пятніца, 10 лютага 2012, Менск 10:41

Палітыка

АДС пачалі прэзыдэнцкую гонку

Сёньня кіраўнікі прэзыдыюму палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі правялі на сядзібе БНФ брыфінг для журналістаў. Падставай для яго сталі два рашэньні, якія яны прынялі сёньня ж. Першае — аб пачатку працэдуры абраньня адзінага кандыдата ад дэмсілаў на прэзыдэнцкія выбары. І другое — аб правядзеньні ўвосень Кангрэсу дэмакратычных сілаў.

ПАМЕР ШРЫФТУ - +

Працэдура абраньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты павінна быць зацьверджаная да 1 верасьня. З такой ініцыятывай прэзыдыюм палітрады зьвярнуўся да ўсіх апазыцыйных суб'ектаў. Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька кажа:

“Абраць аднаго кандыдата ў прэзыдэнты і прапанаваць працэдуру абраньня аднаго кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў — гэта не адно і тое ж. Але першага без другога не існуе. Напачатку трэба, каб усе дамовіліся і прызналі, што патрэбна адна агульная працэдура. І ў нас ёсьць досьвед — калі было пагадненьне, яно выконвалася.

Па-другое, пэрспэктыва выхаду на адзінага кандыдата залежыць ад пасьпяховасьці рэалізацыі праектаў “кіраваная дэмакратыя” і “кіраваная апазыцыя”. Калі гэты праект будзе пасьпяхова рэалізоўвацца, то выхад на адзінага кандыдата малаверагодны. І я гэта кажу дыпляматычна. Ён будзе немажлівы ў прынцыпе”.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч кажа, што насьпеў час перайсьці ад “абсмоктваньня таго, што сказаў той ці іншы эўрапейскі чыноўнік пра Беларусь, да абмеркаваньня таго, што насамрэч адбываецца ў краіне”. Спадар Івашкевіч кажа, што сёньня ніхто (уключна з Партыяй камуністаў Беларускай і рухам “За свабоду”) ня выступіў супраць таго, што на прэзыдэнцкіх выбарах павінен быць адзіны кандыдат:

“Гэта азначае, што над усімі развагамі аналітыкаў пра тое, што будуць дзесяць кандыдатаў, што яны пойдуць пяцьцю ці дзьвюма калёнамі, ставіцца кропка. Будзе адзін кандыдат.

І другое. Мы вырашылі абмеркаваць праект мэханізму вылучэньня адзінага кандыдата. І ў мяне просьба да аналітыкаў і журналістаў — паглядзець і даць свой камэнтар ня толькі з улікам мінусаў, якія яны знойдуць, але і з прапановамі. Мэханізм прадугледжвае, каб кандыдатам у прэтэндэнты ад АДС на пасаду прэзыдэнта мог стаць любы грамадзянін Беларусі, каб у вызначэньні яго мог удзельнічаць любы грамадзянін Беларусі. І каб той адзіны мог прадэманстраваць рэальную падтрымку жывых людзей”.

Сёньня ж Аб’яднаныя дэмсілы вызначылі двух журналістаў, якія “найбольш аб’ектыўна пісалі пра дзейнасьць АДС”. Гэта Генадзь Кесьнер (газэта “Новы час”) і Сяргей Пульша (БелаПАН).

Іх узнагародзілі вінчэстэрамі для кампутараў. Гэта тое, што, паводле прадстаўнікоў АДС, “найбольш патрэбна журналістам”.
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Drakakhrust Горад:: Praha
27.05.2009 18:24
За ўсю найноўшую гісторыю Беларусі ніводзін палітык ніколі не выступаў супраць таго, што на прэзыдэнцкіх выбарах ад апазыцыі павінен быць адзіны кандыдат. У прынцыпе. Асабліва калі гэтым адзіным будзе ён. Казулін у 2006 годзе, дарэчы, таксама ня быў супраць гэтага ў прынцыпе. Але на практыцы атрымлівалася па-рознаму.

Імя:: Сяржук
27.05.2009 18:55
хто-небудзь яшчэ верыць у гэтую прафанацыю?

Імя:: Саўка Горад:: Мінск
27.05.2009 20:24
Увогулле гэта мітусня - суцэльная дурнота. Няўжо, калі абяруць адзіным кандыдатам, скажам, Пупкіна, то я буду павінен за яго галасаваць. Падыходы 1991 года. Ён даўно мінуў. Сёння народ прагаласуе за таго, хто яму больш да спадобы. Хутчэй за ўсё - за Лукашэнку. А мо за некага трэцяга, хто застаецца пакуль у цені. Тузаніна па адпрацоўцы заходніх грошай у Беларусі не спрацуе. У гэтым сэнсе і Мілінкевічу двойчы ў раку не ўвайсці, і Казуліну. Астатнія - проста палітычны хлам. АДС! Як гучыць! У 90-я не было АДС, быў Пазняк і ўсё было ясна. Калі сёння грамадства не вылучыць на сцэну новага Пазняка - выбары прайграны. Але той пазняк павінен нарадзіцца патугамі грамадства, а не "дэмсілаў". Уявіце сабе сучасны Народны фронт. Сядзіць па-панскі на былой Варвашэні,8 (дарэчы сядзіба даведзена да заняпаду)і крычыць, што ён за народ. А дзе мітынгі, праграма, дзеянні? Вячоркінага сына забралі ў войска - крык. Хай паслужыць, як мы служылі і меншымі патрыётамі ад гэтага не сталі. А то за "бацькінага" Кольку - пясок у вочы, а за Франака - гвалт. Сорамна гладзець на ўсё гэта. Яшчэ і "Свабода" гэта тыражуе, заступаецца. Народ жа не быдла, усё бачыць.
А механізм? Ну які можа быць механізм вылучэння кандыдатаў пры дыктатуры? Ніякага. Дурня не знойдзецца пайсці шляхам Ганчара ці Казуліна. Заб'юць.
Таму калі не народзіцца малады пазняк трэба запрасіць старога. І баста. Яго не заб'юць і за яго народ прагаласуе. На сучасным этапе трэба распачаць збор подпісаў "Зянона на царства".

Імя:: скептык
27.05.2009 22:43
А што, той Ваш добры Пазняк, пры якім усё было так добра, нейкія выбары выйграў?

Імя:: Саўка Горад:: Мінск
28.05.2009 00:16
Скептыку.
Пазняк заўсёды выступаў супраць увядзення інстытута прэзідэнцтва на Беларусі і меў рацыю. Упэўнены, што калі б ён быў абраны, то яго меркаванне не змянілася б і ён прэзідэнцтва скасаваў бы. Што тычыцца яго перамог. Сёння маецца толькі адзін пераможца, які падмяніў Канстытуцыю, ў свой гонар перайменаваў праспект, і кіруе па сёння. Іншых пераможцаў у краіне няма. Пазняк жа перамог у думках беларусаў, у іх сэрцах, што куды галоўней. У Мінску пачалася будоўля маскоўскага квартала, ідзе каланізацыя краіны, знішчана культура, сродкі масавай інфармацыі і беларусы бачаць гэта. Яны гатовы супрацьстаяць разбурэнням, але няма з кім. Яны ведаюць, што Пазняк не будзе ганьбіць маральныя прынцыпы чалавецтва пагулянкамі і пазашлюбнымі дзецьмі, не будзе ўладкоўваць сваіх дзяцей на ключавыя пасады ў дзяржаве, не будзе будаваць лядовыя палацы ў якія можа трапіць толькі багаты чалавек, ён не будзе атручваць нацыю новым Чарнобылем, не будзе разбураць школу, не будзе саджаць дзяцей за краты. Народ выпакутаваў Пазняка і я ўпэўнены, што у гэтай сітуацыі Зянон Станіслававіч згодзіцца (дай Бог, каб згадзіўся)стаць нашым прэзідэнтам. Часова. Бо самым першым яго крокам будзе скасаванне самой пасады прэзідэнта.

Імя:: Sapieha
28.05.2009 01:01
Згажуся з выказваньнямі й сумневамі, што калі гурт людзей, якія назваюць сябе АДС вылучаць на кандыдата пэўнага Пупкіна, то адразу ўсе кінуцца за яго галасаваць. На дадзены момант, людзі, як і пры саветах, не ўспрымаюць партыяў, праграмаў, кампрамісных кандыдатаў, ці чагосьці падобнага, за 15 год можна было б гэта й заўважыць. Людзі прывучаныя ўспрымаць асобу, аднаго чалавека, можна нават сказаць правадыра, які б браў бы ўсю ўладу й адказнасьць на сябе. Таму трэба не вылучаць кампрамісныя, мяхкія кандыдытуры, а знайсьці сёняшняму кіраўніку асабістую альтэрнатыву ў выглядзе аднаго чалавека, якога ведаюць людзі. На маю думку Мілінкевіч вельмі вырас за гэтыя гады й можа быць такой асобай: яго ведаюць амаль усе (у адрозьняньні ад мажлівых зусім новых твараў, ці партыйных функціянэраў), цалкам супрацьлеглы у сваім інтэлігэнтным, культурным стылі паводзінаў сельскаму кіраўніку Лукашэнку, так сама іскравае адрозьненьне Мілінкевіча ў яго цярпімасьці й талерантнасьці да людзей, чаго цалкам няма ў сёньняшняга кіраўніка, пры гэтым не палохаецца гучна выказаць свае думкі й браць за іх адказнасьць. Канешні трэба адзначыць, што з пачатку "Мілінкевіча" як імя, зрабілі АДС і таму зараз патрабуюць ад яго. Але, калі ёсьць сапраўднае жаданьне штосьці зьмяніць у 2011 годзе, то на ўсё гэта трэба забыцца, і рэальна паглядзець на існуючую рэчаіснасьць - мацнейшага кандыдата за Мілінкевіча (з улікам усіх яго недахопаў) на жаль, ці на радасьць (як каму) на дадзены момант няма; Пазьняк да зьмены ўлады ня верніцца, кагосьці новага разкручваць можа быць позна...

Імя:: Сяржук
28.05.2009 12:53
Sapieha, пры гэтай уладзе не будзе сапраўдных выбараў, таму гэта пустая размова, каго на iх высоўваць. А вось якiм чынам будзе зьменена ўлада сказаць можна адназначна якiм яна зьменена не будзе: праз iхныя "выбары".

Імя:: Івась
28.05.2009 20:29
Калі б яны параіліся з народам,то магчыма і вызначылі кандыдата,які адпавядае інтарэсам многіх.Як гэта робіцца ўсім вядома.Ну каго можна назваць адзіным кандыдатам Казуліна,Мілінкевіча?Гэта мабыць і ня дрэнныя палітыкі,але ж трэба нехта такі,каб змог распаліць вялых беларусаў,прыцягнуць да сябе тых хто блытаецца ў гэтых партыях і арганізацыях,каб цвердымі,рашучымі прамовамі ўзбудзіў у людзей іх годнасць.Такія палітыкі есць.На мой погляд ім можа стаць Зянон Станіслававіч Пазьняк.У 1994 годзе людзі яшчэ жылі камуністычным мінулым і Пазьняка ўспрымалі як радыкальнага нацыяналіста,а ўсім хацелася назад у Саюз.Гэта было наіўна,але на гэта і зрабіў стаўку Лукашэнка,які перамог тактычна.
Цяпер усе інакш.Маладое пакаленне не ведае ніякіх "саюзаў",да і навошта яны ім,а камуністаў наогул не ўспрымаюць сур'езна.Сэрцы юных змагароў свабодныя і адкрытыя,і яны змогуць прыняць найбольш сталага,упэуненага і цвярозага кандыдата.
Зянон,на сучасным этапе,гэта самы вядомы і самы сумленны палітык,якога не трэба рэкламаваць.Яго праграма вядома ўсім ужо два дзесяткі год.Трэба разгарнуць кампанію па збору подпісаў у падтрымку яго кандыдатуры,а потым даць магчымасць выступіць з яскравымі прамовамі.Упэўнены,што пасля выбараў у 2011 годзе, усе б стала на свае месцы.Са спазненнем,але ж усталявалася б тая нацыянальная ўлада,якую памылкова адверглі ў 1994-м.
Цяпер -- толькі Зянон!!!Слава Беларусі!!!

Імя:: Димыч
30.05.2009 15:33
Таму калі не народзіцца малады пазняк трэба запрасіць старога. І баста. Яго не заб'юць і за яго народ прагаласуе. На сучасным этапе трэба распачаць збор подпісаў "Зянона на царства".


Вообще-то Позняк политический беженец в США. Приедет сюда- потеряет статус в США. К тому же по Закону он не имеет права баллотироваться. Сваше 10 лет прожил вне Беларуси. Так что кончайте вы ваши слезы по ПОзняку.:))