Як пачуваецца Мікалай Аўтуховіч, які галадуе ўжо 86 дзён? Ці праўда, што на будучым тыдні ён зьбіраецца спыніць галадоўку? Ці выставілі яму абвінавачаньне ў падрыхтоўцы да замаху на кіраўніка Гарадзенскай вобласьці Ўладзімера Саўчанку і намесьніка міністра падаткаў і збораў Васіля Камянко?
У сярэдзіне дня я дазваніўся да кіраўніцы прэсавай службы МУС
Сьвятланы Бароўскай і спытаў пра справу Мікалая Аўтуховіча ды пра тое, ці праўда, што яго ўжо падазраюць у тэрарызьме:
“Нічога, акрамя таго, што вам учора казалі, дадаць не магу. У мяне няма зьвестак адносна таго, ці выставілі Аўтуховічу абвінавачаньне ў тэрарызьме”.
У канцы працоўнага дня
Мікалая Аўтуховіча наведаў у сьледчым ізалятары ягоны адвакат
Павал Сапелка. Вось што распавёў адвакат для Радыё Свабода адразу, як выйшаў з ізалятара:
“Ужо адчувае сябе дрэнна, скардзіўся на тое, што ледзь да мяне выйшаў. Дае сябе знаць агульнае стамленьне арганізму, вельмі схуднеў, асунуўся. Важыць каля 75 кіляграмаў, але галадоўку спыняць не зьбіраецца”.
Паводле Паўла Сапелкі, Мікалай Аўтуховіч за час галадоўкі схуднеў болей як на 30 кіляграмаў. Іх сустрэча доўжылася болей за гадзіну. У канцы сустрэчы было асабліва бачна, як хутка Аўтуховіч стамляецца. Кожнае дзеяньне забірае ў яго шмат сілаў, у яго дваіцца ў вачах, сказаў адвакат. Адносна таго, што, паводле лекаркі ізалятара, у Аўтуховіча нібыта зрабіліся лепшымі аналізы,
Павал Сапелка заўважыў, што ягонаму падабароннаму не паведамляюць вынікаў аналізаў.
Павал Сапелка заўважыў, што ягонаму падабароннаму не паведамляюць вынікаў аналізаў. “Аўтуховіч па-ранейшаму не здымае сваіх патрабаваньняў: альбо перадаць справу ў суд, альбо вызваліць яго пад падпіску пра нявыезд. Ён вельмі мужны чалавек. Але што да мяне, то, мяркую, галадоўку сапраўды трэба спыняць”, — заявіў Павал Сапелка:
“Схіляюся да таго, што паколькі асобам, да якіх ён зьвярнуўся, бяз розьніцы, будзе ён жыць ці ня будзе жыць і да якога стану сябе давядзе, то гэтую галадоўку трэба спыніць. Я выказаў яму гэта ў выглядзе ня просьбы, а свайго меркаваньня. Бо мне як абаронцу ён патрэбны як адэкватны, працаздольны чалавек. Хачу, каб ён пасьпеў стаць такім да таго часу, як нам давядзецца знаёміцца са справай і абараняцца ў судзе”.
Адвакат Павал Сапелка сказаў, што статус Аўтуховіча як абвінавачанага ў падпале не зьмяніўся. Расьсьледаваньне справы працягнутае да 8 жніўня. Адносна зьвестак, што Аўтуховіч фігуруе ў іншай справе паводле артыкула пра тэрарызм, адвакат сказаў, што яго “зноў папярэдзілі пра абавязак не разгалошваць таямніцу сьледзтва”, і адмовіўся ад камэнтару.
Што новага ў іншых фігурантаў справы Аўтуховіча? Паводле сваякоў
Уладзімера Асіпенкі і
Юрыя Лявонава, ім ня выставілі новых абвінавачаньняў, а знаходжаньне пад вартай падоўжылі да 8 жніўня, як і Аўтуховічу.
Аўганца
Канстанціна Уланава, затрыманага 8 ліпеня, трымаюць у ізалятары-размеркавальніку на Акрэсьціна, а ў “Валадарку” возяць для нейкіх сьледчых дзеяньняў, паведаміла “Свабодзе” жонка затрыманага
Тацяна Ўланава. Жанчына мяркуе, што яе мужа возяць на вочныя стаўкі зь іншымі фігурантамі справы Аўтуховіча.