пятніца, 10 лютага 2012, Менск 10:53

Эканоміка

У менскіх абменьніках перабоі з валютай

У абменных пунктах Менску ізноў падвышаны попыт на валюту. Узьніклі перабоі з далярамі, эўра, а таксама нацыянальнымі валютамі іншых краін.

ПАМЕР ШРЫФТУ - +
Менчукі заяўляюць, што баяцца зьніжэньня курсу беларускага рубля.

Каля абменных пунктаў час ад часу ўзьнікаюць вялікія чэргі. Людзі часта падыходзяць, цікавяцца курсам абмену валюты, яе наяўнасьцю. Гутару з наведнікамі “Абсалютбанку”, абменны пункт якога на праспэкце Незалежнасьці:

Карэспандэнтка: “Вы здавалі ці набывалі валюту?”

Спадарыня: “Увогуле, я пазаўчора не магла набыць, а сёньня вось набыла”.

Юнак: “Я заўсёды стараюся пераводзіць беларускія рублі ў даляры. Бо курс даляра падвышаецца, і я так раблю”.

Спадар: “Спрабаваў украінскую грыўну знайсьці, але з гэтым вялікія праблемы, цяжка вельмі знайсьці”.

Карэспандэнтка: “Ці даводзілася набываць валюту?”

Юначка: “Я часьцей здаю. Але зараз сапраўды вельмі вялікая праблема — набыць валюту. Бо яе няма”.

Спадар: “Эўра няма. Заходзіў у розныя банкі — няма. Ёсьць праблема”.

Спадарыня: “Вось зараз набыла сто даляраў. Нейкія ходзяць чуткі, а таму пайшла і набыла”.

Юнак: “За рогам у „Беларусбанку“ даляраў няма, а вось тут набыў. Тут толькі курс продажу крыху вышэйшы. Чаму набываю? Бо здымаю кватэру, а тут напалохалі, што курс будзе высокі даляра. Вось вырашыў раней набыць”.

Карэспандэнтка: “Перш чым набыць, ці шукалі валюту?

Спадар: “Канечне, шукаў. Няма нідзе, не прадаюць ні ў якіх банках. Абяцаюць, што даляр будзе вельмі дарагі”.

Разам з тым банкаўскія работнікі не прызнаюць падвышанага попыту і перабояў з валютай. Да прыкладу, вось што кажа намесьніца кіраўніка філіі “Беларусбанку” на вуліцы Леніна Алена Навалоцкая.

Карэспандэнтка:“Ці часьцей людзі сталі набываць валюту?”

Навалоцкая: “Як звычайна”.

Карэспандэнтка: “Ці хапае валюты на ўвесь дзень?”

Навалоцкая: “Так, хапае. На некаторыя апэрацыі мы замаўляем валюту. А для продажу… Што ўносім, тое і прадаём”.

А вось што паведаміла касірка гэтага ж банку:

Карэспандэнтка: “Ці можна набыць валюту?”

Касірка: “Эўра — так, а даляры — не. Калі здаюць, то я прадаю, але іх адразу ж набываюць. То бок здаюць і адразу набываюць. Калі будуць — значыць, будуць, а калі не — то не”.

Станіслаў Багданкевіч
Новую хвалю ажыятажнага попыту на валюту камэнтуе былы кіраўнік Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч:

“Дэфіцыт гандлёвага балянсу адмоўны. Гэта азначае, што мы набываем больш, чым прадаём, і ня маем дастаткова выручкі, валюты. У гэтых умовах абавязкова адбываецца абясцэньваньне нацыянальнай валюты. Гэтага абясцэньваньня не адбылося толькі таму, што ёсьць агромістыя зьнешнія пазыкі. І каб не праводзіць дэвальвацыі, некаторыя рэсурсы ёсьць. І таму я ня ўпэўнены, што гэты ажыятаж апраўданы сёньня. Але аб’ектыўна нашаму ўраду неабходна больш займацца эканомікай, бо могуць быць неплацяжы ў будучыні”.
Гэтая дыскусія закрытая.
Камэнтары
     
Камэнтароў няма. Дадайце свой і будзьце першыя.