Слухаць

Цяпер у эфіры

Беларускае замежжа

Наступная праграма

СТО АДРАСОЎ

ЗНАЙДЗІ НА МАПЕ!

АНКЕТА СВАБОДЫ

Арына Вячорка
  ДЗЕНЬ БЛОГЕРА


Грамадзтва

Аўтуховіча падазраюць у тэрарызьме

Мікалай Аўтуховіч

09.07.2009 16:15
Мікалая Аўтуховіча і яшчэ некалькі асобаў падазраюць у тэрарызьме. Яны нібыта рыхтавалі замах на кіраўніка Гарадзенскага аблвыканкаму і намесьніка міністра падаткаў і збораў.

Да гэтага часу ў міліцыі не пацьвярджаюць, але і не абвяргаюць зьвестак зь незалежных крыніц у інтэрнэце адносна завядзеньня крымінальнай справы аб падрыхтоўцы замаху на старшыню Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку і намесьніка міністра падаткаў і збораў Васіля Каменку.

“Зьвестак няма, магчыма, нешта будзе заўтра”, — сказаў мне ў канцы дня праз тэлефон Алег Сьлепчанка з прэсавай службы МУС.

Між тым, паводле інтэрнэт-выданьня “Ежедневник”, у галоўнай управе барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС нібыта заведзеная крымінальная справа па артыкуле “тэрарызм”.

Журналіст Сяргей Сацук: “Нам вядома, што вынесена пастанова аб завядзеньні крымінальнай справы супроць Мікалая Аўтуховіча і Аляксандра Ларына паводле артыкулаў 13 і 559 Крымінальнага кодэксу. Гэта падрыхтоўка да спробы тэракту супроць дзяржаўных асоб. Але падрабязнасьцяў ня ведаем”.

Зь іншых крыніц “Свабодзе” стала вядома, што гэтую справу завялі яшчэ 26 ці 27 чэрвеня. Падазронымі па справе лічацца Мікалай Аўтуховіч і Аляксандар Ларын. Гэта былы працаўнік ваўкавыскай фірмы “Ніка-транс”, якой кіраваў Мікалай Аўтуховіч да свайго арышту ў 2005 годзе. Паводле зьвестак, Ларын быў арыштаваны летась на пачатку году, яшчэ да арышту Мікалая Аўтуховіча ў лютым. Нібыта менавіта з Ларыным сьледчыя зьвязваюць знойдзены ў Ваўкавыску гранатамёт, а ўжо праз Ларына нітка ў гэтай справе нібыта ідзе да Аўтуховіча.

Разам зь Мікалаем Аўтуховічам 8 лютага ў Ваўкавыску былі арыштаваныя Юрый Лявонаў і Ўладзімер Асіпенка, якіх таксама трымаюць у ізалятары на Валадарскага. Я спытаўся ў адваката Лявонава, Вадзіма Мушынскага: ці выставілі ягонаму падабароннаму абвінавачаньні па эпізодзе адносна гранатамёту, па якім ён быў падазроным?

“Не, нічога яму там ня выставілі. У выніку ён там праходзіць толькі як сьведка. А што да справы пра „тэрарызм“ — нічога камэнтаваць не магу”.

Гэтаксама і адвакаты іншых арыштаваных не камэнтуюць зьвесткі пра справу аб замаху на кіраўніка Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку і намесьніка міністра падаткаў і збораў Васіля Каменку. Адвакат Аўтуховіча Павал Сапелка кажа, што паспрабуе гэта высьветліць заўтра падчас наведваньня свайго падабароннага — сёньня Сапелка наведаць Аўтуховіча ня змог, бо заняты на працэсе ў Віцебску.



Ці зьмянілася што ў лёсах Людмілы Парэмскай і Канстанціна Уланава, якіх затрымалі 7 ліпеня на падставе падазрэньняў у датычнасьці да справы Аўтуховіча? Крыніцы кажуць, што Парэмскую, дырэктарку ваўкавыскай фірмы “Ніка таксі 22222”, дзе працаваў да арышту Аўтуховіч, сёньня бачылі ў менскім сьледчым ізалятары. Аднак дзяжурны ізалятара зьвестак пра такую грамадзянку не дае.

У даведцы «Валадаркі» жонцы Ўланава Тацяне сказалі, што яго там няма. Між тым, раней ад адваката жанчына атрымала зьвесткі, што мужа зьбіраюцца перавесьці з спэцпрымальніка-разьмеркавальніка на Акрэсьціна ў ізалятар на Валадарскага й працягнуць тэрмін праверкі да 10 дзён. Кантактаваць з журналістамі адвакат адмаўляецца.

Тацяна Ўланава гэтак камэнтуе тое, што яе мужа падазраюць паводле гэтага артыкула:

“Быццам няма нам падставы і хвалявацца, бо ў чым яго можна падазраваць? У доме і на лецішчы нічога не знайшлі, ніякіх доказаў няма. Хіба што толькі нешта прыдумаюць”.

Адпачатку Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенку абвінавацілі ў падпале дома міліцыянта ў Ваўкавыску. Мікалай Аўтуховіч, як і ягоныя сябры, вінаватым сябе не прызнае.

З 16 красавіка прадпрымальнік трымае галадоўку. “Ён значна схуднеў, яму ставяць кропельніцу і прамываюць страўнік”, — 8 ліпеня паведаміла лекарка ізалятара пра стан здароўя Аўтуховіча.
Гэтая дыскусія закрытая.
     
Камэнтары
Імя:: Сяржук
09.07.2009 15:43
Аўтоховiч сапраўдны герой, сапраўдны беларус, зрабiўшы вялiкае, зрабiўшы выклiк злачыннаму рэжыму, зрабiўшы выклiк злачыннай сiстэме i асабiста Лукашэнку. За гэта яго Лукашэнка ненавiдзiць i будзе iмкнуцца зьнiшчыць.

Імя:: Сяржук
09.07.2009 18:09
"З Аўтуховiча РОБЯЦЬ тэрарыста"
Вярнiце папярэднюю назву!

Імя:: Валацуга Горад:: Смалявічы
09.07.2009 18:31
Не лічу, што Аўтуховіч - герой. Хутчэй, ён заложнік абставінаў, палітычнай ігры беларускага пірата ХХга стагоддзя А. Лукашэнкі. Трымайся, спадар Аўтуховіч! Чым болей працягваецца галадоўка, чым большы грамадскі рэзананс, тым большы будзе выкуп, тым болей атрымае ўлада дывідэндаў у перамовах з Эўропай!

Імя:: Кастусь
09.07.2009 19:21
Вось у мяне захавалася старая нататка газеты "Пагоня" за 2008 год, калі Аўтуховіч яшчэ быў на волі. Тыя хто ўважліва яе перачытаюць шмат зразумеюць:


-----
---
газета "Пагоня", 2008 год.

Мікалай Аўтуховіч: “Па-іншаму абурацца ніяк не магчыма”.

Нядаўні палітвязень, былы прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч распавёў карэспандэнту газеты "Пагоня", як ён ацэньвае акцыі пратэсту прадпрымальнікаў.

- Сёння прадпрымальнікі апынуліся ў такой жа сітуацыі, што і я ў 2002-2003 гадах, калі пачалі з’яўляцца указы аб прадпрымальніках, - кажа ён. – Недасканалыя указы, і на гэтай недасканаласці ўлада “іграла” і “іграе” зараз. Мы тады першымі пачалі абурацца нелагічнасцю дакументаў, казалі, што гэтыя указы пагаршаюць умовы жыцця людзей. Я даказваў, што дзяржава губляе пры гэтым, але мяне не толькі не хацелі слухаць, а нават пасадзілі за краты. Тое самае зараз кажуць і сёняшнія прадпрымальнікі. І я хачу сказаць, што ўсіх не перасаджаюць. Трэба толькі не адступацца, бо па-іншаму абурацца ніяк не магчыма.

Алесь Заблоцкі, газета "Пагоня", 2008 год,
pahonia.promedia.by
---
-----


Вось перачытайце гэтую нататку за 2008 год, і тады ў матывах лукашысцкай улады шмат што зробіцца болей зразумелым.

Імя:: zhorau
09.07.2009 22:12
http://community.livejournal.com/my_dapamozham/

Імя:: Гамяльчук Горад:: Гомель
10.07.2009 13:41
А спадар Мілінкевіч усё яшчэ не лічыць М.Аўтуховіча палітычным зняволеным і чакае суда, каб усё зразумець?

Імя:: Витязь
11.07.2009 01:25
А Милинкевич вообще поджал хвост. Не видно и не слышно товарища.
     
Апублікуй у LiveJournal:
ПАМЕР ШРЫФТУ - +
Мікалай Аўтуховіч
нарадзіўся 7 студзеня 1963 г. у Ваўкавыску. Пасьля школы закончыў СПТВ-37 у суседняй Вялікай Бераставіцы, стаў мэханікам па рамонце аўтамабіляў. У 1981 годзе яго забралі ў армію, служыў кіроўцам у ракетных войсках стратэгічнага прызначэньня ў Саратаўскай вобласьці Расеі. Пазьней закончыў школу прапаршчыкаў, папрасіўся служыць у Аўганістан. За ахову мосту пад Кандагарам, ды ўдзел у іншых апэрацыях узнагароджаны ордэнам Чырвонай зоркі, двума мэдалямі — “За адвагу” і “За баявыя заслугі”. Звольніўся з арміі ў 1991 годзе ў званьні старшага прапаршчыка, стаў займацца бізнэсам.

Увосень 2003 году больш за два тыдні трымаў галадоўку супраць таго, што падатковая служба арыштавала таксоўкі, а міністэрства транспарту прыпыніла дзеяньне ліцэнзіі на пасажырскія таксаперавозкі ягонай фірме. Да яго далучыліся кіроўцы і дыспэтчары, усяго галадалі больш за 30 чалавек.

Вясной 2005 году 31 дзень трымаў галадоўку супраць арышту аўтамабіляў і блякаваньня рахунку фірмы. Разам зь ім трымалі галадоўку болей за 35 чалавек.

Быў аршытаваны 14 кастрычніка 2005 г., зь першага дня арышту 74 дні трымаў галадоўку. Быў асуджаны 7 ліпеня 2006 г. на тры гады і шэсьць месяцаў з канфіскацыяй маёмасьці за ухіленьне ад выплаты падаткаў і за ажыцьцяўленьне прадпрымальніцкай дзейнасьці без рэгістрацыі і атрыманьня ліцэнзіі. 18 студзеня 2008-га яму замянілі зьняволеньне на папраўчыя работы па месцы жыхарства.

Зноў быў арыштаваны 8 лютага 2009 г. Яму выставілі абвінавачаньне ў падпале дома міліцыянта ў 2005 годзе. Між тым за гэтае злачынства ўжо адбыў пакараньне іншы чалавек, а сам пацярпелы ня мае да Аўтуховіча прэтэнзій. Таксама яго падазраюць у захоўваньні зброі. Ад 16 красавіка да 16 ліпеня Мікалай Аўтуховіч трымаў галадоўку пратэсту супраць зацягваньня ягонай справы і патрабаваньнем, каб яе або перадалі ў суд, або вызвалілі яго й ягоных сяброў.

З 4 да 15 траўня галадоўку салідарнасьці з ваўкавыскімі вязьнямі трымалі моладзевыя актывісты.

Прадукты і паслугі:

ПадкастRSSMobile