«АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ» — летні праект сайту «Свабоды», аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогафэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень.На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе
Lionellia.
КОШТ АДЗІНОТЫ
Быць адзінокім чалавекам ня толькі сумна і нецікава, але і нямодна. Пра гэта нам гаворыць усё. Пачынаючы ад «сьвята» ўсіх закаханых, што ладзіцца 14 лютага, і заканчваючы рознымі абсурднымі сытуацыямі вакол. Нешта падобнае адчуў блогер
antonslavin, калі вырашыў наведаць кінатэатар «Беларусь» без кампаніі. У касе квіткоў не было, а перакупы адмаўляліся прадаваць адзіночны пропуск у непаўторны сьвет кіно. Здавалася б, чалавек і ня супраць пераплаціць, але і тут намёк: маўляў, у адзіноце ў кінатэатар ня ходзяць, парныя квіткі не разьбіваем.
Добрая дыскусія з гэтай нагоды разгарнулася ў кам’юніці
minsk_by. Нехта расказвае пра тое, што ў такіх выпадках ідуць у менш круты кінатэатар, нехта спрабуе абурацца. Відавочна, што беларусы і «мусіць, так трэба» — гэта адно цэлае. Насамрэч, мусіць, так і трэба, што нехта перапрадае табе квіткі проста перад кінатэатрам ды яшчэ й адчувае сябе богам: не, пацан, сёньня кіно ты будзеш глядзець у «Бярэсьці».
КРУТА ТРАПІЎ ТЫ НА TV
Калі раптам цябе запрашаюць на тэлебачаньне, то хочацца верыць у тое, што там працуюць людзі, якія ў сваёй справе прафэсіяналы. Камэры не баяцца, могуць дапамагчы накіраваць размову ў патрэбны бок і ўсё такое. Сваімі ўражаньнямі ад удзелу ў адной з праграмаў на беларускім тэлебачаньні дзеліцца
annahonda:
— Дарэчы, запрасілі мяне распавесьці, што варта пачытаць, а насамрэч давялося адказваць на пытаньне: «а чаго гэта вы гаворыце ў Беларусі па-беларуску?» Можаце ўявіць, зь якім настроем я там сядзела... І хоць вядучая і сказала мне «дзякуй» на разьвітаньне, было шалёнае ўражаньне, што сваёй белмовай я проста сапсавала чалавеку жыцьцё.
Самае забаўнае, што бяру ўдзел толькі ў «культурных праектах». І тыя вядоўцы, якія вымушаны са мной гаварыць, самыя інтэлектуальныя і культурна-дасьведчаныя на БТ... А ўражаньне, быццам бы яны з Вэнэры, а я — з Марсу. Паралельнае чалавецтва.
СЬВЕТАЎСПРЫМАНЬНЕ
Паэт Віталь Рыжкоў радуе час ад часу чытачоў публікацыямі вершаў у сваім блогу. Гэтым разам
ryzhkou разьмясьціў іранічны верш пра тое, як мы ўсе ўмеем па-рознаму ўспрымаць рэчаіснасьць. Спраектаваў сытуацыю на сябе і сябра. Думаю, што дзякуючы такому вершу можна пратэсьціць самога сабе: душа схільная больш да паэтычнага ўспрыманьня навакольля ці празаічнага? Проста ўзгадваем дзяцінства і тое, пра што мы думалі тады, калі глядзелі на самалёты.
| | Паша Касьцюкевіч у дзяцінстве думаў, што самалёты маюць чароўнае паліва — якое з аблокаў, а я проста падскокваў высока, крычаў «Самалёёёёт!» і хацеў паляцець усьлед. Касьцюкевіч — цяпер празаік, а я — паэт. |
Дарэчы, ужо можна назіраць за тым, як іншыя блогеры пачынаюць праходзіць дадзены тэст. Чытаем у
adamovitch’а:
| | У дзяцінстве, калі я бачыў самалёт, я зьбіраў усіх у кола, казаў: — Браты, ён паляцеў ня ў той бок! Дык чаму я цяпер не прарок? |
МАРКЕТЫНГ
У камэнтарах да допісу
katechizis’а, дзе той зьмясьціў фотаздымак адной з кавярняў Менску й напісаў «Няўжо беларускі бізнэс засвоіў такое слова, як „маркетынг“ o_O», блогеры не на жарт разышліся: ці правільна аўтар ужыў тут тэрмін «маркетынг»?
Пакуль усе гугляць слова «маркетынг», я адзначу, што як на мяне, то як ты ні называй тую ці іншую зьяву, але галоўнае — вынік. А вынік станоўчы. Кавярня цікавая.

ВАНДРОЎКІ
Сёньня зноў зьвярнуся да тых, хто сядзіць у офісе і хоча апынуцца дзе-небудзь у іншым месцы. Прапаную для сёньняшняй віртуальнай экскурсіі абраць горад Страсбург. Гідам-экскурсаводам будзе блогер
andorac.
— Зьбіраючыся ў Страсбург, я не чакаў, што гэты горад так западзе мне ў душу. У Страсбург немагчыма не закахацца. Ужо хаця б за той ліпавы пах, які настолькі роўна і прапарцыйна разьліваецца па горадзе. Чаму ў Менску так мала ліпаў? Чаму ў Менску няма зялёнай падстрыжанай траўкі між рэльсамі трамвайных шляхоў?