Партыя свабоды й прагрэсу будзе судзіцца зь Мінюстам
Аргкамітэт па стварэньні Партыі свабоды й прагрэсу абскардзіць у Вярхоўным судзе Беларусі пастанову Міністэрства юстыцыі аб адмове рэгістраваць партыю. Такое рашэньне прынятае ў нядзелю на пасяджэньні камітэту ў Магілёве.
Паводле яго старшыні
Ўладзімера Навасяда, цягам бліжэйшага месяца будуць падрыхтаваныя неабходныя дакумэнты ў суд.
“На судзе мы будзем абскарджваць ня толькі пастанову Міністэрства юстыцыі, але й дамагацца, каб суд даў ацэнку дзеяньням супрацоўнікаў структураў, якія парушалі канстытуцыйнае права нашых актывістаў на ўдзел у стварэньні грамадзкіх і палітычных арганізацыяў. Прыкладна да траціны заснавальнікаў партыі наведваліся па месцы іх працы й вучобы супрацоўнікі сілавых структураў і высьвятлялі, чаму яны вырашылі стаць заснавальнікамі палітычнай арганізацыі.
Паўтысячы заснавальнікаў атрымалі па пошце анкеты зь Міністэрства юстыцыі і абласных управаў юстыцыі. У іх былі пазначаныя паўдзясяткі пытаньняў адносна ўдзелу актывіста ў стварэньні арганізацыі. На пытаньні трэба было адказаць, анкету падпісаць і адправіць назад у Міністэрства. Я дужа сумняваюся, што такія мэтады працы законныя. Гэтую законнасьць мы і будзем высьвятляць у судовым парадку”, – паведаміў “свабодзе” Ўладзімер Навасяд.
Па фактах сустрэчаў супрацоўнікаў сілавых структураў з заснавальнікамі партыі, яе кіраўніцтва накіравала скаргі ў Міністэрства юстыцыі і абласныя ўправы юстыцыі. Паводле Ўладзімера Навасяда, у адказах зь Мінюсту гаворыцца, што парушэньняў заканадаўства ня выяўлена.
Міністэрства юстыцыі не зарэгістравала партыю, бо нібыта выявіла несапраўдныя зьвесткі ў значнай колькасьці заснавальнікаў.
Партыя свабоды й прагрэсу рэгіструецца ад 2003 году. Апошні чацьвёрты ўстаноўчы сход адбыўся ў Магілёве 18 красавіка. 17 траўня ў Міністэрства юстыцыі Беларусі былі пададзеныя партыйныя рэгістрацыйныя дакумэнты. Заснавальнікамі партыі выступілі 1011 чалавек. Для рэгістрацыі партыі патрабуецца адна тысяча. Міністэрства юстыцыі сваё рашэньне аб адмове рэгістраваць партыі прыняло 15 чэрвеня.