пятніца, 10 лютага 2012, Менск 06:02

Палітыка

Славянскі вэктар Беларусі — з Расеі на Ўкраіну?

Сёньня пачаўся афіцыйны візыт у Беларусь парлямэнцкай дэлегацыі Ўкраіны на чале са сьпікерам Вярхоўнай Рады Ўладзімерам Літвіным. 29 чэрвеня адбыліся сустрэчы з кіраўнікамі Савету Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў, а 30 чэрвеня Літвін правядзе перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Уладзімер Літвін
x
Уладзімер Літвін
ПАМЕР ШРЫФТУ - +
У рангу сьпікера Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ўладзімер Літвін наведваў Беларусь у 2003 годзе. Аднак ужо праз год міжпарлямэнцкае супрацоўніцтва было “замарожана” — падчас прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне перамаглі “аранжавыя” прыхільнікі Віктара Юшчанкі, і Літвін у гэтай сытуацыі заняў хутчэй цэнтрысцкую пазыцыю.

Напярэдадні сёньняшняга прыезду ў Беларусь Літвін заявіў, што ягоная паездка перасьледуе шэраг мэтаў. У прыватнасьці, гэта спрыяньне нарошчваньню тавараабароту паміж дзьвюма краінамі, спрашчэньне працэдураў пры перамяшчэньні грамадзянаў, тавараў і капіталаў, а таксама навуковае і культурнае супрацоўніцтва:

“Наладжваньне сыстэмных кантактаў на ўзроўні парлямэнтаў дазволіць мець завершаную сыстэму ўзаемаадносінаў, паколькі тон у гэтай працы задаюць прэзыдэнты. Іхныя сустрэчы, дамоўленасьці ідуць імпульсам на ўрады, але пакуль што ў гэтай працы ў меншай ступені былі задзейнічаныя парлямэнты. І я перакананы: нам трэба зьліквідаваць гэты прабел. Асабліва сёньня, бо да гэтага нас падштурхоўваюць крызісныя зьявы… Мы мусім як мага хутчэй закрыць пытаньне афармленьня межаў, трэба знайсьці агульную пазыцыю ў справе ўзгадненьня некаторых дыскусійных момантаў. Але мы павінны прыняць рашэньне аб тым, каб нашы людзі маглі свабодна перасоўвацца”.

Беларуска-ўкраінскія адносіны цягам апошніх гадоў зазналі істотны спад. Аляксандар Лукашэнка не хаваў свайго адмоўнага стаўленьня да праэўрапейскай арыентацыі афіцыйнага Кіева, толькі сёлета пачаўшы кантактаваць са сваім “аранжавым” калегам — Віктарам Юшчанкам. Пасьля сустрэчаў прэзыдэнтаў у Чарнігаве і Гомелі, у сярэдзіне чэрвеня Юшчанка прыняў у Кіеве прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага. Тады было абвешчана: за мінулы год таваразварот паміж краінамі перавысіў рэкордную адзнаку ў 5 мільярдаў даляраў і ёсьць магчымасьць тэмпы нарошчваць.

Сябра Палітычнай рады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфер лічыць, што новы імпульс беларуска-ўкраінскім адносінам у немалой ступені далі складанасьці на “ўсходнім фронце”. Абвастрэньне супярэчнасьцяў паміж Менскам і Масквой падчас так званай “малочнай вайны” прымусіла беларускіх вытворцаў пільней глядзець у бок паўднёвага суседа:

“Збліжэньне з Украінай — доўгатэрміновая стратэгія для Беларусі. Раней гэтая стратэгія не магла рэалізавацца, бо Беларусь была арыентаваная на цесную інтэграцыю з Расеяй. Астатнія напрамкі разглядаліся як не асноўныя, часовыя. Цяпер у кіраўніцтва Беларусі ёсьць разуменьне: краіна можа разьвівацца толькі ў тым выпадку, калі будзе ўсталёўваць добрыя адносіны з усімі дзяржавамі, і ў першую чаргу — з суседзямі. Што тычыцца Ўкраіны, то ёсьць шмат пытаньняў з шэрагу сумесных. Перадусім — пытаньні, зьвязаныя з транзытам нафты і газу праз тэрыторыю Беларусі, пастаўкі электраэнэргіі, а таксама моманты, зьвязаныя зь межамі. Сёньняшні кірунак дзейнасьці беларускіх уладаў, якія нацэленыя на супрацу ня толькі з Расеяй, але і зь іншымі краінамі, стаў нагодай для больш цесных узаемасувязяў з Украінай”.

Экспэрт у беларуска-ўкраінскіх адносінах Станіслаў Гусак перакананы, што Беларусі ёсьць чаму павучыцца ва Ўкраіны — асабліва на тле абвешчанага афіцыйным Менскам жаданьня рухацца ў бок Эўразьвязу. Дый Ўладзімер Літвін у гэтым зьвязку заявіў: падтрымліваючы адзін аднаго ў рамках праграмы “Ўсходняе партнэрства”, Беларусь і Ўкраіна павінны дамагчыся значна большых посьпехаў, у тым ліку ў пляне фінансаваньня, чым паасобку:

“Лукашэнка нарэшце зразумеў, што трэба мець добрыя стасункі ня толькі з Расеяй. Ён ужо сам прызнаў: 50% таваразвароту прыпадае сёньня на краіны Захаду. Адпаведна, і з Украінай пашыраюцца адносіны эканамічныя. Таму і актывізаваліся падобнага кшталту перамовы. Варта ўзгадаць, што за апошні час Лукашэнка і Юшчанка сустракаліся двойчы — у Чарнігаве і потым у Гомелі. Мяркую, што бакам насамрэч ёсьць што абмеркаваць”.

Карэспандэнт: “То бок дывэрсыфікацыя адносінаў у любым разе карысная?”

“Вядома, карысная, асабліва для Беларусі. Тым больш што сёньня беларусам аб’ектыўна ёсьць чаму павучыцца ва Ўкраіны. Ва Ўкраіне і тэлебачаньне зусім іншае, і адносіны паміж уладай і народам прынцыпова іншыя. Той, хто бываў ва Ўкраіне, на свае вочы бачыў моцны прарыў дзяржавы ў дэмакратычнай пабудове грамадзтва. У іх ёсьць іншыя цяжкія праблемы, але мяркую, што з часам гэта ўсё пройдзе. Гэтым трэба проста перахварэць”.

Па дарозе дадому ў Кіеў дэпутаты Вярхоўнай Рады Ўкраіны наведаюць Гомельскі палацава-паркавы ансамбль Румянцавых-Паскевічаў.
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Димыч
29.06.2009 18:06
Станислав Гусак,этнический ураинец, живущий в Минске,, член БНФ, эксперт скорее в области энергетики, но никак не в области белорусско-украинских отношений. На роль эксперта отношений Украина-Беларусь он просто не тянет в силу своего образования (энергетика) и рода деятельности (ремонтные работы в энергетике, ООО).

Імя:: Diadka
30.06.2009 01:02
Толькі што вярнуўся з Украіны, дзе правеў 2 тыдні ў Чарнігаве, Кіеве і Крыме. Дык вось, нямы там аніякай дэмакрыті. Украіна ад дэмакратыі значна далей чым Беларусь. Усе зверху да нізу скуплена алігархічнымі групоўкамі: няма там ні незалежных судоў, ні вольнай прэсы, ні палітычнага плюалізму, ні падкантрольнай народу ўлады. Найбольш вядомыя палітыкі адкрыта кажуць пра магчымасць нават тэрытарыяльнага распаду дзяржавы. Аранжавыя, якія спачатку сапраўды падабаліся і на "дэмакратычнасць" якіх шмат хто тады купіўся, насамрэч не дэмакраты, а беспрынцыповыя анархісты і прадажна злачынныя прыслугачы алігархаў. Менавіта яны сваей "палітыкай" скампраметавалі саму ідэю дэмакратыі. Апошнія гады палітычнага маразму ва Ўкраіне - яскравы прыклад таго, што можа стацца з дзяржавай, калі да ўлады прыходзяць безадказныя ды безпрынцыпныя тусоўшчыкі, выкармленыя заходнімі фондамі. Яны могуць толькі крычаць аб дэмакратыі ды красці, але цалкам няздольныя кіраваць ды навогул адказна рабіць сур'езныя справы на карысць свайму народу.
Беларусі сапраўды трэба вучыцца дэмакратыі (як і ўсім краінам свету), але браць прыклад з сеняшняй Украіны - ня варта