пятніца, 10 лютага 2012, Менск 01:35

Грамадзтва

Да Лукашэнкі парадаў 3 ліпеня не было

Як адзначалі ў Беларусі дзень 3-га ліпеня да таго, як Беларусь стала незалежнай дзяржавай? Наш карэспандэнт пагартаў падшыўкі старых савецкіх газэт.

Матэрыялы сьвяточнага нумару «Звязды» ў 1969-м годзе суправаджае абавязковае для тых часоў панарамнае фота прэзыдыюму ўрачыстага сходу.
x
Матэрыялы сьвяточнага нумару «Звязды» ў 1969-м годзе суправаджае абавязковае для тых часоў панарамнае фота прэзыдыюму ўрачыстага сходу.
ПАМЕР ШРЫФТУ - +
Агульнае ўражаньне такое — з кожным годам сьвята падаецца ўсё больш пампэзна. Калі адзначалі 25 і 50-годзьдзе, вайсковых парадаў не было наагул.
3 ліпеня 1969-га сьвяточны нумар «Звязды» выйшаў разам з ваеннай газэтай «Во славу Родины»
Але былі вялікія шэсьці вэтэранаў-пераможцаў з мноствам кветак і натоўпамі дзяцей з бацькамі на ходніках.

“Цьвіці, наш край, Беларусь родная!” — такія словы падала газэта “Звязда” 5 ліпеня 1969 году перад рэпартажам з урачыстага сходу, прысьвечанага 25-м угодкам вызваленьня, і выступам на ім тагачаснага першага сакратара ЦК КПБ Пятра Машэрава. А матэрыялы сьвяточнага нумару суправаджае абавязковае для тых часоў панарамнае фота прэзыдыюму ўрачыстага сходу.

У 2004 годзе ўсё выглядае інакш. Нумар той жа “Звязды” адкрыўся “шапкай” — “60 гадоў пад мірным небам!” і выступам, таксама на ўрачыстым сходзе, Аляксандра Лукашэнкі. Замест калектыўнага здымку на першай старонцы Аляксандар Лукашэнка, які вітаецца з вэтэранамі. Ён жа і на другой старонцы — выступае на ўрачыстым сходзе ў Палацы Рэспублікі. У нумары шмат здымкаў з вайсковага параду, чаго не было раней.

Аляксандар Класкоўскі, які працаваў галоўным рэдактарам газэты “Знамя юності”, кажа: праз такое параўнаньне добра праглядаецца эвалюцыя ўлады.

Замест калектыўнага здымку на першай старонцы Аляксандар Лукашэнка, які вітаецца з вэтэранамі.
На 2-й старонцы — таксама Лукашэнка.
У нумары шмат здымкаў з вайсковага параду, чаго не было раней.
“Машэраў быў адным з герояў партызанскага руху. І хоць там было шмат міталёгіі, гэты чалавек увасабляў асабісты ўнёсак у перамогу над фашызмам, у вызваленьне рэспублікі.

Што тычыцца найноўшай гісторыі Беларусі, то мы бачым тэндэнцыю ўмацаваньня менавіта пэрсаналізацыі рэжыму. Усе дасягненьні праецыруюцца на аднаго чалавека — кіраўніка дзяржавы. Зьмянілася нават сама рыторыка. Перамога старэйшых пакаленьняў прысабечваецца бюракратычным кланам: мы перамаглі фашызм, Захад павінен за гэта нам кланяцца. Вось такі гучыць рэфрэн“.

Колішні галоўны рэдактар “Народнай газэты” Мікалай Галко адзначае:

“Асаблівасьць афіцыйнай “Звязды”, хаця, на мой погляд, яна найлепшая з афіцыйных выданьняў, праяўляецца ў адсутнасьці праўды і шчырасьці. Я перакананы, што ў “Звяздзе”, дый у іншых афіцыйных выданьнях, было нямала і зараз ёсьць прыстойных, сумленных журналістаў. Але яны вымушаны выконваць каманды, якія паступаюць зьверху. У часы Машэрава “Звязда” шчыра асьвятляла вялікую падзею — вызваленьне сталіцы Беларусі ад гітлераўцаў.

А цяпер на гэты дзень 3-га ліпеня нагрувасьцілі шэраг дат. І атрымалася так, што не засталося ніводнай сапраўднай. Афіцыйныя выданьні цяпер так аздабляюць свае сьвяточныя старонкі, што нібыта ініцыятарам вызваленьня стаў цяперашні кіруючы рэжым. Бо ніводная афіцыйная газэта ня піша пра сапраўднае жыцьцё вэтэрана-пераможцы, хаця ўзровень ягонага жыцьця адрозьніваецца ў горшы бок ад вэтэрана пераможанай арміі. А сьвята на старонцы афіцыйных газэт падаецца ў маршавым тэмпе — толькі літаўры, толькі барабаны, толькі воклічы: “Мы — перамаглі!” Хаця сапраўднае жыцьцё цячэ неяк інакш”.
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Сямён Горад:: Слонім
02.07.2009 19:18
Дзякуй Мікалаю Галко за напамін. Сапраўды "Звязда" была калісьці Газетай. У пачатку 90-х яна выкарыстоўвала імідж і запас даверу, створаны мінулымі рэдактарамі. Але з прыходам Наркевіча ўсё было парастрачана. Зараз яе ў рукі брыдка ўзяць. Ніхто столькі не зрабіў супраць беларушчыны, як ён.

Імя:: памятаем!
02.07.2009 20:05
Хай бы Галко прыгадаў, як Лукашэнка звольніў з парушэньнем заканадаўства Сярэдзіча з пасады рэдактара "Народнай газэты" і прызначыў Галко. І як Галко потым імгненна пераўтварыў "Народную гезету" у рупар адміністрацыі прэзыдэнта. Як там цкавалі БНФ і Быкава.

Імя:: Ігар
02.07.2009 21:38
Пры чым тут зьвязда і наркевіч -- на мой погляд, дарэчы,самы прыстойны з афіцыйных рэдактараў і напэўна самы беларускі . Справа ў стварэньні новага міфа за вялізны кошт - наш з вамі.

Імя:: Сямён Горад:: Слонім
02.07.2009 23:38
Мне, далёкаму ад сталіцы, здаецца, што не Галко звальняў Сярэдзіча. Дарэчы, Іосіф няблага жыве пры ўсіх уладах. Хаця рупарам адміністрацыі прэзідэнта газету зрабіў менавіта ён. Каб сцвярджаць гэта нават не трэба ехаць у архівы. "Народная воля" таксама сёння ёсць воля аднаго Сярэдзіча.
Ігару:
Я проста сказаў за газету "Звязда". Калі ўжо казаць пра "прыстойнасць" рэдактараў, то яна павінна вымярацца справай, а не тым, як чалавек жыве з жонкай, ці спажывае алкаголь, ці смаліць. Добра ведаю аднаго журналіста, які яшчэ нядаўна працаваў у гэтай газеце. Кажа: "Наркевіч увесь час насаджае міф, што каб не ён - газету даўно закрылі б". А я думаю: хай бы і закрылі лепей, чым распаўсюджваць няпраўду, што беларускамоўная прэса жыве і квітнее. Калі ўжо рэдактар і яго газета такія годныя, то хай бы калі выступілі ў абарону мовы. Не, не выступяць, бо свая кашуля бліжэй да цела. Ды і мовы ў газеце даўно няма. Наркевіч былы ЦКовец, ён ведае, што нос не трэба высоўваць да пары. А вось падзьме вецер пераменаў - і з'явіцца змагаром. Прыкра.
З тых былых - паважаю Асінскага.Сямашка, здаецца, неблагі быў рэдактар, Галко, канешне, Класкоўскі. У людзей праглядалася хоць якая асабістая пазіцыя.
Мне проста цяжка ўявіць, каб Наркевіч выдаваў, скажам, газету "Новы час" ці "Свабодныя новості". Што б гэта былі за газеты?!!!
Але, ну што там. Хай жыве, працуе. Толькі без міфа.

Імя:: не ведаю, чаму, але напісала...
03.07.2009 10:04
Насамрэч мы штодзённа робім выбар. Кожны з нас і кожны штодзенна. Што кіруе тымі людзьмі, якія паступова зыходзяць у зону хлусні і яе распаўсюду? Кажуць-сям'я, дзеці...Алеж гэта малая праўда. На першым пляне свае уласнае нежаданне адстойваць праўду і справядлівасьць, заставацца з чыстым сумленнем.Іначай кажучы не хапае уласнай перакананасьці, волі, сілы духу. Іх не асягнеш, пакуль не зразумееш, што над кожным з нас чувае Бог, ён нас любіць і карае за нашыя правіны як дязцей...азірніцеся, як кожны з тых, хто церпіць ад рэжыму і змагаецца з ім атрымоўвае моц духу...Таму, ўжо даруйце мне гэты успамін пра Бога, але заўжды лічыла і лічу, Беларусы церпяць толькі з за таго, што адмаўляюцца Бога. Не вераць, не ускладаюць надзею на яго...трэба нам распачаць агульную жывую малітву за свае нацыянальныя грахі, прабачыць ворагам нашым і асягнуць мэты-шчаслівая Беларусь -Беларусь для Бога.