у эквіваленце роўна тысячу даляраў. Канечне, па беларускіх мерках гэта прыстойны заробак. А ў забойнай групе (яна складае 1,5 тысячы з агульнай колькасьці 19 тысяч працоўных) ён быў значна вышэйшы — у 3, а то і ў 4 разы лічба большая. Было ўвогуле за што, дый было чым плаціць — з высокімі стандартамі заключаліся калектыўныя дамовы, з сур’ёзным сацыяльным пакетам. І калі „Белкалій“ пагаджаўся плаціць па 300 даляраў з кожнай тоны ў кошт рэспубліканскага бюджэту, то можна сабе ўявіць, якія там звышпрыбыткі мелі месца”.

Карэспандэнт: “Цяпер пра такія заробкі можна казаць у мінулым часе?”

З-за дэмпінгу расейскіх канкурэнтаў “Беларуськалій” можа страціць стратэгічны рынак збыту.
“Заробкі, натуральна, панізіліся. Але калі мець на ўвазе, што цана за тону яшчэ ў 2003 годзе была ў памеры дзесьці 170 даляраў, і за гэты тэрмін яна вырасла больш чым у 4 разы, то да апошняга часу эканамічнае становішча дазваляла нават і пры існуючых коштах выплачваць заробкі. То бок нават тады, калі сур’ёзна ўпалі аб’ёмы вытворчасьці на прадпрыемстве”.

Між тым на пачатку траўня, калі на “Беларуськаліі” адкрывалі Краснаслабодзкі руднік, Аляксандар Лукашэнка запэўніваў: сабе на шкоду калійныя ўгнаеньні Беларусь аддаваць ня будзе. Па яго словах, шмат хто ў сьвеце заняў пазыцыю чаканьня — маўляў, задарма аддадуць. Аднак Лукашэнка заявіў, што рэсурсы будуць толькі даражэць і разбазарваць іх недапушчальна.

Аднак пакуль што тэндэнцыі на рынку зусім іншыя — угнаеньні працягваюць таньнець, а пакупнікі робяцца ўсё больш пераборлівымі. Прычым калі ў першай палове году страты на зьнешніх рынках “Беларуськалій” часткова кампэнсаваў коштам пасяўной, то цяпер дзеля новых кантрактаў даводзіцца разглядаць практычна любыя прапановы.

З-за дэмпінгу расейскіх канкурэнтаў “Беларуськалій” можа страціць стратэгічны рынак збыту. Міжнародная калійная кампанія — пасярэднік найбуйнейшага ў Расеі вытворцы калію “Сільвініт” — падпісала кантракт на пастаўку ў Індыю ўгнаеньняў па 460 даляраў за тону. У сваю чаргу, беларусы спадзяваліся атрымаць з кожнай тоны 630 даляраў. Увогуле ж за першы квартал 2009 году экспартны складнік “Белкалію” зьнізіўся ў параўнаньні з тым жа пэрыядам 2008 году амаль на 80%, крыху перавысіўшы 300 тысяч тон.
Гэтая дыскусія закрытая.
Камэнтары
     
Камэнтароў няма. Дадайце свой і будзьце першыя.