Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курапацкія вандалы амніставаныя


30 траўня амніставаныя двое менчукоў, абвінавачаных ў зьнішчэньні памятных крыжоў у Курапатах, паведаміў БелаПАН сьледчы Менскага РУУС Сяргей Булко.

11 лістапада 2008 года Бараўлянскім аддзелам УУС Менскага райвыканкаму была заведзеная крымінальная справа па частцы 2 артыкула 346 Крымінальнага кодэкса (зьнявага гісторыка-культурных каштоўнасцяў) у дачыненьні да двух непаўналетніх жыхароў Менска, затрыманых 1 лістапада 2008 года на тэрыторыі Курапатаў.

Іх падазравалі ў зьнішчэньні памятных крыжоў.

11 студзеня 2009 года сьледчы Бараўлянскага аддзела Мінскага РУУС Алена Хільчук спыніла крымінальны перасьлед падазроных, матывуючы сваё рашэньне тым, што доказаў, атрыманых падчас расьсьледаваньня, недастаткова для перадачы справы ў суд і прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці маладых людзей — навучэнцаў школы і прафтэхвучылішча.

У канцы студзеня намесьнік пракурора Менскага раёна Эрнэст Кайро прызнаў "незаконным і неабгрунтаваным" рашэньне Хільчук аб спыненьні крымінальнага перасьледу маладых людзей, а таксама аб прыпыненьні папярэдняга расьсьледаваньня па крымінальнай справе з-за таго, што не ўстаноўленая асоба, якая падлягае прыцягненьню да адказнасьці ў якасьці абвінавачанай. 29 студзеня крымінальная справа была накіраваная ў Менскі РУУС для дадатковага расьсьледаваньня. З 28 лютага справу вёў сьледчы С.Булко.

Паводле ягоных слоў, паколькі зьнішчаныя памятныя крыжы не зьяўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасьцямі, крымінальная справа была перакваліфікаваная і 27 мая маладым людзям было прад'яўлена абвінавачаньне па частцы 2 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (злоснае хуліганства), якая прадугледжвае арышт на тэрмін ад трох да шасьці месяцаў, або абмежаваньне волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленьне волі на тэрмін ад аднаго года да шасьці гадоў. Упершыню за многія гады сьледзтва прад'явіла абвінавачаньне канкрэтным асобам, якія падазраюцца ва ўчыненьні актаў вандалізму ў Курапатах.

Як зазначыў С.Булко, 30 мая пракуратура Мінскага раёна зацьвердзіла яго пастанову аб амніставаньні абвінавачаных, якія далі згоду на такі зыход справы. Паводле іх слоў, гэтая мера была ўжытая ў адпаведнасьці з нядаўнім законам аб амністыі ў сувязі з 65-годдзем вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, бо маладыя людзі ў час учыненьня злачынства былі непаўналетнімі, а артыкул, па якім яны абвінавачваліся, падпадаў пад палажэньні закона аб амністыі.

Цяпер па фактах вандалізму ў Курапатах расьсьледуюцца яшчэ дзьве крымінальных справы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG