«АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ» — летні праект сайту «Свабоды», аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогафэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень.
На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе
_extraneus_.
ФАЙНА БЕЛАРУСЬ
Прамінулыя дні шмат каго пасьпелі дастаць бразгатам зброяй, фанфаронскімі прамовамі, псэўдапатрыятычнай мішурой ды ўсюдыіснымі кічам і лубком. Так што лёгка было паверыць, нібыта іншай рэальнасьці тут-і-цяпер не існуе.
На гэтым фоне фотарасповед ад
palasatka пра вясковага музыку-самародка з Глыбоччыны — як паветра глыток:

«Генэтычна» фотасюжэт як быццам бы роднасны плякатам «ЗА самабытную Беларусь», але рэалізаваны на дзіва густоўна, арганічна і нелубкова. Нам такі хакей патрэбны!
Пабачыць астатнія фота, а заадно пазайздросьціць уменьню абыходжаньня з камэрай можна
тут.
ЛІСТЫ З-ПАД ТРОНУ
Аляксандар Фядута, якога нават няёмка прадстаўляць як блогера, атрымаў з варшаўскай Бібліятэкі Нарадовай мікрафільмы старых рукапісаў, у адным зь якіх — дзёньніку невядомага магілёўскага вязьня 1863 г. — знайшоў наступную карцінку:

«Мяркуючы па ўсім, — піша ў сваім блогу
feduta —
гэта замалёўка з праўладнай улёткі, адрасаванай беларускаму мужыку. Подпіс на беларускай кірыліцы:
Звяжы пана — грошы будуць!
Зьміцер, які ў архіўнай справе цяміць, сьцьвярджае, што гэта першы вядомы яму факт, калі ПРАЎРАДАВАЯ ўлётка, зьвернутая да сялянаў, напісана на БЕЛАРУСКАЙ мове».ФАШЫ ў ГОРАДЗЕ
Гэта стары зануда Канфуцый не любіў пераменаў. Дзівак-чалавек — хіба цікава марынавацца ў застойнай вадзе і дыхаць затхлым паветрам?
Нам жа пашчасьціла жыць у часіны, калі магчымае тое, што здавалася абсалютна неверагодным шчэ зусім нядаўна; у краіне, дзе справы часьцяком прымаюць надзвычай нечаканы абарот.
Блогер
fat1901 дзеліцца сваімі ўражаньнямі ад такой вось неспадзяванкі:
«Учора ехаў па сваім горадзе і ўбачыў пешага фрыца. Так-так! Гэта быў самы сапраўдны фашык у форме, хіба што бяз зброі. Пілётку ён нёс у руцэ, рэмень боўтаўся, як у дэмбеля. Падазраю, што хлопец удзельнічаў у сьвяточным мерапрыемстве на якой-небудзь лініі Сталіна.
Ну, думаю, зараз мясцовыя гопары наваляюць яму трындзюлей...
Як жа я зьдзівіўся, калі, едучы праз паўгадзіны па той жа вуліцы, заўважаю, што «фашык» мірна расьпівае мясцовую гарэлку зь мясцовай кампаніяй.
Як жа хутка мяняецца мэнталітэт пакаленьняў:)»з камэнтароў:
«чытаючы пачатак, таксама быў упэўнены, што так проста ён ня дойдзе»
«гадоў 10 таму было б усё зусім іначай, але ці радасьць гэта... ня ведаю»
«А што было б?»
«пабілі б твар, але ня думаю, што тады ён дадумаўся б ісьці ў форме праз горад... у нашай школе, якраз недзе гадоў 10 таму, проста пабілі немцаў, якія прыехалі па абмене, менавіта з-за таго, што «яны дзеда забілі»Дарэчы, зусім нядаўна мы маглі бачыць у дзёньніку
sarah-konnor фота на тую ж тэматыку:

Так, мэнталітэт зьмяняецца. Як і ў які бок — іншае пытаньне. Але сёньня шараговы немец можа ехаць да нас у госьці, не баючыся, што зь яго спытаюць «за дзеда». І хто скажа, што гэта кепска? Канфуцый?
КАРЦІНКА МАСЛАМ
Блогерка
niadbaj запосьціла вусьцішную і адначасова сьмешную гісторыю, у якой чытачам адразу пабачылася клясычная гарадзкая легенда:
«П. паходзіць зь беларуска-літоўскага памежжа. Там, у вёсцы, у П.-вых знаёмых сваякі жывуць у Літве, і, як і шмат хто зь літоўцаў, цяпер езьдзяць па прадукты ў Польшчу, бо так таньней. І вось аднойчы 85-гадовая цешча захацела паехаць таксама зь імі — паглядзець на Польшчу. Ну, селі, паехалі. На польскай тэрыторыі цешча памерла. Сваякі, спрабуючы ўнікнуць цягамотных і, відаць, нятанных працэдураў з афіцыйным перавозам нябожчыцы з Польшчы назад у Літву, пасадзілі цела ў машыну — нібыта сьпіць цешча — і павезьлі так: як такога, памежнага кантролю ў Шэнгене ўсё адно няма. Заехалі па дарозе на запраўку, пайшлі ў кавярню чаго зьесьці, а за гэты час машыну скралі. Зь целам цешчы. І дагэтуль не знайшлі ані цела, ані машыны.
Вось жа — і на пахаваньні ашчадзілі адным махам».ЁСЬЦЬ ТАКАЯ ТЭМА
А яшчэ на днях у адным зь менскіх клюбаў прайшоў конкурс «Міс бюст 2009». Здавалася б, чаму згадка
head_of_babulka пра гэтую падзею апынулася ў суполцы
by_trash? Але пры бліжэйшым разглядзе высьветлілася, што шоў і праўда выйшла, шчыра кажучы, на аматара:
Застаецца адно толькі — пажадаць чытачам добрай ночы і салодкіх сноў, а на сёньня — баста.